Беларуская Служба

Прэм’ер Туск і канцлер Мерц: Бяспека Польшчы і Германіі — неаддзельныя

03.12.2025 12:26
Берлін і Варшава дамаўляюцца пра ўзмацненне абароны, развіццё інфраструктуры, энергетыкі і вяртанне культурных каштоўнасцяў.  
-        , , 1  2025 .
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск і канцлер ФРГ Фрыдрых Мерц, Берлін, 1 снежня 2025 г. EPA/FILIP SINGER

Сумесная абарона ўсходняй мяжы Еўрапейскага Cаюза, развіццё інвестыцый у інфраструктуру і энергетыку, а таксама вяртанне польскіх культурных каштоўнасцяў — гэтыя тэмы дамінавалі на польска-нямецкіх міжурадавых кансультацыях, які прайшлі ў Берліне ў панядзелак, 1 снежня.

У падпісанай дэкларацыі Германія абавязалася ў кароткі тэрмін распачаць у Берліне будаўніцтва пастаяннага месца памяці, прысвечанага польскім ахвярам агрэсіі Трэцяга Рэйха. Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск з задавальненнем успрыняў абяцанне канцлера Фрыдрыха Мерца:

«Мабыць, ты ўжо блізка да гэтага канчатковага рашэння, і я таксама дзякую за тваё асабістае ўключэнне ў справу. На вельмі прэстыжным месцы ёсць шанец — і, здаецца, мы сапраўды блізка да завяршэння — паўстане помнік, які ўвекавечыць ахвяры, польскія ахвяры Другой сусветнай вайны, польскія ахвяры нацысцкай Германіі».

На гэтым тыдні ў Бундэстагу адбудзецца дэбаты на гэтую тэму. Абодва ўрады падкрэслілі неабходнасць далейшага ўмацавання супрацоўніцтва ў сферах бяспекі і абароны, — удакладніў польскі палітык. 

«Я цешуся, што сёння, рука ў руку, мы гатовыя абараняць Польшчу, Германію, Еўропу, Украіну ад несправядлівай, брутальнай агрэсіі з боку Расіі»,  — адзначыў Дональд Туск.

Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц у сваю чаргу падкрэсліў, што ягоная краіна нясе адказнасць за сваю гісторыю:

«Вядома, мінулае заўсёды з’яўляецца цяжарам, таму я сцвярджаю, што мінулае ніколі не заканчваецца. Яно і сёння нагадвае нам пра сябе. Але мы таксама ведаем, якую адказнасць нясём перад Польшчай — краінай, якая, як мала хто, пацярпела ад нацысцкага варварства. І таму я кажу пра гэта пры такой магчымасці. Гэта наша адказнасць — і яна такой застанецца».

Бяспека і абарона польскага паветра

Падпісаная 1 снежня ў Берліне польска-нямецкая дэкларацыя ўтрымлівае пункт аб абароне і бяспецы. Канцлер Мерц звярнуў асаблівую ўвагу на  пытанне супрацоўніцтва ў абароне паветранай прасторы Польшчы ад пагроз з боку Расіі:

«Мы пашыраем наша супрацоўніцтва ў выяўленні і нейтралізацыі беспілотнікаў. Нашы сухапутныя войскі будуць цясней узаемадзейнічаць, у тым ліку дзякуючы больш інтэнсіўным сумесным вучэнням. Акрамя таго, мы даручылі нашым міністрам выпрацаваць пагадненне ў галіне абароннай палітыкі».

Канцлер Мерц нагадаў, што пасля апошніх парушэнняў расійскімі сіламі паветранай прасторы Польшчы на дапамогу адразу прыбылі нямецкія знішчальнікі.

«Дзякуючы размяшчэнню знішчальнікаў Eurofighter на польскай авіябазе ў Мальбарку мы разам робім унёсак у маніторынг паветранай прасторы ў рамках НАТА», — дадаў Мерц.  Канцлер ФРГ таксама адзначыў важнасць супольных інфраструктурных праектаў:

«Трансгранічныя маршруты маюць для нас высокі прыярытэт — прыкладам з’яўляецца чыгуначная лінія Ангермюндэ — Шчэцін. Яшчэ сёлета, праз некалькі тыдняў, мы палепшым дарожную інфраструктуру на дарожных пераходах у Франкфурце-на-Одры. Мы ўзгаднілі, што міністры транспарту разам выпрацуюць план развіцця сеткі мастоў, аўтастрад і чыгунак, а таксама пагадненне аб развіцці міжнароднага транспарту і сувязі», — падкрэсліў кіраўнік нямецкага ўрада.

