Беларуская Служба

Расійская дыверсія на чыгунцы: «Калі адхіленні стануць руцінай — няшчасце непазбежнае»

26.11.2025 12:44
Расія актывізуе дыверсіі, нацэльваючыся на ключавую інфраструктуру і шляхі падтрымкі Украіны; грамадства павінна быць пільным, каб своечасова заўважаць пагрозы.
Аўдыё
  • Расійская дыверсія на чыгунцы: «Калі адхіленні стануць руцінай — няшчасце непазбежнае»
.
.Foto: skyNext/shutterstock

Дыверсійная атака на чыгуначным участку пад Дэмблінам паказвае: расійская дзейнасць супраць Польшчы рэальна ўзмацняецца і ўсё часцей накіравана на крытычную інфраструктуру і ключавыя шляхі падтрымкі Украіны.

Эксперты падкрэсліваюць, што гэта не адзіны эпізод, а чарговы этап гібрыдных дзеянняў, якія патрабуюць ад польскага грамадства большай пільнасці, свядомага супрацоўніцтва са спецыяльнымі ды экстраннымі службамі і хуткага рэагавання на кожнае адхіленне ад паўсядзённай руціны.

Якія элементы інфраструктуры сёння найперш падвяргаюцца рызыцы? Адказвае Артур Дубель, эксперт Еўрапейскага інстытута бяспекі:

– Думаю, што можна падзяліць іх на дзве часткі. На тую, якая адназначна выкарыстоўваецца для падтрымкі Украіны самымі рознымі спосабамі, і на тую, якая нам неабходна патрэбна для звычайнага функцыянавання дзяржавы і грамадства. У нашым выпадку не мае істотнага значэння, якая зараз пара года, але мы таксама разумеем, што набліжаецца зіма, і ў выпадку з Украінай расіяне чарговы раз атакуюць менавіта цеплавую і энергетычную інфраструктуру, каб, зрабіць жыццё ўкраінскага грамадства невыносным.

Вядома, гэты падзел даволі ўмоўны, бо вельмі часта элементы гэтай інфраструктуры ў абедзвюх групах будуць перакрыжоўвацца. Але цалкам відавочна  з самага пачатку, што расіяне гэтым цікавіліся. І не забываймася таксама пра ўсю інфраструктуру, калі гаворым, напрыклад, пра парты, пра авіяцыю. Думаю, усё, што задзейнічана ў дапамозе Украіне, мае пэўны прыярытэт для Расіі, аднак яны будуць атакаваць і любыя іншыя сістэмы, найперш звязаныя з так званымі ключавымі паслугамі дзяржавы — як пры забеспячэнні гэтых паслуг для самой дзяржавы як інстытута, так і для нас як для звычайных грамадзян.

Варта памятаць, што здарылася незадоўга да пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны: мы зараз маем дакладна тыя самыя праблемы, што і ўкраінцы тады, —  атакі на  польскую банкаўскую сістэму, сістэму экстраннага апавяшчэння грамадзян і г. д.

Як звычайнаму грамадзяніну распазнаць магчымую падрыхтоўку да сабатажу ці дыверсіі?

– Калі мы будзем ігнараваць пэўныя рэчы, то, на жаль, раней ці пазней з намі здарыцца няшчасце. Гэта крыху падобна да сітуацыі з аўтамабільнымі злачынцамі або зламыснікамі, якія спрабуюць уламацца ў будынак ці краму. Вельмі часта бывае так, што некалькі разоў, асабліва ўначы, спрацоўвае сігналізацыя. Не робіцца ніякіх далейшых дзеянняў, злачынцы проста чакаюць, пакуль уласнік стоміцца: яго гэта раздражняе, паліцыя пагражае штрафам за парушэнне начной цішыні і г.д., і г.д., пакуль урэшце сігналізацыя не будзе выключаная.

