Беларуская Служба

Аглядальнік: З падкантрольнай Расіі Беларуссю, немагчыма гарантаваць стабільны мір ва Усходняй Еўропе

18.02.2026 11:54
Сустрэча прэзідэнта Украіны Уладзімір Зяленскі і Святланы Ціханоўскай можа адбыцца напярэдадні гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Пра што можа ісці гаворка? 
Аўдыё
  • Аглядальнік: З падкантрольнай Расіі Беларуссю, немагчыма гарантаваць стабільны мір ва Усходняй Еўропе
Святлана Ціханоўская і Уладзімір Зяленскі падчас уручэння прэміі Карла Вялікагафота: фэйсбук С.Ціханоўскай

На палях Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якая адбылася на мінулым тыдні, прагучала нямала гучных заяў. Сярод іх — выступ лідаркі аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Святланы Ціханоўскай. Яна паведаміла пра намер наведаць Кіеў — і гэта будзе яе першы візіт ва ўкраінскую сталіцу пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

Варта заўважыць, пра магчымы візіт у Кіеў Ціханоўская наўпрост не абвяшчала — гэта выснова, зробленая з яе заяў. Яшчэ адна важная цытата з выступу Ціханоўскай у Мюнхене: «Рэжым Аляксандра Лукашэнкі імкнецца ўнесці раскол у беларускія дэмакратычныя сілы і ператварыць іх у канкуруючыя групы». Уласна пра гэта і не толькі Беларуская служба Польскага радыё гаворыць з міжнародным аглядальнікам і журналістам  тэлебачання «Белсат» Змітром Міцкевічам.

Сустрэча прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і Святланы Ціханоўскай можа адбыцца напярэдадні гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Пра што можа ісці гаворка? Чым, на ваш погляд, можа завяршыцца гэтая сустрэча?

— Насамрэч тэм для размовы вельмі шмат. Пачынаючы з практычных пытанняў — статус беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, прызнанне іх ветэранамі, падтрымка сем’яў загінулых. Не менш важная праблема — легальны статус беларусаў ва Украіне: тут існуе шэраг складанасцяў.

Калі ж казаць пра глабальныя рэчы, то гэта ідэя міжнароднага трыбуналу для Лукашэнкі. Чакаецца, што Украіна можа далучыцца да гэтага працэсу і падтрымаць намаганні беларускіх дэмакратычных сілаў. Значную працу ў гэтым кірунку правёў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка. Важна, каб быў створаны механізм прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці, у тым ліку, за саўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Акрамя таго, размова можа ісці пра стратэгічнае планаванне. Калі зірнуць на карту, становіцца відавочна: без дэмакратычнай Беларусі немагчыма гарантаваць устойлівую бяспеку ва Усходняй Еўропе. Пакуль Расія захоўвае кантроль над беларускай тэрыторыяй як плацдармам, пагроза будзе заставацца. Таму для Украіны лагічна ўключаць беларускі фактар у будучую архітэктуру бяспекі, у тым ліку ў кантэксце магчымых мірных дамоўленасцей.

— А якая павестка дня ў самой Украіны, апроч фактару бяспекі? Чаму зараз Кіеў актывізуе беларускі трэк?

— Украіна зацікаўленая ў стабільнай і прадказальнай Беларусі. Сёння ж з беларускай тэрыторыі працягваюць зыходзіць пагрозы: там размешчаныя расійскія войскі і магчыма тактычная ядзерная зброя. Існуюць рызыкі правакацый. Таму неабходная каардынацыя дзеянняў.

Акрамя таго, Кіеў зацікаўлены ў доўгатэрміновым і празрыстым фармаце адносін з беларускім грамадствам. Мы бачым прыклады агентурнай дзейнасці і агрэсіўнай рыторыкі з боку рэжыму Лукашэнкі. Хаця Беларусь выкарыстоўваецца як пляцоўка для абмену ваеннапалоннымі, украінскія грамадзяне не могуць адчуваць сябе там у бяспецы. Гісторыя паказвае: дамоўленасці з Лукашэнкам не працуюць.

— Што ў практычным вымярэнні могуць прапанаваць беларускія дэмакратычныя сілы Украіне?

— Перш за ўсё — каардынацыю і экспертызу. Яны валодаюць глыбокім разуменнем сітуацыі ўнутры краіны, працуюць расследавальніцкія праекты, ініцыятывы накшталт BelPol. Ёсць патэнцыял для верыфікацыі інфармацыі і супрацы з міжнароднымі партнёрамі.

Таксама важны мабілізацыйны і грамадскі фактар: пазіцыя беларускага грамадства істотна адрозніваецца ад пазіцыі рэжыму. Стварэнне спрыяльных умоваў для беларусаў можа стаць інвестыцыяй у будучыню. Практычныя крокі павінны спалучацца са стратэгічным планаваннем.

І, безумоўна, пытанне адказнасці — у тым ліку трыбуналу — застаецца надзвычай адчувальным для самога Аляксадра Лукашэнкі. Сінхранізацыя намаганняў можа пазбавіць Крэмль аргументаў пра нібыта «самастойнасць» Лукашэнкі як суб’екта міжнароднай палітыкі.

— Напрыканцы зноў звернемся да цытаты Святланы Ціханоўскай адносна спробы ўнесці раскол у дэмакратычныя сілы. Ці ўплывае на гэта геаграфічны фактар — пераезд каманды самой Ціханоўскай у Варшаву, актыўнасць Калескнікавай у Берліне?

— Безумоўна, фактараў шмат. Для Польшчы важна рэгіянальнае лідарства, і прысутнасць офіса Ціханоўскай у Варшаве — частка гэтай стратэгіі. У польскай палітыцы існуе кансэнсус адносна неабходнасці падтрымкі беларускіх дэмакратычных сілаў і супрацьдзеяння расійскай агрэсіі.

Улічваючы агрэсіўныя заявы Масквы, разуменне беларускага кантэксту становіцца крытычна важным. Патрэбна экспертыза, маніторынг і гатоўнасць да розных сцэнарыяў развіцця падзей. Без уліку беларускага фактару немагчыма эфектыўна супрацьстаяць расійскім планам у Еўропе. (...)

Слухайце аўдыё!

эж

Уладзімір Зяленскі: «Я не лічу, што Беларусь – гэта Расія»

15.05.2023 13:18
Апошнімі днямі Уладзімір Зяленскі наведаў некалькі еўрапейскіх краін: Італію, Ватыкан, Германію, Францыю, сёння знаходзіцца ў Вялікабрытаніі.