Беларуская Служба

Эксперт: Сітуацыя вакол Грэнландыі падрывае асновы заходняга свету

12.01.2026 14:06
Пытанне Грэнландыі ўсё больш выходзіць за рамкі мясцовых настрояў і становіцца ключавым элементам глабальнай сістэмы бяспекі ў Арктыцы.
Населены пункт на Грэнландыі dassel/pixabay.com/CC0

Сёння свет мае справу з працэсамі, якія цалкам разбураюць падмурак, на якім будавалася бяспека і эканамічнае развіццё, гаворыць госць Польскага радыё. 

«Нам патрэбна ўласнасць. Мы гаворым пра набыццё, а не пра арэнду, не пра кароткатэрміновае рашэнне, мы гаворым пра набыццё», – чарговы раз, гаворачы пра свае планы адносна Грэнландыі, заявіў Дональд Трамп.

Амерыканскія СМІ нават пісалі, што прэзідэнт даў загад распрацаваць план уварвання на востраў.

Пытанне Грэнландыі ўсё больш выходзіць за рамкі мясцовых настрояў і становіцца ключавым элементам глабальнай сістэмы бяспекі ў Арктыцы.

Еўропа павінна баяцца не толькі за саму Грэнландыю, але і за стан адносін паміж Еўропай і ЗША, гаворыць эксперт па міжнародных справах Яўген Смоляр з Цэнтра міжнародных спраў. Прычына не толькі ў розніцы інтарэсаў, але і розных каштоўнасцях.

- Калі мы рашуча заяўляем, што не пагодзімся на змену межаў сілай у выпадку агрэсіўнай вайны паміж Расіяй і Украінай, то той жа прынцып распаўсюджваецца на тэрыторыі і іншыя справы ў свеце. А калі Злучаныя Штаты пагражаюць Даніі, бо гаворка ідзе пра Данію, члена НАТА і Еўрапейскага Саюза, што яны могуць захапіць Грэнландыю сілай, нават калі гэта адпавядае інтарэсам бяспекі Злучаных Штатаў, гэта, натуральна, выклікае трывогу па ўсёй Еўропе.

І хоць Данія з’яўляецца членам альянса, то не можа папрасіць у НАТА дапамогі. У альянсе пануе прынцып адзінагалоснасці, а ЗША з’яўляюцца вядучым членам пакту. Данія просіць дапамогі ў еўрапейскіх саюзнікаў. І хоць у Еўропе ўсе выказваюць прынцыповую пазіцыю на карысць Даніі, то адначасова ніхто не ўяўляе вайсковых сутычак з ЗША, што Вашынгтон дасканала разумее, гаворыць Яўген Смоляр:

- Насамрэч, мы не ведаем, да чаго яны імкнуцца. У цяперашні час Злучаныя Штаты маюць як мінімум дзве базы ў Грэнландыі. У выніку дамовы, падпісанай з Даніяй у 1950-х гадах, яны маюць усе магчымасці пашырыць свае магчымасці бяспекі ў Грэнландыі. Калі казаць пра палітыку бяспекі, то еўрапейскія краіны, у тым ліку паўночныя краіны, Германія, Францыя і Вялікабрытанія, ужо заявілі пра гатоўнасць узмацніць сваю прысутнасць для забеспячэння бяспекі ў Арктыцы. Гэта сапраўды мае вырашальнае значэнне не толькі для Злучаных Штатаў, але і для ўсяго свету, улічваючы, што Арктыка растае з-за змены клімату. Гэта не толькі забяспечыць доступ да больш кароткіх водных шляхоў з Азіі ў Еўропу і Злучаныя Штаты, але і забяспечыць доступ да сыравіны, якая так жыццёва важная для сусветнай эканомікі. Таму еўрапейцы хацелі б дасягнуць нейкага пагаднення са Злучанымі Штатамі аб умацаванні сваёй абароны ў Арктычным рэгіёне, адначасова прадухіляючы захоп Грэнландыі, які значна пашкодзіў бы агульнаму абарончаму альянсу, якім з'яўляецца НАТА.

Гаворачы пра Грэнландыю Трамп, між іншым, высунуў аргумент, што калі востраў не пяроймуць ЗША, то гэта зробіць Расія ці Кітай. Эксперт Цэнтра міжнародных спраў гаворыць, што такой пагрозы няма, а заявы такога характару – гэта элемент палітычнага ціску. Гэта таксама пэўная дэмагогія, якая, на жаль, можа быць паспяховай, лічыць Яўген Смоляр.

Постаць амерыканскага прэзідэнта – эксцэнтрычная і эгацэнтрычная, а таму цяжка прадбачыць, чым завершыцца сітуацыя з Грэнландыяй, дадае ён:

- У інтэрвʼю газеце «New York Times» на мінулым тыдні ён заявіў, што не кіруецца ніякімі дамовамі ці іншымі маральнымі меркаваннямі, а толькі сваім уласным бачаннем свету. Гэта трывожна, бо, калі думаць пра доўгатэрміновыя працэсы, мы прызвычаіліся да агульных каштоўнасцей і агульных інтарэсаў з часоў Другой сусветнай вайны, а сёння маем справу з працэсамі, якія цалкам разбураюць падмурак, на якім мы будавалі нашу бяспеку і эканамічнае развіццё. Гэта надзвычай небяспечныя рэчы. Мы ў Еўропе дагэтуль не можам уявіць, куды ўсё гэта нас прывядзе.

Яўген Смоляр кажа, што мы становімся сведкамі трансфармацыі сітуацыі, якую называлі Pax Americana, то бок бясспрэчнай глабальнай гегемоніі пасля 1989 года:

- Амерыка, вядома, усё яшчэ застаюцца непераўзыдзенай ваеннай, эканамічнай і фінансавай сілай, дзякуючы ролі долара, як вядучай рэзервовай валюты. Але ў ключавых глабальных адносінах яны рухаюцца да выбарачнага ўзаемадзеяння, каб стабілізаваць канфлікты, якія, на думку Злучаных Штатаў, не ўяўляюць непасрэднай пагрозы амерыканскім інтарэсам. Гэта мае наступствы для Еўропы і для сітуацыі з бяспекай Польшчы.

На бліжэйшыя дні запланаваны далейшыя дыпламатычныя перамовы, у якіх, як падкрэсліваюць улады вострава, Грэнландыя хоча ўдзельнічаць як паўнапраўны партнёр, а не як прадмет рашэнняў, прынятых без яе ўдзелу.

У сераду пройдзе сустрэча дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіа і дацкіх і грэнландскіх уладаў у Вашынгтоне. На гэтым тыдні ў Капенгаген таксама прыбудзе група амерыканскіх сенатараў.

ав