Еўропа і Індыя сёння пішуць гісторыю – менавіта так старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен ахарактарызавала гандлёвае пагадненне паміж Бруселем і Дэлі. Умовы пагаднення абмяркоўваліся больш за 20 гадоў.
Старшыні Еўрапейскай камісіі і Рады Еўрапейскага Саюза знаходзяцца з афіцыйным візітам у сталіцы Індыі. Еўрапейскі Саюз і Індыя завяршылі перамовы па пагадненні аб свабодным гандлі, якое прадугледжвае скарачэнне тарыфаў на амаль 97% прадукцыі, якая імпартуецца з ЕС у Індыю са 110% да 10%.
На саміце ў Дэлі старшыня Еўрапейскай рады Антоніу Коста казаў пра важнасць гэтага пагаднення.
— Сёння мы падпісалі гандлёвае пагадненне. Гэтым крокам мы пасылаем свету выразны сігнал, што ў момант, калі глабальны парадак істотна змяняецца, Еўрапейскі Саюз і Індыя падтрымліваюць адзін аднаго як стратэгічныя да надзейныя партнёры.
Пагадненні аб свабодным гандлі паміж Еўропай і Індыяй Гэта «маці ўсіх пагадненняў» – гэты тэрмін выкарыстала прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен. Ідзецца пра тое, што дадзеная дамова закране 2 мільярды спажыўцоў і тэрыторыю, якая генеруе чвэрць сусветнага ВУП.
— Для ўсіх нас і свету карысцю будзе паспяховая Індыя. Мы падпісалі «маці ўсіх дамоў», ствараючы рынак з 2 мільярдамі спажыўцоў. Гэта саюз двух гігантаў – другой і чацвёртай па памерах эканомікі з свеце. Мы выбралі партнёрства з карысцю для абодвух.
Дамова дазволіць экспарцёрам штогод эканоміць да 4 мільярдаў еўра на экспартных мытах. Прэмʼер-міністр Індыі Нарэндра Модзі дадаў, што пагадненне дасць адчувальны рост для эканомікі ЕС і Індыі.
— Гэта гістарычны момант, калі ўчора ўпершыню лідары Еўрасаюзу прысутнічалі на святкаванні Дня рэспублікі ў Індыі. Сёння дзве дэмакратычныя найбольш магутныя звышдзяржавы ў свеце дадалі важны раздзел у двухбаковыя адносіны. Гэта значны прагрэс у стасунках Індыі ды ЕС.
Індыя пагадзілася значна знізіць тарыфы на еўрапейскія аўтамабілі, медычныяпрылады і асобныя харчовыя тавары (у тым ліку віно і сыр). Узамен ЕС палегчыць доступ да адзінага рынку для індыйскіх кампаній у сектарах ІТ-паслуг і тэкстылю. Чакаецца, што пагадненне ўступіць у сілу ў пачатку наступнага года.
Падпісанне дамовы – гэта сведчанне вельмі добрых адносін паміж ЕС ды Дэлі, кажа польскі аналітык па пытаннях Паўднёвай Азіі і Індыі з Польскага інстытуту міжнародных спраў Патрык Кугель.
— Адносіны паміж ЕС і Індыяй найлепшыя ў гісторыі. За апошнія тры дзесяцігоддзі пасля заканчэння халоднай вайны мы шмат чаго зрабілі. Адносіны былі ўсталяваныя яшчэ ў 1960-х гадах, але апошнія 20, а можа, нават 10 гадоў былі сапраўды істотнымі і трансфармацыйнымі для стасункаў паміж ЕС і Індыяй. Мы разумеем, што Індыя – гэта новы гулец, глабальная дзяржава, і гэта адзін з самых перспектыўных і найбуйнейшых рынкаў. Многія еўрапейскія краіны вельмі жадалі выкарыстаць гэты патэнцыял. Таму Еўрапейскі Саюз удзельнічаў у перамовах па пагадненні аб свабодным гандлі, пагадненні аб абароне інвестыцый. Мы таксама абмяркоўваем з Індыяй спецыяльнае пагадненне аб партнёрстве ў галіне бяспекі. 2025 год быў сапраўды трансфармацыйным, гістарычным годам для ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі. Ёсць палітычная воля, як у Дэлі, так і ў Бруселі, і ў многіх еўрапейскіх сталіцах, і разуменне, што эканамічнае супрацоўніцтва – гэта не толькі эканоміка. Яно мае стратэгічны аспект бяспекі, і нам трэба ўмацоўваць нашы сувязі з Індыяй, таму што яна зʼяўляецца важнай фігурай у сусветнай палітыцы. У нашых інтарэсах мець Індыю на сваім баку, а не дазваляць ёй далучыцца да Кітая ці Расіі і сфармаваць нейкі антызаходні блок. Нам патрэбна Індыя, якая ўсё яшчэ найбуйнейшая дэмакратыя ў свеце. Яна, прынамсі, тэарэтычна, падтрымлівае міжнародны парадак, заснаваны на правілах.
Адкрыццё індыйскага рынку можа стаць магчымасцю для польскіх вытворцаў машын, касметыкі, спецыялізаванага медычнага абсталявання, зялёных тэхналогіяў і харчовых прадуктаў, гаворыцца ў ацэнках Міністэрства развіцця і тэхналогіяў і справаздачы Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю. Паводле слоў намесніка міністра замежных спраў Ігнацыя Нямчыцкага, гэта пагадненне адкрывае значныя магчымасці для польскай прамысловасці. «Перш за ўсё, хачу адзначыць, што мы практычна цалкам выключылі сельскагаспадарчыя пытанні, таму тут абсалютна няма падстаў для турботы, як гэта было з Меркасур», – падкрэсліў намеснік міністра замежных спраў Польшчы.
Таксама індыйскія кампаніі інвестуюць у Польшчу ў сектары паслуг і падтрымкі бізнес-працэсаў. Віцэ-прэмʼер і міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі заклікаў да больш цеснага супрацоўніцтва ў галіне бяспекі і абароны, у тым ліку да прамысловага партнёрства. Ён наведаў Індыю з 17 па 20 студзеня, падчас якога сустрэўся, сярод іншага, са сваім індыйскім калегам Субрахманьямам Джайшанкарам.
— Індыя і Польшча зʼяўляюцца прыкладамі дынамічна развіваючыхся краін, якія зʼяўляюцца дэмакратыямі. Абедзве краіны маюць інавацыйныя сектары, і эфектыўнасць Індыі ў стварэнні лічбавых рашэнняў прызнана ва ўсім свеце. Такім чынам, у нас ёсць патэнцыял для абмену вопытам, які выходзіць за рамкі эканамічнай сферы.
Падпісанне рэвалюцыйнага дакументу паміж ЕС і Індыяй адбылося ў перыяд гандлёвай напружанасці са Злучанымі Штатамі. Як ЕС, так і Індыя за апошнія тыдні заключылі іншыя пагадненні, якія рэгулююць гандаль з трэцімі краінамі, у тым ліку з мэтай абароны сябе ад тарыфнага ціску з боку ЗША. Апроч таго ЕС разлівае таксама на Дэлі ў справе міру ва Украіне. Антоніу Коста звярнуўся да прэмʼер-міністра Індыі Нарэндры Модзі з просьбай аб дапамозе ў гэтай справе.
Юры Ліхтаровіч