Іран ахоплены чацвёртай буйной хваляй дэманстрацый за апошнія некалькі гадоў. Напрыканцы снежня 2017 года ў святым для шыітаў горадзе Мешхед, што на ўсходзе Ірана, успыхнулі масавыя закалоты. Прычыны былі пераважна эканамічныя: высокія цэны і адсутнасць перспектыў. Дэманстрацыі працягваліся некалькі дзён. Загінулі дзясяткі чалавек.
Увосень 2019 года людзі зноў выйшлі на вуліцы — на гэты раз з-за рэзкага павышэння цэн на паліва, якое на працягу многіх гадоў было смешна танным у багатым на нафту Іране. Пратэсты хутка набылі палітычны характар і распаўсюдзіліся па ўсёй краіне. Тады ў Іране, як і цяпер, быў адключаны інтэрнэт, і, як мяркуецца, за некалькі дзён было забіта больш за тысячу пратэстоўцаў.
У верасні 2022 года іранцы зноў выйшлі на вуліцы. На гэты раз гнеў выклікала смерць Махсы Аміні — дзяўчыны, якая памерла пасля затрымання паліцыяй. Яе арыштавалі за «няправільнае» нашэнне хіджаба. Шматмесячныя пратэсты праходзілі пад лозунгам «Жанчыны — Жыццё — Свабода».
І нарэше, папрыканцы снежня ўспыхнула новая хваля пратэстаў, сведкамі якой мы з’яўляемся цяпер. Людвіка Влодэк — журналістка, сацыёлаг, дацэнтка Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта тлумачыць прычыны цяперашніх пратэстаў у Іране:
— Трыгерам стала раптоўнае падзенне курсу рыяла. Гэтая валюта слабее ўжо вельмі доўгі час, але нядаўна мы назіралі асабліва рэзкае абясцэньванне. У цэлым эканамічная сітуацыя ў Іране кепская. Гэта вынік, з аднаго боку, санкцый, а з іншага — масавай карупцыі ўлады і некампетэнтнага кіравання.
Гэта не першы пратэст, што ўспыхнуў з эканамічных прычын. Праз складанае становішча ўрад ужо доўгі час скарачае субсідыі. Раней Іран быў краінай, якая ў значнай ступені падтрымлівала сваіх грамадзян: урад даплачваў за паліва і базавыя харчовыя прадукты. Цяпер з гэтым скончана.
Пры гэтым значная частка людзей, якія падтрымлівалі Ісламскую Рэспубліку або прынамсі не выступалі супраць яе, былі проста тымі, для каго гэтая дзяржава забяспечвала сацыяльны рост. Аднак ужо даўно гэтыя сацыяльныя ліфты не працуюць. Даўно гэтая рэспубліка не прапануе ніякіх пераваг.
Ці можна сказаць, што менавіта цяпер — калі нацыянальная валюта аслабленая, невядома, калі эканоміка стабілізуецца, а іранцы адчулі сябе бездапаможнымі — гэтыя эмоцыі і сталі сапраўднай рухаючай сілай масавых пратэстаў?
— Так, я ўвогуле лічу, што ўжо як мінімум некалькі гадоў Ісламская Рэспубліка не мае мандата на кіраванне. Усе матэрыяльныя карысці, якія раней яшчэ можна было атрымаць, скончыліся. Ідэалагічна людзі таксама больш не вераць у яе ідэі. Нават глыбока рэлігійным людзям, якія прыхільныя да ісламу, не падабаецца тэрор, і яны незадаволеныя тым, як гэтая рэлігія выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах.
Цяжка ацаніць фактычную падтрымку гэтага рэжыму. У выбарах удзельнічае каля 40 % насельніцтва — з улікам таго, што частку людзей, напрыклад, работнікаў дзяржаўных устаноў, якія залежаць ад дзяржавы, прымушаюць галасаваць. Яны галасуюць, бо баяцца, што адмова можа прывесці да праблем.
Нядаўна я пачула, як адна экспертка — іранка, якая жыве ў Злучаных Штатах, — сказала, што рэжым падтрымлівае каля 20 % грамадзян. З аднаго боку, гэта шмат, бо ў Іране 93 мільёны жыхароў. Але з іншага боку, пераважная большасць яго не падтрымлівае.
Мне здаецца, што ўжо шмат гадоў — прынамсі з 2019-га, калі адбыліся вялікія пратэсты, жорстка падаўленыя ўладамі, — людзі больш-менш зразумелі: Ісламская Рэспубліка — гэта нешта, што немагчыма рэфармаваць. Гэта сістэма кіравання, якая проста перастала быць эфектыўнай, і калі хочаш рэальных зменаў, неабходна змяняць сам спосаб кіравання краінай.
Як улады Ірана рэагуюць на гэтыя пратэсты? Бачна, што розныя групоўкі ўлады па рознаму камунікуць цяпершні крызіс. З аднаго боку, мы чуем заявы прэзідэнта, які кажа, што да пратэстоўцаў не варта ставіцца як да замежных агентаў і з імі трэба весці дыялог. З іншага боку — гучаць заявы пра тое, што яны ворагі існуючага парадку і з імі трэба дзейнічаць жорстка.
