Беларуская Служба

Сітуацыя рухаецца да вайны. Эксперт: Гэтая ноч увойдзе ў гісторыю

10.09.2025 10:51
Эксперт Марэк Сверчынскі падкрэслівае, што гэтая ноч можа ўвайсці ў гісторыю, прадэманстраваўшы маштаб пагрозы бяспецы краіны.
      , 10  2025 .
Вайскоўцы на месцы ўдару беспілотніка ў Вырыках, 10 верасня 2025 г. PAP/Wojtek Jargiło

У ноч з аўторка на сераду польскую паветраную прастору неаднаразова парушылі расійскія беспілотнікі ў рамках масіраванага нападу на Украіну. Гэта прымусіла польскіх вайскоўцаў выкарыстоўваць абарончыя працэдуры і ваенны адказ. Паводле Rczeczpospolita, дронаў было больш за 20, верагодна — 23.

«Упершыню Польшча вырашыла па-ваеннаму адрэагаваць на пагрозу сваёй бяспецы, якая паўтараецца і абвастраецца. У адным з паведамленняў Аператыўнага камандавання гаворыцца пра акт агрэсіі. Да гэтага часу вайскоўцы не выкарыстоўвалі такую ​​фармулёўку, таму важна падкрэсліць, што адбылася змена ў ацэнцы сітуацыі», – каментуе здарэнне Марэк Сверчынскі, кіраўнік аддзела бяспекі і міжнародных спраў Polityka Insight.

Атака беспілотнікаў на Польшчу была выпадковай ці наўмыснай?

Ён дадаў, што гэтае пытанне патрабуе ўдакладнення, але, на яго думку, у вайскоўцаў ужо ёсць свае гіпотэзы. На пытанне пра парушэнне польскай паветранай прасторы беспілотнікамі ў аўторак вечарам падчас масіраванага расійскага ваеннага нападу на Украіну, Сверчынскі падкрэсліў, што незразумела, ці гэта было выпадковае здарэнне, ці наўмысны ўчынак.

«Мы не можам вызначыць, ці проста выйшаў з-пад кантролю рой расійскіх беспілотнікаў падчас чарговага масіраванага нападу на захад Украіны, ці гэта быў наўмысны ўчынак, прызначаны для праверкі Польшчы і Паўночнаатлантычнага альянсу. Гэтае пытанне патрабуе ўдакладнення, і ў вайскоўцаў, верагодна, ужо ёсць свае гіпотэзы», – адзначыў Марэк Сверчынскі.

Паводле слоў Сверчынскага, такая ацэнка сітуацыі можа быць звязана з яе маштабам – было больш за дзясятак парушэнняў паветранай прасторы. На думку эксперта, «мы знаходзімся паміж мірам і вайной». Ён падкрэсліў, што «як бы пагрозліва, злосна і жорстка гэта ні гучала, сітуацыя рухаецца да вайны». Сверчынскі нагадаў, што польскія ўлады, як ваенныя, так і цывільныя, доўгі час устрымліваліся ад выкарыстання ваенных сродкаў у сітуацыях, звязаных з парушэннем польскай паветранай прасторы.

«У чарговых інцыдэнтах мы займаліся ў першую чаргу супакойваннем настрояў, супакойваннем насельніцтва, а з іншага боку, тлумачылі, што закон не дазваляе выкарыстоўваць ваенныя сродкі. Тым не менш, гэтай ноччу закон альбо мусіў саступіць, альбо быў інтэрпрэтаваны такім чынам, што дазваляў выкарыстанне гэтай зброі», – адзначыў ён.

Упершыню Польшча ўжыла ваенную зброю ў мірны час

Паводле слоў эксперта, ваенныя сістэмы, сістэма абмену інфармацыяй паміж вышэйшымі органамі ўлады і саюзная сістэма функцыянавалі належным чынам. Ён адзначыў, што былі разгорнуты два авіяцыйныя кантынгенты, размешчаныя ў Польшчы – галандскі і нямецкі, была наладжана камунікацыя на ўзроўні прыняцця рашэнняў і палітыкі.

Паводле слоў эксперта, «пакуль што ўсё ідзе так, як нам хацелася б». Ён дадаў, што «фармальна мы ўсё яшчэ знаходзімся ў стане міру».

«Я б асцярожна спрабаваў заяўляць, што мы на парозе вайны, таму што нешта пераляцела нам на шляху, і мы вырашылі гэта збіць. Я не магу сказаць, наколькі блізкія мы да вайны прама цяпер», — сказаў Марэк Сверчынскі, кіраўнік аддзела бяспекі і міжнародных спраў Polityka Insight..

У аўторак вечарам Аператыўнае камандаванне Узброеных Сіл абвясціла, што падчас нападу Расіі на Украіну польскую паветраную прастору неаднаразова парушалі беспілотнікі. Былі распачатыя абарончыя працэдуры. Каля 7:40 раніцы Міністэрства абароны абвясціла аб заканчэнні паветраных аперацый, звязаных з парушэннямі польскай паветранай прасторы.

Міністэрства абароны на сваім афіцыйным сайце напісала пра «беспрэцэдэнтнае парушэнне польскай паветранай прасторы аб'ектамі тыпу беспілотнік» і «акт агрэсіі, які стварыў рэальную пагрозу бяспецы нашых грамадзян».

Паводле gazetaprawna.pl/вх