Такім чынам усыпляецца наша пільнасць. Таму мы павінны прыняць для сябе пэўны схематызаваны падыход. Англічане кажуць daily routine — штодзённая руціна. І калі нешта ў ёй пачынае змяняцца, у нас павінна загарэцца маленькая сігнальная лямпачка: трэба задумацца, ці ўсё, што адбываецца вакол нас, з’яўляецца проста выпадковасцю, ці, можа, нехта ўсё ж такі хоча зрабіць нешта дрэннае і рыхтуе дзеля гэтага адпаведную глебу.

З пэўнай доляй — не хачу казаць недаверу, але абмежаванага даверу — трэба падыходзіць і да людзей, і да абставін, якія, кажучы ў пэўных двукоссях, парушаюць нашу звычайную штодзённую руціну.

Як павінна паводзіць сябе грамадства ў абліччы падобных пагроз?

– Трэба назіраць, трэба цікавіцца, але заўсёды з улікам уласнай бяспекі. Бо калі з намі нешта здарыцца, мы ўжо нікога не зможам паведаміць. Не варта доўга разважаць — трэба патэлефанаваць на 112, і лепш зрабіць гэта так, каб нас не было відаць, каб не было відавочна, што мы чымсьці зацікавіліся, каб ніхто не захацеў нам зрабіць нейкую шкоду. Можа здарыцца так, што чалавек па другі бок тэлефона будзе мець да нас яшчэ нейкія дадатковыя пытанні. Або апынецца, што падазроная асоба пачынае перамяшчацца, круціцца, і тады для службаў таксама будзе важнай інфармацыя, у які бок пайшоў імаверны злачынец, што робіць і г.д. Без інфармацыі ад грамадства спецыяльныя ды экстранныя службы — глухія і сляпыя.

Мы выконваем вельмі важную ролю, і я думаю, што гэтая роля будзе яшчэ большай, калі, вядома, удасца выбудаваць пэўную грамадскую свядомасць —  своеасаблівую грамадзянскую контрразведку, але вядома, у межах разумнага. Не з празмерным, аматарскім пераборам — няма чаго хаваць, назавём рэчы сваімі імёнамі, — але так, каб сітуацыі, якія з’яўляюцца адхіленнем ад нармальных паводзін, ад нормы ў нашым, асабліва найбліжэйшым асяроддзі, мы ўсё ж такі натавалі і паведамлялі, калі гэта, вядома, выклікае ў нас абгрунтаваны непакой. Бо не кожны выпадак, калі прыехаў нейкі чужы аўтамабіль і хтосьці ў ім сядзіць, аўтаматычна павінен лічыцца пагрозай — гэта таксама павінна мець пэўныя здаровыя падставы.

Але мы не можам ісці ў той бок, калі, як часта бывае, адвяртаем галаву ад агрэсіі і робім выгляд, што нічога не бачым. Цяпер мы сапраўды ўжо не можам так сябе паводзіць. Можа, парадаксальным чынам уся гэтая сітуацыя, звязаная з пагрозамі, паўплывае на нас станоўча, бо мы зменім свой спосаб паводзін.

Нядаўні сабатаж на чыгунцы паміж Варшавай і Люблінам, праведзены на замову Расіі, чарговы раз паказаў: побач з вайной ва Украіне Польшча застаецца мішэнню варожых дзеянняў з боку Крамля. Аднак устойлівае, падрыхтаванае да пагроз грамадства, здольнае іх пераадольваць без значных страт, — падкрэслівае выкладчык, эксперт у галіне бяспекі Артур Дубель.

pr/эж

Будуць выбухі, падпалы – якія інструменты можа выкарыстоўваць Масква ў Еўропе?

14.05.2024 09:18
Масква рыхтуе дыверсіі і дыверсійныя дзеянні ў Еўропе, папярэджваюць спецслужбы заходніх краін. У апошніх паведамленнях таксама згадваецца атака хакераў, звязаных з ваеннай выведкай РФ, на польскія ўстановы.