Палітолаг Роза Турабекава займаецца даследаваннем беларуска-расійскіх адносін і праекта «саюзнай дзяржавы», сваімі высновамі яна падзялілася падчас Кангрэсу даследчыкаў Беларусі ў Берліне.
Беларусь як саюзнік Расіі: пратэктарат ці суверэнная дзяржава?
Роза Турарбекава звяртае ўвагу, што новы этап беларуска-расійскіх адносін пачаўся не ў 2020 годзе, як шмат хто пра гэта гаворыць, звязваючы пратэсты і фактар Расіі, а ў 2018-м, па ініцыятыве Расіі, якая прапанавала так званы «апгрэйд» саюзнай дзяржавы. Гэта выявілася ў стварэнні 28 «дарожных карт», што тычыліся эканамічнай і адміністрацыйнай інтэграцыі.
Перамовы праходзілі складана, і з першапачатковай ідэі 31 карты тры, якія тычыліся палітычнай інтэграцыі, былі выключаныя.
«Ключавым момантам стала падпісанне праграмы рэалізацыі саюзнай дамовы паміж Лукашэнкам і Пуціным 4 лістапада 2021 года. Гэта адбылося ў абмен на дапамогу Расіі ў падаўленні пратэстаў у Беларусі. Важна адзначыць, што гэты дакумент не прайшоў агульнанацыянальнага абмеркавання і не быў ратыфікаваны парламентам, проста быў падпісаны план «Праграма па рэалізацыі саюзнай дамовы», — нагадвае экспертка.
Менавіта таму беларускія дэмакратычныя сілы не прызнаюць легітымнасць гэтага дакумента.
У выніку былі створаны наддзяржаўныя структуры: падатковы і мытны камітэты. У сферы падаткаў Лукашэнка пусціў расіян у сферу кантролю над ускоснымі падаткамі, у мытнай сферы сітуацыя яшчэ горшая: фактычна, мытная прастора Беларусі і Расіі стала адзінай, і кантроль над таварамі, якія ўвозяцца ў Беларусь, ажыццяўляецца з боку Масквы.
«Тут можна казаць пра здачу часткі суверэнітэту», — падкрэслівае палітолаг.
Санкцыі і іх наступствы для Беларусі
Пытанне міжнароднай ізаляцыі Беларусі застаецца вельмі балючым. Санкцыі, уведзеныя ЕС, ЗША, Канадай і Японіяй, мелі на мэце абмежаваць рэжым, але ў той жа час моцна ўдарылі па беларускай эканоміцы і грамадстве. У экспертным асяроддзі няма адзінага меркавання, ці дасягнулі санкцыі сваёй мэты – аддзяліць рэжым ад народа і пакараць яго.
«Як прыклад, экспарт калійных угнаенняў. Беларускі калій трапіў пад санкцыі, а расійскі – не, хоць Расія зʼяўляецца агрэсарам у вайне. Гэта ставіць лагічныя пытанні, на якія няма адназначнага адказу.
Да таго ж, удзел Беларусі ў вайне носіць частковы характар: была прадастаўлена тэрыторыя і інфраструктура, але беларуская армія не ўдзельнічала ў баявых дзеяннях супраць Украіны. І гэта таксама выклікае пытанні пра тое, наколькі сурʼёзным быў саўдзел Беларусі ў параўнанні з агрэсіяй Расіі», — гаворыць Роза Турарбекава.
Ідэалагічны ўплыў і супраціў беларускіх уладаў
Другі інтэграцыйны план, які рэалізуецца з 2024 па 2026 год, ахапіў такія сферы, як культура, адукацыя, ахова здароўя і інфармацыйная палітыка – тое, што мы называем soft power. Гэта прывяло да больш інтэнсіўнага распаўсюджвання расійскіх ідэалагічных і гістарычных наратываў у Беларусі.
Тым не менш, з боку беларускіх уладаў назіраецца абмежаваны энтузіязм адносна гэтых праектаў:
- Ідэі еўразійства не былі прынятыя на афіцыйным узроўні.
- Сумесныя падручнікі па гісторыі выкарыстоўваюцца як факультатыўныя, а не як асноўныя.
- Ініцыятыва Дзмітрыя Мядзведзева сумесна адзначаць падзелы Рэчы Паспалітай была праігнараваная.
- У падручніках па гісторыі для школ Кастусь Каліноўскі застаўся як нацыянальны герой, хаця і ў вельмі стрыманых фармуліроўках.
- У цэлым, канцэпцыя заходнерусізму не прайшла на афіцыйным узроўні.
«Усе гэтыя фактары дазваляюць нам працягваць размову пра Беларусь як пра суверэнную дзяржаву, якая яшчэ не канчаткова страціла сваю субʼектнасць», — заўважае Турарбекава.
Супраціў беларускай гістарычнай палітыкі
Нягледзячы на каардынаваную гістарычную палітыку і стварэнне сумесных падручнікаў для школ і ўніверсітэтаў, беларускія гістарычныя наратывы захоўваюцца ў навучальных праграмах. Гэта можна расцэньваць як прыкметы ўнутранага сабатажу, мяркуе Турарбекава. Пакуль маніторынг паказвае, што гэты працэс застаецца нязменным.
