Асобай Балаховіча, магчыма, першым пачаў цікавіцца яшчэ ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя Алег Латышонак, старшыня Беларускага Гістарычнага Таварыства, які сваю кандыдацкую дысертацыю пісаў менавіта пра беларускія вайсковыя фармаванні таго часу.
Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч пачынаў аднак ваяваць у расійскай арміі яшчэ ў Першую сусветную вайну. Ён быў накіраваны ў атрад, у які бралі найбольш адважных жаўнераў, – адзначае даследчык.
Алег Латышонак.
Алег Лытышонак: Яго накіравалі ў атрад Пуніна на Паўночным фронце. У гэты атрад бралі толькі кавалераў Георгіеўскага крыжа, гэта значыць Крыжа Святога Георгія, — самых адважных ездакоў. Дастаткова сказаць, што славуты маёр Дамброўскі, польскі кавалерыст, служыў у гэтым атрадзе. Яшчэ больш славуты барон Раман Унгерн фон Штэрнберг, які пазней стаў ханам Манголіі, таксама там быў. Так што кампанія была вельмі адметная. Яны ваявалі, здзяйсняючы рэйды ў тылы немцаў, аж да рэвалюцыі.
Калі ж адбылася рэвалюцыя, Булак-Балаховіч апынуўся на баку чырвоных. Магчыма, гэта некага можа здзіўляць, але ён быў сацыялістам-рэвалюцыянерам, у тым ліку і па сямейных сувязях. Троцкі нібыта нават прапаноўваў яму пасаду галоўнага камандзіра кавалерыі Чырвонай арміі. Але, калі Балаховіча паслалі «пацыфікаваць» сялян, якія ўжо паўставалі супраць бальшавікоў, ён зразумеў, што не туды дарога, і са сваім атрадам перайшоў на бок белых.
Сам ён, аднак, белым не быў. Я хачу гэта яшчэ раз падкрэсліць — абсалютна. Хутчэй яго можна назваць «зялёным», як называлі тых, хто не хацеў быць ні з аднымі, ні з другімі. Таму ён пастаянна канфліктаваў з белым генералітэтам, з генералам Юдзенічам, сварыліся, спрачаліся, хоць дасягненні ў яго былі значныя.
Трэба сказаць, што асабліва ўдала яму вялося на эстонска-савецкім, ці антыбальшавіцкім, фронце. Там ён цесна супрацоўнічаў з эстонцамі і з генералам Лайдонэрам, вядомым галоўнакамандуючым Эстоніі. Булак-Балаховіч вызваліў Тарту, пасля — Пскоў. У Пскове ён фактычна стварыў своеасаблівую Пскоўскую рэспубліку і доўга адбіваўся ад бальшавікоў. Але ўрэшце Юдзеніч зняў яго з пасады і загадаў арыштаваць.
Паход Юдзеніча на Петраград скончыўся правалам, і тады Булак-Балаховіч уступіў у рады Беларускай арміі БНР. Аднак, калі стала зразумела, што Беларуская Народная Рэспубліка — гэта хутчэй праект, чым рэальная дзяржава, ён перайшоў на бок Пілсудскага, фактычна на польскі бок, і стаў інструментам у яго руках. Атрад Булак-Балаховіча, які налічваў крыху больш за 700 чалавек, быў перакінуты з Эстоніі праз Латвію ў Дынабург (Дзвінск, сучасны Даўгаўпілс), далей у Польшчу, дзе ў Брэсце яго перафарміравалі. Калі пачалося польскае адступленне ад Кіева падчас Кіеўскага паходу Пілсудскага і Пятлюры, гэты атрад кінулі супраць бальшавікоў. Булак-Балаховіч дзейнічаў у тылах савецкіх войскаў.
