Беларуская Служба

Прэзідэнт Караль Наўроцкі: Адносіны паміж Польшчай і Украінай павінны быць сіметрычнымі

18.11.2025 11:11
Польскі прэзідэнт паўтарыў сваё запрашэнне прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму наведаць Польшчу.
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкіprezydent.pl/Mikołaj Bujak/KPRP

Прэзідэнт Караль Наўроцкі ў інтэрв'ю выданню «Do Rzeczy» распавёў пра тое, як ён бачыць месца Польшчы ў Еўрапейскім Саюзе і сваю ўласную ролю. «Я разумею сваю ролю – ролю прэзідэнта Польшчы, не як таго, хто ставіць пад сумнеў прысутнасць Польшчы ў Еўрасаюзе, а як лідара, які, зыходзячы з досведу краін рэгіёну, нашых адчуванняў і нашых эмоцый, будзе будаваць моцную пазіцыю Польшчы ў рамках Еўрасаюза, прыслухоўваючыся таксама да тых краін, якія папярэджвалі аб найбуйнейшых крызісах у ЕС», – сказаў прэзідэнт.

Паводле яго, калі б заходнееўрапейскія лідары прыслухаліся да галасоў гэтых краін і хаця б дазволілі адкрытую дыскусію, многіх крызісаў у Еўрапейскім Саюзе ўдалося б пазбегнуць.

«Магчыма, нават не было б вайны ва Украіне, таму што не было б «Nord Stream 2» і не было б мільярдаў еўра, якія ўліваліся ў Расійскую Федэрацыю. Проста ніхто не хацеў пра гэтага чуць», – сказаў Караль Наўроцкі.

Паводле яго, Польшча імкнецца стаць лідарам у Еўрапейскім Саюзе, а таксама лідарам у трансатлантычных адносінах паміж ЕС і Злучанымі Штатамі Амерыкі.

«Вось як я бачу сваю ролю – вывесці Еўрапейскі Саюз з цяперашняга крызісу і абудзіць тых, хто зрабіў столькі памылак. Усё гэта для таго, каб зрабіць ЕС мацнейшым, таксама дзякуючы нашай актыўнасці і нашаму вопыту», – адзначыў польскі прэзідэнт.

Паводле Караля Наўроцкага, калі гаворка ідзе пра адносіны паміж Польшчай і Украінай, то яны павінны быць сіметрычнымі.

«Мой падыход да адносін з Украінай такі ж, як і з іншымі нашымі партнёрамі. Я разлічваю на сіметрыю ў нашых адносінах, і мы павінны вярнуцца да гэтай сіметрыі. Польшча падтрымлівала і працягвае падтрымліваць Украіну фінансава, ваенна і лагістычна. Гэта наш доўгатэрміновы, стратэгічны інтарэс. Аднак гэтыя адносіны не павінны негатыўна ўплываць на палякаў. І гэта адзінае, чаго я чакаю ад прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага – сіметрычна разглядаць нашы адносіны», – падкрэсліў прэзідэнт Наўроцкі.

Ён паўтарыў сваё запрашэнне прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму наведаць Польшчу.

«Спадзяюся, ён будзе маім госцем у Варшаве. Запрашаю прэзідэнта Зяленскага сустрэцца з украінцамі ў Польшчы, падзякаваць палякам і прывезці добрыя навіны адносна эксгумацыі на Валыні, якіх мы чакаем», – дадаў кіраўнік польскай дзяржавы ў інтэрв’ю выданню «Do Rzeczy».

аз

«Do zobaczenia Karolku» – паліцыя праводзіць разбіральніцтва з-за пагрозаў на адрас прэзідэнта Наўроцкага

15.11.2025 14:28
Паводле інфармацыі варшаўскай паліцыі, цяпер вядзецца разбіральніцтва ў сувязі з паведамленнем на платформе X, якое нібыта ўяўляла сабой пагрозу на адрас прэзідэнта Караля Наўроцкага.