Падчас міжурадавых кансультацый Германія вярнула Польшчы каштоўныя прадметы культурнай спадчыны, якія былі скрадзеныя гітлераўцамі падчас Другой сусветнай вайны. Гаворка ідзе пра 73 пергаментныя дакументы XIII–XV стагоддзяў са збораў Галоўнага архіва даўніх акт у Варшаве, а таксама галоў са скульптуры  святога Якуба Старэйшага з касцёла ў Верхнім замку ў Мальбарку. Гэта — найбольш значнае і найкаштоўнейшае вяртанне выкрадзеных аб’ектаў культуры ў найноўшай гісторыі Польшчы.

Адносіны Варшавы і Берліна — на правільным шляху

Эксперт па бяспецы Polityka Insight Марэк Свярчыньскі ўпэўнены, што адносіны паміж Польшчай і Германіяй вярнуліся на правільныя рэйкі. Палітолаг адзначыў, што падчас сустрэчы абодва ўрады паказалі аднолькавае імкненне да ўзмацнення бяспекі ў рэгіёне.  «Гаворка пра падобнае бачанне бяспекі ўсходняга флангу НАТА, Еўропы і Украіны», — падкрэсліў Свярчыньскі.

«У сумеснай дэкларацыі прагучала фраза, што бяспека Польшчы і Германіі ўзаемазвязаная. Гэта, здавалася б, відавочнае сцвярджэнне, але дыпламатыя часта патрабуе менавіта выказвання відавочных рэчаў, каб падкрэсліць іх значэнне. І так здарылася цяпер. Згаданыя і пацверджаныя даволі шматлікія сумесныя, двухбаковыя і нямецкія ініцыятывы, якія з’яўляюцца ўнёскам Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў рэгіянальную бяспеку».

Германскі ўнёсак ва ўзмацненне бяспекі ўсходняга флангу НАТА ўключае, у прыватнасці:

  • перадыслакацыя ў Польшчу сістэмы Patriot для абароны лагістычнага хаба ў Ясёнцы каля Жэшува;
  • супрацоўніцтва на моры ў рамках місіі Baltic Sentry;
  • патруляванне паветранай прасторы Польшчы ў рамках місіі Eastern Shield.

Марэк Свярчыньскі адзначыў і перспектывы новага супрацоўніцтва, у тым ліку сумесныя вучэнні і ўзаемадзеянне ў рамках Шматнацыянальнага корпуса «Поўнач — Усход»:

«Можна сказаць, што гэты польска-нямецкі хаўрус быў абноўлены, і ягона крэда было выказана нанова. Хоць мушу адзначыць, што я адчуваю пэўны недахоп: не абвешчана ніводнай канкрэтнай новай ініцыятывы, ні супольнай закупкі, ні праграмы стварэння ўзбраення. А трэба падкрэсліць, што Германія найбольш выразна дэманструе рашучасць у сферы менавіта абаронных расходаў»,  — канстатаваў эксперт па бяспецы. 

Абаронны бюджэт Бундэсвера ў будучым годзе дасягне 108 мільярдаў еўра — найвышэйшага ўзроўню сярод краін Еўропы (намінальна).  Германія ўжо выйшла на ўзровень каля 2,5%  ВУП выдаткаў на абарону, а да 2029 года плануе дасягнуць 3,5%. На думку многіх экспертаў, гэта зробіць Германію другім пасля ЗША найбуйнейшым інвестарам у абаронныя магчымасці ў НАТА.

iar/pap/эж

Вывад амерыканскіх войскаў са стратэгічнага хаба пад Жэшавам несумненна парадаваў Расію, каментатары

09.04.2025 13:15
Хоць рашэнне па гэтай справе прыняла адміністрацыя Джо Байдэна, то яго рэалізацыя ў  цяперашняй сітуацыі - дрэнная навіна, як для Украіны, так і Польшчы.

Туск расказаў Мерцу аб дыверсіі на польскай чыгунцы

20.11.2025 18:04
Падчас размовы кіраўнікі ўрадаў дзвюх краін таксама пацвердзілі далейшую падтрымку Украіны ў вайне з Расіяй.

Нідэрландскія войскі распачалі абарончую місію ў Польшчы

01.12.2025 12:11
У Ясёнцы расдыслакаваныя два ЗРК Patriot, сістэмы барацьбы з беспілотнікамі і каля 300 галандскіх жаўнераў.