Беларуская Служба

Былы пасол Польшчы ва Украіне: Мы належым да адной цывілізацыі, але паміж намі ёсць шмат адрозненняў

19.01.2026 11:58
Польскае радыё для Украіны запусціла новы цыкл дэбатаў пра ўкраінска-польскія адносіны.
Аўдыё
  • Былы пасол Польшчы ва Украіне: Мы належым да адной цывілізацыі, але паміж намі ёсць шмат адрозненняў
     ,          ( )           ().           ( ),
Дэбаты на Польскім радыё для Украіны, якія правялі кіраўніца Польскга радыё на рускай Ларыса Задарожная (першая справа) і намеснік галоўнага рэдактара Польскага радыё для замежжа Пётр Пагажэльскі (стаіць). Іх гасцямі былі былы амабсадар Польшчы ва Украіне Барташ Ціхоцкі (другі злева), кіраўнік праграмы Усходняй Еўропы Польскага інстытута міжнародныCezary Piwowarski/Polskie Radio

Штомесяц польскія і ўкраінскія эксперты, аналітыкі і лідары грамадскай думкі абмяркоўваюць ключавыя выклікі і перспектывы супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Першыя дэбаты адбыліся 15 студзеня і былі прысвечаныя тэме: «Польшча і Украіна. Якім быў 2025 год і чаго чакаць ад 2026-га?». Прапануем вам найбольш цікавыя фрагменты дыскусіі.

Сустрэчу правялі кіраўніца Польскага радыё на рускай Ларыса Задарожная і намеснік дырэктара Польскага радыё для замежжа Пётр Пагожэльскі. Сваімі ацэнкамі падзяліліся былы пасол Польшчы ва Украіне Барташ Ціхоцкі, кіраўнік праграмы Усходняй Еўропы Польскага інстытута міжнародных спраў Даніэль Шэлігоўскі і экспертка Фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы» Марыя Золкіна.

Даніэль Шэлігоўскі бачыць надзею на новыя магчымасці ў адносінах паміж Кіевам і Варшавай у 2026 годзе:

— Польска-ўкраінскія адносіны могуць выйсці на новы ўзровень палітычнага і ваеннага супрацоўніцтва. З іншага боку, я лічу, што чым менш шуму, тым лепш. Шмат што адбываецца за кулісамі, асабліва калі гаворка ідзе пра ваеннае супрацоўніцтва, часткова — і пра эканамічнае. Час ад часу мы даведваемся пэўныя дэталі са СМІ, напрыклад, што Польшча цяпер перадае Украіне самалёты, але значная частка супрацоўніцтва ў сферы бяспекі застаецца непублічнай.

З другога боку, калі пра польска-ўкраінскія адносіны занадта шмат і рэзка гаварыць у медыя, гэта, на маю думку, не заўсёды станоўча ўплывае на ўзаемадзеянне паміж нашымі краінамі. Магчыма, некаторыя пытанні не варта абмяркоўваць публічна. Калі грамадства ўспрымае іх не зусім спрыяльна, не абавязкова адразу выносіць усё ў медыйную прастору.

Я лічу, што дыялог паміж двума прэзідэнтамі будзе працягвацца і, магчыма, паглыбляцца. Значная частка ўзаемадзеяння адбываецца і будзе адбывацца на ўзроўні ўрадаў. Гэта паступовы працэс, які ахоплівае супрацоўніцтва па розных напрамках, у тым ліку ў межах інструментаў Еўрапейскага Саюза, якія, як я мяркую, будуць актыўна задзейнічаныя ў 2026 годзе, калі ўсё пойдзе належным чынам. Таму за 2026 год я асабліва не хвалююся. Больш перажываў адносна 2025-га: здавалася, што сітуацыя будзе горшай, але яна аказалася не такой дрэннай. Не ўсё страчана.

Адзін з блокаў дэбатаў быў прысвечаны паразуменню паміж грамадствамі. Напрыканцы 2025 года Цэнтр даследаванняў грамадскай думкі Польшчы правёў сацыялагічнае апытанне, паводле якога амаль палова апытаных палякаў — 48% — станоўча ставяцца да прыняцця ўкраінцаў у Польшчы. У той жа амаль столькі ж — 46%— выказала негатыўнае стаўленне. Паводле аўтараў даследавання, гэта найгоршы паказчык за апошнія гады. Барташ Ціхоцкі адзначыў, што грамадствам неабходна вучыцца лепш разумець адно аднаго:

— Трэба быць шчырымі. Мала хто ўзгадвае, што ў 1990-х і 2000-х гадах палякам ва Украіне было вельмі складана. Потым узнікла тэма мараторыю на эксгумацыі. А ці ведаеце вы, колькі эксгумацый было праведзена да мараторыю за 30 гадоў? Чатыры. Нават у Быкаўні, дзе НКУС расстрэльваў палякаў, нам не дазволілі завяршыць эксгумацыю.

