Беларуская Служба

Юрась Губарэвіч: Магчыма, Бабарыка хоча згуляць у ролі прарасійскіх дэмакратычных сіл у Беларусі

15.12.2025 14:36
Першыя словы вызваленых лідараў выбарчай кампаніі 2020-га года ў Беларусі, выклікалі абурэнне ў часткі беларусаў. Яны пачулі ў словах Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай прыхаваную прарасійскасць.
Аўдыё
  • Эксперты каментуюць першыя выказванні Віктара Бабрыкі
       ,  ,       -
Вызваленыя з беларускіх турмаў апазіцыйныя актывісты Уладзімір Лабковіч, Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава і Аляксандр Фядута на прэс-канферэнцыі ў ЧарнігавеEPA/STRINGER Dostawca: PAP/EPA.

Адны эксперты лічаць, што гэта адмысловая палітычная стратэгія, іншыя кажуць, што яны застаюцца ў сваіх поглядах у 2020-м годзе, так як сітуацыя ў рэгіёне за апошнія гады значна змянілася.   

У суботу 13-га снежня беларускі рэжым вызваліў 122 палітвязня, сярод іх былі лідары прэзідэнцкай кампаніі 2020-га года: Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава. У нядзелю 14-га снежня яны ўзялі ўдзел у прэсавай канферэнцыі ў Чарнігаве, падчас якой ім задалі шмат пытанняў пра вайну. У адказ прагучала, што цяжка скласці карціну цалкам, бо ў зняволенні мелі доступ толькі да дзяржаўнага тэлебачання. 

Некаторыя іншыя выказванні Бабарыкі ды Калеснікавай: падзяка Лукашэнку, шкадаванні расіян, ухіленне ад ацэнкі расійскай агрэсіі супраць Украіны выклікалі  вострую рэакцыю беларускай грамадскасці.

Так блогер і былы палітвязень Ігар Лосік напісаў, што  кожны разумны чалавек павінен быў вызначыцца яшчэ ў 2014-м што да ацэнкі сітуацыі.

Журналістка Наста Ільіна акрэсліла пазіцыю Віктара Бабарыкі як прарасійскую: «бачу ваяжы гэтага асяродка па Захадзе і будзем мець сваю ўмоўна Навальную, што нас адкіне на дзесяцігоддзі: і ад Еўропы, і ад Украіны».

У сваю чаргу  Блогер Сяргей Бяспалаў напісаў, што «Бабарыка спрабуе працаваць на тых, хто ўнутры краіны. Дайце прастору, не перашкаджайце».

Таксама старшыня Руху «За Свабоду» Юры Губарэвіч убачыў палітычны разлік у выказваннях Віктара Бабарыкі.

— Нежаданне адказваць на пэўныя пытанні дэманструе пэўную стратэгію каманды Бабарыкі. Гэта прэтэнзія на вядучую ролю на беларускім палітычным полі з памяццю пра падзеі 2020-га года. Яны гатовыя працаваць на тую беларускую аўдыторыю, якая застаецца пад уплывам расійскай прапаганды. Па іх перакананнях гэта значная частка грамадства. Падзеі ж апошніх месяцаў паказваюць, што пры пасрэдніцтве ЗША Украіну могуць схіліць да перамір’я, а Расія можа ўзмацніць свае пазіцыі. Відаць, таму яны хочуць згуляць на полі прарасійскіх дэмакратычных сілаў. Гэтая ніша ў Беларусі пакуль не занятая.

Частка беларускай аўдыторыі тлумачыла пачутае тым, што ў вызваленых палітвязняў застаюцца сваякі ў Беларусі, а самі яны апошні час былі ў рэжыме інфармацыйнай ізаляцыі. Палітолаг Павал Усаў лічыць, што гэта не страх рэпрэсій, і не палітычны разлік, а ўнутраныя перакананні каманды Віктара Бабарыкі.

— На маю думку, гэта іх унутраны светапогляд. Як і Аляксеевіч яны ставяцца да Расіі, што там не ўсё кепска і з Расіяй трэба сябраваць. Гэта даўняя пазіцыя групы Віктара Бабарыкі, так званых бабарыканцаў. Дарэчы, яны самі казалі, што мелі магчымасці камунікацыі ў турме, нават з іншымі вязнямі. Разумець, што адбываецца, можна было. Усе, хто выходзіў з вязніц да апошняга часу,  заўсёды мелі адназначную пазіцыю. Нават Ціханоўскі спрабаваў апраўдацца за сваю колішнюю прарасійскую пазіцыю. Таму я лічу, што гэта ўнутраныя перакананні людзей, якія не змяніліся.

Віктар Бабарыка застаўся ў 2020-м годзе, а беларускае грамадства, асабліва ў выгнанні, пайшло далей, дадае адмысловец.

— Сярод тых беларусаў, якія прытрымліваюцца дэмакратычных поглядаў, і хто падтрымліваў Бабарыку, было спадзяванне, што ён прабеларускі палітык, што ён змяніўся, як змяніліся яны. Тыя, хто ў 2020-м быў прарасійскім, пасля 5 год выгнання, рэпрэсій і вайны,  змянілі свае погляды. Яны сталі больш прабеларускімі. Яны чакалі, што Бабарыка і Калеснікава будуць адпавядаць новаму запатрабаванню, якое сфармавалася сярод беларусаў у выгнанні. Аказалася, што іх сутнасны свет не змяніўся і застаўся такім, якім быў у 2020-м годзе. Гэта і выклікала вострую рэакцыю.

Дарэчы, у адказ на пытанне пра далейшыя планы, толькі Віктар Бабрыка сказаў, што не выключае свайго ўдзелу ў палітыцы. «Я ўсё жыццё стараўся быць з тымі каму я быў патрэбны. Калі я буду патрэбны Беларусі — я паспрабую зрабіць нешта для Беларусі», - сказаў былы кандыдат у прэзідэнты. Марыя Калеснікава зазначыла, што ў бліжэйшы месяц плануе правесці час выключна з сям’ёй і роднымі.

 Юры Ліхтаровіч

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі