Беларуская Служба

Польскі аглядальнік: «Мірны план» — гэта змова супраць Украіны на 28 пунктаў

21.11.2025 13:02
За планам стаяць два махінатары, якія праследуюць уласныя інтарэсы, і спрабуюць скарыстацца момантам, піша штодзёнка «Gazeta Wyborcza».
       ,
Выступ амерыканскага прадстаўніка падчас пасяджэння Рады Бяспекі ААН, прысвечанага падтрыманню міру і бяспекі УкраіныPA/SARAH YENESEL Dostawca: PAP/EPA.

Аўтары спадзяюцца, што змова будзе паспяховай, бо, на іх думку, Дональд Трамп і Уладзімір Зяленскі знаходзяцца ў цяжкім становішчы, піша штодзёнка «Gazeta Wyborcza».

Прэзідэнт ЗША аслаблены скандалам Эпштэйна, што прывяло да рэзкага падзення яго папулярнасці. Трампу патрэбны значны поспех. У ідэале, у чацвер, на Дзень падзякі. Чакаецца, што Украіна пагодзіцца на «мірны план» да 27 лістапада, каб амерыканцы маглі ганарыцца сваім лідарам падчас святочнай вячэры. Зяленскі апынуўся ў цэнтры непрыемнага карупцыйнага скандалу, апроч таго ўскладнілася сітуацыя на фронце.

За планам стаяць два махінатары, якія праследуюць уласныя інтарэсы, і спрабуюць скарыстацца момантам, піша выданне. З расійскага боку гэта бізнесмен Кірыл Дзмітрыеў, які, хоць і пачатковец у дыпламатыі, спрабуе зрынуць міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова. З амерыканскага боку — Стывен Віткоў, таксама спецыяліст па бізнесе, а не дыпламат, які таксама імкнецца падседзець дасведчанага кіраўніка Дзяржаўнага дэпартамента Марка Рубіа.

Абодва, відавочна, дзейнічаюць пад ціскам з Крамля, бо амерыканец ужо шмат разоў дэманстраваў сваю крайнюю некампетэнтнасць, хутка напісалі «план», які можа быць прымальным для трэцяга ўдзельніка гульні — Уладзіміра Пуціна. Калі ён прыме прапанову, а чаму б і не, ён будзе пераможцам, а Трамп дасягне поспеху. Віткоў і Дзмітрыеў атрымаюць свае бонусы. У выніку ў пастцы апынецца толькі Украіна.

Пра гэта сведчыць апошні пункт 28: спыненне агню адбудзецца не пасля таго, як бакі прымуць пагадненне, а толькі пасля таго, як украінская армія выведзе свае войскі з тэрыторый з Данбаса, якія Расія прызнае сваімі, якія расіяне яшчэ не захапілі. У пункце 10 гаворыцца, што ЗША павінны быць гарантам бяспекі Украіны ў абмен на грошы. Аднак, калі б украінцы напалі на Расію, тады гарантыі знікнуць, і ў Пуціна будуць развязаныя рукі.

Такую здзелку нельга заключыць з расіянамі, папярэджвае выданне. Яны лёгка паўтараюць трук 1939 года, калі самі расстралялі сваіх памежнікаў, каб потым заявіць, што на іх напала Фінляндыя. Гэтаксама яны самі далі сабе падставу для ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе, крычучы, што суседняя краіна напала на Луганскую і Данецкую «народныя рэспублікі».

юл