Брама Новага Шаўковага шляху ў Еўропу застаецца закрытай для кітайскіх тавараў. «Гэта форма ціску», – ацэньвае аналітык Інстытута Цэнтральнай Еўропы Енджэй Яндэр. Наколькі гэта эфектыўна? Меркаванні падзеленыя, піша эканамічны партал money.pl.
Па гэтым шляху перавозяцца мільёны кантэйнераў: 90% усіх чыгуначных перавозак паміж Еўропай і Кітаем. Паводле дадзеных Еўрастата, на піку ў 2021 годзе 4% кітайскіх тавараў траплялі ў Еўропу праз Малашэвічы, што складала 0,6% усяго сусветнага кітайскага экспарту. Сёння гэта каля 0,3%.
Менавіта на гэтыя дадзеныя звяртае ўвагу доктар Якуб Якубоўскі з Цэнтра ўсходніх даследаванняў.
- Ці з'яўляюцца яны глабальнай артэрыяй для кітайскага гандлю? Не, не зʼяўляюцца, – напісаў ён у каментарыі на платформе X.
Аналітык па Кітаі з Польскага інстытута міжнародных спраў Марцін Пшыходняк пагаджаецца з гэтым меркаваннем. У інтэрвʼю Польскаму агенцтву прэсы ён сцвярджаў, што адсутнасць функцыянуючага чыгуначнага транспартнага маршруту для кітайскіх тавараў у Еўропу мінімальна ўплывае на ўвесь кітайскі экспарт, і тым больш на эканоміку краіны. У той жа час ён падкрэслівае, што гэта значнае палітычнае пытанне для Кітая, звязанае з прэстыжам.
Дык наколькі эфектыўным будзе закрыццё тэрмінала ў Малашэвічах як форма ціску ў выпадку, калі яно не мае дастатковага эканамічнага ўплыву?
Якабоўскі падкрэслівае, што закрыццё мяжы з Беларуссю – гэта відавочны сігнал таго, што перад абліччам пагрозы бяспецы палякі гатовыя ахвяраваць сваімі эканамічнымі інтарэсамі. Магчыма, такім чынам яны зноў змогуць выкарыстоўваць Кітай, каб ён працаваў на іх карысць і ціснуў на ворагаў.
- Цяжка ўявіць, што Пекін адмовіцца ад сваёй цяперашняй стратэгіі, заснаванай на падтрымцы Расіі і Беларусі і ўцягванні Захаду ў вырашэнне праблем гэтага рэгіёну. Блакаванне гэтых чыгуначных злучэнняў не будзе мець дастатковага эканамічнага эфекту, каб змяніць сітуацыю. Аднак, калі б блакада працягвалася, я лічу, што Пекін зможа аказаць ціск на Беларусь, напрыклад, каб яна змякчыла і абмежавала сваю дзейнасць каля польскай мяжы, – лічыць Енджэй Яндэр.
Аналітык Цэнтра ўсходніх даследаванняў Якубоўскі лічыць, што адносіны з Масквой занадта важныя для Кітая, каб ставіць іх пад пагрозу з-за адносін з Польшчай.
- Але, магчыма, уцягнуўшы Кітай у гэтую справу, мы можам неяк прытупіць вастрыню агрэсіі з Усходу, – мяркуе ён.
На яго думку, гэты «рычаг» дастаткова моцны, каб запалохаць Лукашэнку (як гэта было ў мінулым годзе), які баіцца рэакцыі Пекіна. Акрамя таго, гэтыя цягнікі значна больш значаць для беларускага эканомікі, чым для польскай, лічыць Якуб Якубоўскі.
money.pl/ав