Пасля Варшаўскай бітвы, падчас контрнаступу польскіх войскаў над Вепшам, Булак-Балаховіч са сваім атрадам прарваў бальшавіцкі фронт і самастойна вызваліў Пінск. Гэта было вялікае дасягненне: ён узяў у палон штаб Чацвёртай савецкай арміі, каля дзвюх тысяч палонных і вялізную колькасць ваенных матэрыялаў. За гэта ён заслужыў шырокае прызнанне.
Але самае важнае — Пілсудскі ўбачыў у ім прыладу для сваёй больш буйной палітычнай гульні. Калі падчас перамоваў аб замірэнні польская дэлегацыя фактычна аддала Мінск бальшавікам, а раней Вільню — літоўцам, Пілсудскі паслаў генерала Жалігоўскага на Вільню, а Булак-Балаховіча — на Мінск. Пры гэтым, камбінацыя была яшчэ складанейшая: Пілсудскі адначасова падтрымліваў Барыса Савінкава, расійскага антыбальшавіцкага рэвалюцыянера.
Былі створаны два палітычныя камітэты — рускі і беларускі, якія падпісалі дамову аб стварэнні Саюзнай Народнай Арміі. На чале гэтай беларуска-рускай, ці руска-беларускай арміі стаў генерал Булак-Балаховіч. Усё адбывалася без дакументаў, але, відавочна, мэтай Пілсудскага было, каб Булак-Балаховіч як мага хутчэй заняў Мінск. План быў такі: польскія войскі выходзяць з Мінска, а Балаховіч уваходзіць і абвяшчае аднаўленне БНР, далучэнне да Рэчы Паспалітай і іншыя палітычныя крокі.
Але Балаховіч прыдумаў яшчэ, што Савінкава пасадзіць у Маскве. І частка яго сіл павінна была ісці на Кіеў, частка — на Мінск, ён сам — на Маскву. Зразумела, што гэта не магло скончыцца поспехам.
Тым не менш, у Мазыры быў створаны ўрад БНР — гэта была адзіная БНР, якая мела рэальны суверэнітэт на канкрэтнай тэрыторыі. Булак-Балаховіча зрабілі начальнікам Беларускай дзяржавы. Але пасля разгрому Врангеля саветы змаглі перакінуць значныя сілы з поўдня і выступіць супраць яго. У выніку Булак-Балаховіч апынуўся ў акружэнні. Тады беластоцкі батальён маёра Міколы Джамідова здолеў вырваць яго з акружэння, параненага, і выратаваць.
Яраслаў Іванюк: Ці можна сказаць пра Булак-Балаховіча, што ён быў кан’юнктуралістам?
Алег Лытышонак: Я б так не сказаў. Хутчэй — авантурыст. Гэта слова падыходзіць лепш. Дзе з’яўлялася авантура, туды ён і кідаўся. Не выпадкова пазней ён паехаў ваяваць у Іспанію на баку генерала Франка. Ён, здаецца, не мог жыць без вайны: хоць увесь час пісаў і гаварыў пра мірную працу, як толькі з’яўлялася магчымасць сесці на каня з шабляй, ён рабіў гэта з ахвотай.
Я думаю, калі б яму больш пашанцавала, ён стаў бы нацыянальным героем. А так — гэта вельмі цікавая постаць, вартая памяці ў нашай гісторыі. З гісторыі Беларусі яго не выкрасліш. Для мяне безумоўна, што ён быў беларусам, нягледзячы на розныя інтэрпрэтацыі. Пазней, калі было выгадна, ён быў і палякам — такіх людзей у той час было нямала.
Няма падстаў яго адкідваць. Гэта частка гісторыі Беларусі, Беласточчыны і Польшчы. Мала хто ваяваў за Беларусь столькі, колькі ён. А каля дзвюх тысяч беларускіх жаўнераў, якія змагаліся за БНР пад яго камандаваннем, — гэта былі сапраўдныя патрыёты, і іх таксама трэба памятаць.
Размаўляў Яраслаў Іванюк
Слухайце далучаны гукавы файл