Беларуская Служба

Уладзімір Пуцін – закладнік уласнай вайны. Чаму ён не можа спыніць канфлікт сёння?

27.11.2025 13:45
Шмат сведчыць аб тым, што спыненне вайны з Украінай прынясе Уладзіміру Пуціну выключна праблемы, канстатуюць аглядальнікі.
Уладзімір ПуцінPAP/EPA/ALEXANDER KAZAKOV / SPUTNIK / KREMLIN POOL

Няма ніякіх прыкмет таго, што расійскі дыктатар у бліжэйшы час зменіць сваё меркаванне і сустрэнецца з прэзідэнтам Украіны. Адкуль у яго ўпартае нежаданне завяршыць самы крывавы канфлікт у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны?, задумоўваецца Rzeczpospolita.

Што чакае Уладзіміра Пуціна пасля заканчэння вайны з Украінай?

«Заканчэнне спецыяльнай ваеннай аперацыі (як Расія афіцыйна называе вайну супраць Украіны – рэд.) можа аслабіць эфект «аб'яднання вакол сцяга» і «размарозіць» цэлы шэраг праблемных пытанняў. Сацыяльныя пытанні стануць значна больш залежнымі ад стану эканомікі, чым цяпер», – канстатуе ў сваёй справаздачы, звязаная з Крамлём кансалтынгавая кампанія Minchenko Consulting, якую ўзначальвае вядомы расійскі палітолаг Яўген Мінчанка.

Цэнтр мяркуе, што спыненне вайны можна разглядаць толькі непасрэдна перад выбарамі ў Думу (якія адбудуцца ў верасні 2026 года), каб «стварыць значны, пазітыўны кароткатэрміновы эфект». З іншага боку, ён папярэджвае, што, на думку многіх расійскіх экспертаў, спыненне вайны «да выбараў здыме табу з многіх адчувальных пытанняў і можа парушыць перадвыбарчую падрыхтоўку».

«Кожная вайна абʼядноўвае нацыю вакол яе лідара. Прапаганда павысіла ўзровень патрыятызму і чаканняў, звязаных з гэтым канфліктам», – кажа ў размове з выданнем Rzeczpospolita былы член расійскага ўрада, зараз апазіцыйны актывіст прафесар Уладзімір Панамароў.

«Пуціну давялося б адказаць на складаныя пытанні. Напрыклад, чаму мільён расіян быў забіты і паранены? (…) Гэтыя пытанні будуць задаваць у першую чаргу салдаты, якія вернуцца з фронту, і некаторыя палітычныя эліты, звязаныя з блокам улады», – дадаў эксперт.

Паводле яго, для Пуціна важна, каб канец вайны ўспрымаўся расіянамі як «перамога»

«Акрамя таго, ён імкнецца да адной са сваіх першапачатковых мэтаў – ліквідацыі субʼектыўнасці Еўропы на міжнароднай арэне. Пуцін не бачыць месца для абʼяднанай Еўропы на будучай карце свету. «Ён хоча падзяліць свет з Кітаем і Злучанымі Штатамі Дональда Трампа», – лічыць Панамароў.

Між тым, эксперты Minchenko Consulting таксама звяртаюць увагу на яшчэ адну праблему – пасля спынення ваенных дзеянняў Крэмль сутыкнецца з сурʼёзнай праблемай не толькі ў аднаўленні разбураных вайной акупаваных рэгіёнаў Украіны, але і ў арганізацыі там «новай сістэмы кіравання». Расіі давядзецца будаваць дарогі, бальніцы, школы і іншыя дзяржаўныя ўстановы, што будзе каштаваць мільярды долараў. Гэта будзе значнай нагрузкай на расійскую эканоміку, якая ў цяперашні час рухаецца ў асноўным дзякуючы ваеннай прамысловасці і перажыве сурʼёзны шок пасля заканчэння вайны.

Эксперты з Маскоўскага цэнтра Карнегі таксама нядаўна звярнулі ўвагу на праблемы, з якімі сутыкнецца расійская эканоміка пасля вайны. «Расія затрымалася ў «пастцы застою» з нізкімі тэмпамі росту і хранічнымі ўнутранымі хваляваннямі. Спробы хутка скараціць выдаткі, калі яны будуць мець месца, скончацца крахам», – перасцерагаюць яны.

Уладзімір Пуцін павінен браць пад увагу закулісную барацьбу паміж сваімі патэнцыйнымі пераемнікамі

Дадаткова, Уладзімір Пуцін таксама павінен браць пад увагу закулісную барацьбу паміж сваімі патэнцыйнымі пераемнікамі, спіс якіх ператасавала вайна. Сёння ў спісе няма такіх прозвішчаў, як былы прэмʼер Дзмітрый Мядзведзеў, былы міністр абароны Сяргей Шайгу ці спікер Дзяржаўнай думы Вячаслаў Валодзін.

У кантэксце найбольш верагодных пераемнікаў Пуціна эксперты ўсё часцей называюць 53-гадовага Аляксея Дзюміна, былога целаахоўніка дыктатара, якога Пуцін прызначыў у мінулым годзе на пасаду сакратара Дзяржаўнага савета. Сярод галоўных фаварытаў Пуціна таксама застаюцца мэр Масквы Сяргей Сабянін і віцэ-прэмʼер Дзмітрый Патрушаў.

аз

Расійская дыверсія на чыгунцы: «Калі адхіленні стануць руцінай — няшчасце непазбежнае»

26.11.2025 12:44
Расія актывізуе дыверсіі, нацэльваючыся на ключавую інфраструктуру і шляхі падтрымкі Украіны; грамадства павінна быць пільным, каб своечасова заўважаць пагрозы.