Беларуская Служба

Захарава назвала кіраўніка МЗС Польшчы «Усамай бін Сікорскім», а ён кіраўніка МЗС Расіі – «Сяргеем Гебельсам»

24.10.2025 17:10
У інтэрнэце разгарэлася перапалка паміж прэс-сакратаром МЗС Расіі і міністрамі замежных спраў Польшчы ды Венгрыі. 
-
Прэс-сакратар расійскага МЗС Марыя ЗахараваShutterstock/Nikolay Androsov

У Будапешце мела адбыцца сустрэча Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа, якая ў выніку была адкладзеная. Пуцін знаходзіцца ў вышуку Міжнароднага крымінальнага суда за злачынствы, здзейсненыя ва Украіне. А гэта азначае, што самалёт Пуціна, калі б пралятаў над ЕС, мог бы быць пасаджаны з мэтай арышту расійскага дыктатара. Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў сацсетках напісаў, што Польшча не можа даць гарантый адносна таго, што лайнер з Пуціным на борце не будзе пасаджаны па рашэнні польскага суда, піша партал Interia. 

У сераду міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта адказаў на пост Сікорскага. Ён запытаў у сацсетках, ці «гэта той самы суд, які звольніў тэрарыста за падрыў нафтаправоду «Паўночны паток-2». Маецца на ўвазе асоба ўкраінца Уладзіміра Жураўлёва, які падазраецца ў падрыве і якога польскі суд адмовіў перадаваць Германіі.

Сікорскі напісаў на платформе X, што «ганарыцца польскім судом, які пастанавіў, што падрыў інфраструктуры захопніка не з'яўляецца злачынствам». «Больш за тое, я спадзяюся, што ваш суайчыннік, маёр «Мадзьяр» (псеўданім камандуючага Сіламі беспілотных сістэм Украіны Роберта Броўдзі, які мае венгерскае паходжанне – рэд.), знішчыць нафтаправод («Дружба» – рэд.), які працуе на Пуціна, а вы зможаце атрымліваць нафту праз Харватыю», – напісаў Сікорскі.

У дыскусію ў сацсетках умяшалася прэс-сакратар МЗС Расіі Марыя Захарава. «Якую яшчэ грамадзянскую інфраструктуру, з пункту гледжання Усамы бін Сікорскага, трэба знішчыць?» – напісала яна.

«Сапраўды, Марыя Захарава? Вы апусціліся на дно. Сяргей Гебельс. Бачыце, абразіць лёгка, але вы траціце час, і бачна, што ў вас здаюць нервы», – напісаў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі на платформе X, рэагуючы на пост Захаравай.

Раней міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў адрэагаваў на чуткі пра магчымае затрыманне самалёта з Пуціным на борце. «Я чуў, што спадар Сікорскі пагражаў пасадзіць самалёт прэзідэнта Пуціна, калі ён апынецца ў польскай паветранай прасторы», – сказаў ён. Міністр замежных спраў Расіі заявіў таксама, што «палякі гатовыя да тэрарыстычных дзеянняў».

вс