Можна ўзгадаць і перыяд напрыканцы прэзідэнцтва Пятра Парашэнкі — законы аб рэформе адукацыі, якія істотна абмежавалі доступ нацыянальных меншасцяў, у тым ліку палякаў, да адукацыі на роднай мове. Закон аб дзяржаўнай мове. Нас ніхто не хацеў чуць.

Палякі звычайна кажуць тое, што думаюць, наўпрост. Мы часам бываем занадта адкрытымі і адразу гаворым: «вы няўдзячныя», «вы паводзіце сябе так і так». Ва Украіне ж часта кажуць прыемныя рэчы, але тое, што насамрэч думаюць, можа быць зусім іншым. Мы прызвычаіліся лічыць, што належым да адной цывілізацыі, што мы браты і сёстры. Але паміж намі ёсць шмат адрозненняў. Польскае грамадства гэтыя праблемы адчувала і разумела, што стаўленне да палякаў ва Украіне не заўсёды такое, якім яно павінна быць.

Да гэтага, безумоўна, прыклала руку і Расія, але, на жаль, частка праблем была страчаная з поля зроку нашымі ўкраінскімі калегамі яшчэ ў 1990-х і 2000-х гадах — тады, калі можна было вырашыць значна больш і ўжо даўно пра гэта забыць.

Акрамя таго, мне здаецца, што сацыяльныя сеткі і новыя камунікацыйныя тэхналогіі ўзмацнілі гучны голас меншасці, якая пастаянна ўздымае тэмы УПА, бандэраўцаў і іншае. Большасць палякаў ставіцца да гэтага спакойна.

Экспертка Фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы» Марыя Золкіна падкрэсліла, што пагаршэнне міжасобасных стасункаў з’яўляецца найбольш небяспечнай тэндэнцыяй:

— Гэта той працэс, які палітыкі, чыноўнікі і эксперты, на жаль, могуць кантраляваць толькі да пэўнага моманту. 2026 год пакажа, ці здолеем мы яшчэ ўзяць яго пад кантроль. Ёсць высокая верагоднасць, што ўжо не.

Я буду песімістычнай. У 2025 годзе — а я шмат гадоў цесна супрацоўнічаю з Польшчай, маю тут сяброў і калег — мяне найбольш здзівіла і шакавала тое, што ў палітычных дыскусіях вядучыя палітыкі краіны дазвалялі сабе гаварыць пра ўкраінцаў як пра асобную меншасць, у дачыненні да якой трэба пераглядаць палітыку.

У выніку, калі інфармацыя праходзіла праз некалькі фільтраў, да канчатковага спажыўца даходзіла спрошчанае ўяўленне: маўляў, украінец — іншы, магчыма, прывілеяваны, магчыма, мае больш. Так у 2025 годзе, часам беспадстаўна, сфармавалася шмат міфаў пра ўкраінцаў. А міфы — гэта ірацыянальная з’ява, з якой немагчыма змагацца выключна экспертнымі метадамі.

Калі стаўленне да ўкраінцаў у Польшчы пагоршылася, калі ўзаемнае ўспрыманне паміж польскім і ўкраінскім грамадствамі пагаршаецца, мы не павінны рабіць выгляд, што праблемы не існуе, і ўсё спісваць на расійскую прапаганду. Праблему фармулююць на палітычным узроўні, а на экспертным, і там жа прымаюцца рашэнні.

Я не пераацэньвала б расійскі фактар у пошуках адказу, як нам камунікаваць і знаходзіць агульную мову. Як слушна адзначыў Даніэль у адным са сваіх інтэрв’ю, Расія выкарыстоўвае тыя адрозненні і канфліктныя моманты, якія ўжо існуюць паміж украінцамі і палякамі, але яна не стварае.

Таму сёння і ў Польшчы, і ва Украіне лідары грамадскай думкі, эксперты і палітыкі павінны ўзяць на сябе адказнасць, прызнаць наяўнасць праблемы і — гэта ўжо наша экспертная задача — прапаноўваць шляхі яе вырашэння.

Нагадаем, што гэта былі фрагменты дэбатаў, якія правялі кіраўніца Польскга радыё на рускай Ларыса Задарожная і намеснік галоўнага рэдактара Польскага радыё для замежжа Пётр Пагажэльскі. Іх гасцямі былі былы амабсадар Польшчы ва Украіне Барташ Ціхоцкі, кіраўнік праграмы Усходняй Еўропы Польскага інстытута міжнародных спраў Даніэль Шэлігоўскі і экспертка Фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы» Марыя Золкіна.

Слухайце аўдыё!

эж