Расія набліжаецца да завяршэння будаўніцтва маштабнай шпіёнскай антэны ў Кёнігсбергскай вобласці, якая мяжуе з Польшчай, паведамляе інтэрнэт-выданне Niezalezna.pl.
«Такія ваенныя аб'екты ўмацоўваюць стратэгічную пазіцыю Расіі ў рэгіёне Балтыйскага мора і дазваляюць кантраляваць сувязь НАТА», — заявіў выданню афіцэр польскай ваеннай контрразведкі ў адстаўцы палкоўнік Марыюш Казлоўскі.
Палкоўнік адзначае, што дзякуючы гэтай антэне Расія зможа перахопліваць усе сігналы па радыё і па спадарожніку.
«Такія ваенныя аб'екты дазваляюць кантраляваць тое, што адбываецца ў камунікацыйнай прасторы НАТА. Больш за тое, расіяне могуць кантраляваць паветраны і марскі рух і ўплываць на сістэмы ранняга папярэджання краін НАТА, у тым ліку Польшчы», — адзначае былы афіцэр польскай контрразведкі. Ён падкрэслівае, што Кёнігсбергская вобласць — гэта моцна мілітарызаваны пункт Расійскай Федэрацыі ў Еўропе.
«Яна размешчана ў вельмі спецыфічным месцы: паміж краінамі Балтыі і Польшчай. Гэта нагадвае сітуацыю, быццам, у Польшчы створаная экстэрытарыяльная расійская зона, у якой расіяне могуць там рабіць усё, што заўгодна», адзначае Казлоўскі.
Будаўніцтва ваеннага аб'екта каля Чарняхоўска, размешчанага ўсяго ў 25 км ад польскай мяжы, з'яўляецца чарговай праявай агрэсіўнай палітыкі Крамля ў рэгіёне, - піша газета.
Да гэтага часу пабудавана шэсць канцэнтрычных кругоў дыяметрам 1600 метраў, прызначаных для сотняў антэнных мачтаў, а таксама пад'язныя дарогі да гэтага ваеннага аб'екта. Як адзначаюць эксперты ўкраінскай аналітычнай групы «Точный», такія сістэмы шырока выкарыстоўваліся падчас халоднай вайны.
Працы над ваенным аб'ектам у Кёнігсбергскай вобласці пачаліся ў сакавіку 2023 года каля Чарняхоўска, горада, вядомага размяшчэннем падземных ракетных пускавых установак, напісана на сайце niezalezna.pl.
яс