Беларуская Служба

Найноўшыя вынікі апытанняў грамадскай думкі, гэта перасцярога для ўраду Дональда Туска – сацыёлагі

12.12.2025 09:50
Усё ж цяперашняя крытыка працы ўраду не вырашае пра вынік выбараў, якія запланаваныя на 2027 год, лічаць адмыслоўцы.
Прэм’ер Польшчы Дональд ТускPAP/Paweł Supernak

У сярэдзіне тэрміну паўнамоцтваў ураду Дональда Туска большасць рэспандэнтаў апытання, праведзенага IBRiS для газеты Rzeczpospolita даволі негатыўна ацэньвае два гады працы палітыка на пасадзе прэм'ера.

Ажно 44,1% рэспандэнтаў лічаць, што яго праца не апраўдае чаканняў. 18,9% лічаць, што прэмʼер працаваў лепш, чым яны чакалі, а 6,3% – што значна лепш. 29,5% апытаных заявілі, што Дональд Туск на пасадзе кіраўніка ўраду працуе ў адпаведнасці з чаканнямі.

«Урад знаходзіцца ў складанай сітуацыі. Ніякая іншая ўрадавая каманда ў гісторыі не праводзіла трох выбарчых кампаній за першую палову свайго тэрміну паўнамоцтваў і не складалася з такой колькасці розных партыйных структур, адна з якіх ужо адмовілася ад супрацы. Агульная міжнародная сітуацыя таксама неспрыяльная.

Зразумела, гэта не азначае, што кіраванне не магло быць лепшым. Нават на думку прыхільнікаў урада, кааліцыя Дональда Туска магла б больш пастарацца», – пракаментаваў у размове з выданнем сацыёлаг і эксперт па апытаннях грамадскай думкі прафесар Яраслаў Фліс з Ягелонскага ўніверсітэта.

Газета звяртае ўвагу на некалькі цікавых аспектаў апытання. Па-першае, кожны пяты выбаршчык «Грамадзянскай кааліцыі» крытычна ацэньвае прэмʼера Туска пасля двух гадоў улады. Падобнай негатыўнай ацэнкі прытрымліваецца кожны чацвёрты выбаршчык «Трэцяй дарогі» (выбарчай кааліцыі Польскай сялянскай партыі і «Польшчы 2050» – рэд.) і 39% выбаршчыкаў Левых сілаў.

Таксама цікава, што 12% выбаршчыкаў апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць» ацэньваюць працу прэмʼера Туска больш прыхільна, чым чакалі. Аднак ніхто з апытаных прыхільнікаў крайне правай «Канфедэрацыі» не выказаў станоўчых ацэнак наконт працы ўрада.

«Калі паглядзець на рэйтынгі «Права і справядлівасці» ў 2017 годзе, ніхто б не чакаў ад іх поспеху на парламенцкіх выбарах у 2019 годзе. Гэта быў вельмі нізкі рэйтынг усё ж яны (ПіС –рэд.) пазней перамаглі. Нізкі рэйтынг у сярэдзіне тэрміну – гэта не дзіўна. Паляпшэнне ацэнак яшчэ магчымае. Баланс сіл не пахіснуўся. Галоўнае – колькі партый на парламенцкіх выбарах у 2027 годзе апынецца ніжэй за выбарчы парог, а колькі – вышэй за яго», – канстатуе прафесар Яраслаў Фліс у размове з выданнем Rzeczpospolita.

* Апытанне IBRiS праводзілася з 5 па 11 снежня 2025 года на агульнанацыянальнай выбарцы з 1072 чалавек.

аз

Падведзеныя вынікі двух гадоў кіравання ўрадам Туска. Вось што адбываецца з польскай эканомікай

11.12.2025 12:07
За два гады кіравання кабінета міністраў Дональда Туска эканамічны рост Польшчы значна паскорыўся, заработная плата таксама павялічылася, а інфляцыя знізілася.