Вайскова-палітычная інтэграцыя і пагроза суверэнітэту
«Найбольш сурʼёзнай праблемай у беларуска-расійскіх адносінах зʼяўляецца вайскова-палітычная інтэграцыя. Існуюць дзве галоўныя прыкметы гэтага.
- Стварэнне рэгіянальнай групоўкі войскаў, у якую ўваходзіць уся беларуская армія і часткі расійскай. Механізмы прыняцця рашэнняў і камандавання гэтай групоўкай застаюцца непразрыстымі.
- Дагавор аб гарантыях бяспекі, прыняты ў канцы 2024 года. Ён дае Расіі магчымасць уводу войскаў у Беларусь у выпадку «пагрозы канстытуцыйнаму ладу» або «тэрытарыяльнай цэласнасці».
Гэта нагадвае пагадненні савецкай эпохі з краінамі сацыялістычнага лагера. Гэты дагавор таксама шырока тлумачыць магчымасць выкарыстання тактычнай ядзернай зброі, размешчанай на тэрыторыі Беларусі, што ўяўляе пагрозу не толькі для рэгіёна, але і для ўсёй Еўропы. Размяшчэнне сістэмы «Арэшнік» у Беларусі зʼяўляецца часткай плана Крамля па стварэнні ядзернай пагрозы для Еўропы», — кажа палітолаг.
Супраціў Лукашэнкі расійскай экспансіі
Рыторыка Лукашэнкі збольшага прарасійская, што ставіць пад пытанне яго самастойнасць. Аднак ён супраціўлецца палітычнай інтэграцыі, паколькі гэта пагражае ўжо яго асабістай уладзе. На сустрэчы з чальцамі Дзяржаўнай Думы і Савета Федэрацыі ён выказаў скепсіс наконт далейшай інтэграцыі, бо, верагодна, ужо ідуць перамовы аб трэцім інтэграцыйным плане, які мае ахапіць менавіта палітычную сферу.
Лукашэнка прыярытэтам лічыць захаванне асабістай улады і кантролю, то бок і незалежнасці Беларусі. У такім кантэксце можна сказаць, што яго прыватныя інтарэсы супадаюць з нацыянальнымі мэтамі Беларусі. Такая сітуацыя дазваляе заходнім палітыкам і дыпламатам разглядаць магчымасць надання яму «поля для манеўру», каб ён мог дыстанцыявацца ад Крамля, звяртае ўвагу палітолаг.
Кітай як «другі полюс» беларускай знешняй палітыкі
У выніку ізаляцыі з боку Еўропы і ЗША, Кітай разглядаецца рэжымам Лукашэнкі як адзіны магчымы балансір Расіі. Аднак сітуацыя не такая простая, як яе транслюе беларуская прапаганда.
Уплыў Кітая ў Беларусі ў асноўным эканамічны. Ён менш агрэсіўны ў параўнанні з расійскім. Аднак абʼёмы гандлю з Кітаем (7 мільярдаў долараў) значна меншыя, чым з Расіяй (50 мільярдаў). Таксама сальда гандлю з Кітаем адмоўнае, у той час як з Еўропай было станоўчым.
Нягледзячы на афіцыйны статус «стратэгічнага партнёрства на любое надворе», Беларусь не зʼяўляецца для Кітая сапраўдным стратэгічным партнёрам.
«Першы тэзіс аб тым, што Кітай можа служыць трэцім гульцом, нарадзіўся менавіта ў кантэксце канфлікту з Расіяй наконт газу ў 2004 ці 2005-2006 годзе. У гэты час Лукашэнка здзейсніў першы вялікі візіт у Кітай і паспрабаваў разыграць гэта як палітычную карту, каб паказаць Маскве, што я магу, я знаходжуся не толькі паміж вамі і Еўропай, у мяне ёсць яшчэ некаторыя опцыі.
Вось яно — маё поле для манеўру. Мне здаецца, для Лукашэнкі канстанта — менавіта поле для манеўру. Усё астатняе не з'яўляецца канстантай. Ні прывязкі ні да сістэмы каштоўнасцяў, ні да ідэалогіі, ні да дакументаў, ні да чаго. Вось толькі поле для манеўру. І гэтае поле для манеўру для яго, мне здаецца, самае важнае, што ёсць.
Ён добра прыярытызуе свае пагрозы. Як было ў выпадку 2020-2021 год. Была пагроза пратэсту, унутраная пагроза. На гэтым фоне можна было дазволіць Расіі выкарыстоўваць тэрыторыю, у тым ліку і для нападу на Украіну. Але як толькі зʼявіцца магчымасць, то хоць крыху будзе дыстанцыявацца ад Расіі, хаця гэта вельмі складана зрабіць у цяперашніх умовах, амаль немагчыма. Літаральна, агенты рускага міру знаходзяцца ўсярэдзіне кіраўніцтва.
А Качанава зʼяўляецца адным з самых высокапастаўленых правадыроў ідэалогіі рускага свету», — дзеліцца сваімі назіраннямі палітолаг Роза Турарбекава.
У цэлым, жаданне рэжыму Лукашэнкі выкарыстоўваць Кітай як «другі полюс» знешняй палітыкі пакуль застаецца толькі жаданнем. Сапраўднага балансу і дыверсіфікацыі не адбылося. Лукашэнка выкарыстоўвае такія кантакты для атрымання «поля для манеўру» і ўзмацнення сваіх пазіцый у перамовах з Крамлём.
вх