— Тут няма дзвюх ліній камунікацыі. Прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян заявіў, што мірных пратэстоўцаў трэба зразумець і выслухаць іх патрабаванні. Але адначасова ён згадаў, што тэрарыстаў і бунтаўнікоў трэба знішчаць. Відавочна, што кожны аўтарытарны ўрад фактычна робіць усё, каб прадставіць антыўрадавыя пратэсты як справу бунтаўнікоў, хуліганаў і г.д. Міністр юстыцыі гуляе ў своеасаблівую гульню «добры і дрэнны паліцэйскі».
Насамрэч усе яны залежаць ад вярхоўнага лідара Ірана Алі Хаменеі і жорсткага ядра рэжыму. Нагадаю: хаця прэзідэнт абіраецца на ўсеагульных выбарах, яго кандыдатуру мусіць ухваліць Рада вартаўнікоў, якая цалкам залежыць ад Алі Хаменеі.
Фактычна кандыдатура прэзідэнта залежыць ад вярхоўнага лідара. Менавіта ён дае ўказанні Радзе вартаўнікоў, каго дапускаць да выбараў, а каго — не. Таму сцвярджэнні пра нейкі раскол у гэтым уладным ядры, на маю думку, беспадстаўныя.
У сваім артыкуле для Kultura Liberalna Людвіка Влодэк піша, што старэйшы сын апошняга шаха, Рза Пехлеві, спрабуе «далучыцца» да пратэстаў, адсюль яго вялікае актыўнасць у сусветных СМІ. Пытаем, ці можа апазіцыя ў эміграцыі паўплываць на сітуацыю ўнутры краіны?
— Апазіцыя вельмі неаднародная. У эміграцыі цяпер ёсць прыхільнікі старога рэжыму — раялісты. Ёсць шмат людзей, якія некалі падтрымлівалі рэвалюцыю, але пазней сталі ворагамі рэжыму аятол, напрыклад, таму што былі занадта левымі або належалі да антышахскіх левых актывісцкіх колаў. Рэжым Ісламскай Рэспублікі найперш пачаў падаўляць менавіта левых — камуністаў з Народнай партыі Ірана (Тудэ), якія раней аб’ядналіся з прыхільнікамі аяталы Хамейні, каб зрынуць урад шаха. У выгнанні таксама шмат людзей з адносна заможных сацыяльных слаёў, якія маглі сабе дазволіць з’ехаць і весці больш лёгкае і камфортнае жыццё на Захадзе. Так што гэта вельмі розныя людзі — з розных асяроддзяў і з вельмі розным мінулым.
Мне здаецца, што нават разважаць пра тое, які ўплыў магла б мець гэтая апазіцыя на будучыню Ірана ў выпадку падзення Ісламскай Рэспублікі, — гэта трохі як дзяліць шкуру незабітага мядзведзя. Шанцы на змены, хутчэй за ўсё, значна большыя ўнутры самога Ірана. Я сапраўды не ведаю, як гэта можа выглядаць, бо ў краіне няма кансалідаванай палітычнай сілы, здольнай захапіць уладу.
У 2009 годзе, калі былі сфальсіфікаваныя прэзідэнцкія выбары і Махмуд Ахмадзінежад у выніку атрымаў другі тэрмін, яго апанентамі былі два кандыдаты, таксама звязаныя з рэжымам, але значна больш ліберальныя: Мір-Хасейн Мусаві — былы прэм’ер-міністр Ісламскай Рэспублікі — і Мехдзі Кярубі, спікер парламента. Здавалася, што вакол іх сфарміруецца ліберальны апазіцыйны рух, здольны ў пэўным сэнсе рэфармаваць рэжым знутры. Але Ісламская Рэспубліка іх знішчыла: абодвух змясцілі пад хатні арышт, дзе яны знаходзяцца і сёння, цалкам пазбаўленыя ўплыву. Людзі паступова адвярнуліся ад іх, нібы ўсвядоміўшы, што з імі няма шанцаў на рэальныя змены. У 2009 годзе грамадскія настроі былі зусім іншымі. Тады людзі верылі ў Ісламскую Рэспубліку. Сёння, на маю думку, у яе ўжо не верыць ніхто.
Падсумоўваючы размову, спыталі ў Людвікі Влодэк, ці, на яе думку, мы можам стаць сведкамі падзення Ісламскай Рэспублікі, бо інтэнсіўнасць пратэстаў не змяншаецца. Акрамя таго, варта ўлічваць і знешні фактар — ЗША, бо прэзідэнт Дональд Трамп неаднаразова заяўляў пра гатоўнасць падтрымаць дэманстрантаў. Хоць апошнім часам палітык паведаміў, што пасля запэўненняў іранскіх уладаў аб тым, што пратэстоўцаў не будуць караць смерцю, крыху знізіў рыторыку, Трамп ўсё ж застаецца непрадказальным гульцом.
Арыентатлістка адзначыла, што, на яе думку, калі адкінуць фактар ЗША і Ізраіля і ацэньваць выключна сілу саміх пратэстаў, то ў выпадку, калі прадстаўнікі сілавых структур не перайдуць на бок пратэстоўцаў, шанцаў на перамогу ў іх няшмат.
Слухайце ваўдыё!
эж