Беларуская Служба

Гарачыя дэбаты ў Еўрапарламенце вакол міграцыйнага пакта, Польшча і Чэхія просяць вызваліць ад абавязку перасялення мігрантаў

13.11.2025 11:53
Еўрапейскі парламент абмяркоўвае міграцыйны пакт, які, як чакаецца, уступіць у сілу ў сярэдзіне наступнага года. Польшча просіць поўнага вызвалення ад абавязку перасялення мігрантаў.
Аўдыё
  • Гарачыя дэбаты ў Еўрапарламенце вакол міграцыйнага пакта, Польшча і Чэхія просяць вызваліць ад абавязку перасялення мігрантаў
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Fishman64/Shutterstock

Прафесар Каміль Заянчкоўскі кажа, што ў Еўрапейскім саюзе маюць месца тэндэнцыі, якія цалкам зменяць міграцыйную палітыку.

Пакт аб міграцыі, які выклікаў спрэчкі ў многіх дзяржавах-членах ЕС, прадугледжвае падтрымку краін, непасрэдна пацярпелых ад міграцыйнага крызісу. Дзяржавы-члены ЕС маюць выбар паміж прыняццем перамешчаных мігрантаў, аказаннем фінансавай падтрымкі або дапамогай у падтрыманні бяспекі сваіх межаў.
Польшча падала афіцыйны запыт у Еўрапейскую камісію аб поўным вызваленні ад механізму салідарнасці ў рамках міграцыйнага пакта ЕС. Заяўка чакае разгляду Еўрапейскай камісіяй.

Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марцін Кервінскі, адзначыў, што Польшча даўно выступае супраць механізмаў перамяшчэння. Ён падкрэсліў, што краіна нясе велізарныя выдаткі, звязаныя з абаронай межаў Еўрапейскага саюза, і таксама прымае ваенных бежанцаў з Украіны.

Чэхія, як і Польшча, папрасіла Еўракамісію выключыць яе з механізму салідарнасці ў рамках міграцыйнага пакта ЕС. Раней Брусель аднёс абедзве краіны да тых, хто змагаецца з сур'ёзным міграцыйным ціскам. Гэта, у сваю чаргу, дазваляе прэтэндаваць на вызваленне ад прыёму мігрантаў па сістэме рэлакацыі.

У пераліку на колькасць насельніцтва Чэхія прыняла найбольш уцекачоў з Украіны, якія пакінулі сваю краіну пасля расейскай агрэсіі. Паводле актуальных дадзеных, пад часовай абаронай у Чэхіі знаходзяцца больш за 397 тысяч грамадзян Украіны. «У адпаведнасці з прынятымі прынцыпамі, мы прапануем, каб Чэхія была цалкам вызваленая ад удзелу ў механізме салідарнасці», – заявіў міністр унутраных спраў Віт Ракушан. Новы ўрад Андрэя Бабіша, які фарміруецца ў Чэхіі, у сваім праекце праграмнай дэкларацыі заявіў аб поўнай адмове ад міграцыйнага пакта.

Еўрапейская камісія раней паведамляла, што Польшча, разам з Балгарыяй, Чэхіяй, Эстоніяй, Харватыяй і Аўстрыяй, сутыкаецца са значным прытокам мігрантаў і можа падаць заяву на поўнае або частковае вызваленне ад гэтага абавязку.

Канчатковае рашэнне па гэтым пытанні належыць дзяржавам-членам. Патрабуецца большасць галасоў.

Прафесар Каміль Заянчкоўскі падкрэсліў, што для польскага ўрада гэта тактычны поспех:

«З кароткатэрміновай перспектывы, з перспектывы тут і цяпер для польскага ўраду, які звычайна дзейнічае ў кароткім часе з аглядкаю на апытанні грамадскай думкі, гэта – поспех. Што Польшча трапіць у гэты кошык, можна было прадбачыць, зыходзячы з таго, якую дапамогу мы аказалі і колькі людзей прынялі з Украіны. Аднак істотна і важна тое, што ў доўгатэрміновай перспектыве гэта не вырашае праблемы мігрантаў, – адзначыў эксперт. – Міграцыйны пакт прадугледжвае прынцып рэлакацыі, гэта значыць салідарнасці. Вы таксама можаце скарыстацца тым, што мы не прымеце бежанцаў, але тады павінны плаціць адпаведна. А гэта фінансавая салідарнасць ці альтэрнатыўныя меры».

Прафесар Каміль Заянчкоўскі дадаў, што палітычная сітуацыя ў Еўропе можа прывесці да зменаў у міграцыйнай палітыцы. У 2027 годзе ў Францыі адбудуцца выбары. Палітычна нявызначаная сітуацыя ў краінах Бенілюкса, асабліва ў Бельгіі, звяртае ўвагу эксперт:

«Міграцыйны пакт быў прыняты, калі мы мелі праблемы з міграцыяй з Поўдня – найперш з Блізкага Усходу, Паўночнай Афрыкі. А цяпер, калі мы гаворым пра міграцыю, то гэта тычыцца Усходу. І часта гэта інструмент палітычны, інструмент прымусу. Цяпер мы дакладна ведаем, што гэта зброя, якой распараджаецца Лукашэнка і Пуцін, а раней прэзідэнт Турцыі Эрдаган граў такой жа міграцыйнай картай у адносінах з Еўрасаюзам».
Паводле палітолага, магчыма, што ў будучыні зʼявіцца група краін, якія зменяць сваю міграцыйную палітыку, тым больш што крытыка на яе адрас паступіла нават ад нямецкіх уладаў.

«Канцлер Фрыдрых Мерц размаўляе амаль на мове «Альтэрнатывы для Германіі» (правая партыя AFD, – рэд.), калі гаворка ідзе пра міграцыйныя пытанні», – адзначыў ён.

«Сама Еўрапейская камісія не мае ўяўлення, як вырашыць гэтае пытанне. Бо гэта не толькі пытанне бежанства, рэлакацыі, аператыўнай падтрымкі. Гэта пытанне інтэграцыі мігрантаў. Я заўсёды паўтараю, што ключавы момант – прыём мігрантаў, якія будуць служыць развіццю Еўрапейскага саюза, а гэта абсалютна іншае пытанне, чым дзесяць гадоў таму, калі дыскусія пра міграцыйны пакт распачалася ў Еўрапейскім саюзе», – звярнуў увагу прафесар Каміль Заянчкоўскі.

У сваім звароце да дэпутатаў Еўрапарламента камісар ЕС па пытаннях міграцыі Магнус Брунер паўтарыў, што міграцыя застаецца адной з найважнейшых праблем, з якімі сутыкаецца ЕС:

«З усіх праблем, з якімі мы сутыкаемся ў Еўропе, няхай гэта будзе войны на нашых межах ці неабходнасць падтрымкі ўстойлівай эканомікі, міграцыя застаецца ў спісе прыярытэтаў», – сказаў ён. Ён падкрэсліў, што многія грамадзяне адчуваюць «расчараванне з-за таго, што нашы правілы ігнаруюцца і што многія людзі, якія не маюць патрэбы ў абароне, прыбываюць і застаюцца». Паводле яго слоў, найважнейшая задача для еўрапейскіх інстытутаў і нацыянальных урадаў – «аднавіць давер паміж дзяржавамі-членамі, каб мы маглі функцыянаваць у рамках адной агульнай сістэмы, і паміж грамадзянамі і іх урадамі, каб яны маглі аднавіць кантроль над межамі і сістэмамі прытулку».

вх