Беларуская Служба

ЗША вяртаюцца на Паўднёвы Каўказ з глабальным праектам

18.02.2026 12:50
На пачатку лютага віцэ-прэзідэнт ЗША наведаў з афіцыйным візітам Арменію і Азербайджан.
-  . .
Віцэ-прэзідэнт ЗША Дж. Д. Вэнс наведаў АрменіюVAHRAM BAGHDASARYAN/PHOTOLURE POOL/PAP/EPA

Цэнтральнай тэмай дадзенай паездкі на Паўднёвы Каўказ стала падрыхтоўка да запуску так званага «калідора Трампа», гэта новы транспартны маршрут, які спалучыць Азербайджан праз Арменію з Турцыяй. Гэтая ініцыятыва можа стабілізаваць сітуацыю ў рэгіёне, дзе доўгія гады ішла вайна. 

У мінулым годзе Дональд Трамп вырашыў даўні канфлікт паміж Арменіяй і Азербайджанам, што цяпер лічыцца адным з несумнеўных поспехаў яго адміністрацыі. Гэта пацвярджаецца сцэнай 22 студзеня ў Давосе, дзе адбылося ўрачыстае падпісанне статута новай міжнароднай арганізацыі – Рады міру. А падчас інаўгурацыі амерыканскі прэзідэнт сядзеў на сцэне паміж прэзідэнтам Азербайджану Аліевым і прэмʼер-міністрам Арменіі.
На пачатку лютага віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Ды Вэнс наведаў з афіцыйным візітам Арменію і Азербайджан. Цэнтральнай тэмай яго паездкі на Паўднёвы Каўказ стала падрыхтоўка да запуску так званага «маршруту Трампа», больш вядомага як Зангезурскі ці Сюніцкі калідор. У Ерэване Вэнс заключыў пагадненне аб супрацоўніцтве ЗША і Арменіі ў сферы грамадзянскай ядзернай энергетыкі, што дазволіць краіне знізіць залежнасць ад «Расатама». А ў Баку разам з Ільхамам Аліевым падпісаў хартыю аб стратэгічным супрацоўніцтве Азербайджану і ЗША.

Што з гэтага можа атрымацца, з такім пытаннем звяртаемся да эксперта па Каўказе, выкладчыка Варшаўскага ўніверсітэту і эксперта Акадэмічнага цэнтру стратэгічнага аналізу др. Конрада Заштаўта.

— Паміж Злучанымі Штатамі і дзяржавамі Каўказа існуе даўняя гісторыя супрацоўніцтва. Паўднёвы Каўказ успрымаецца як брама або мост паміж Еўропай і Цэнтральнай Азіяй. З моманту распаду Савецкага Саюзу цягам наступных дзесяцігоддзяў Злучаныя Штаты вельмі былі зацікаўленыя прысутнасцю ў дадзеным рэгіёне, асабліва доступам да рознай сыравіны. У 1990-ыя і пачатку 2000-х гадоў гаворка ішла ў асноўным пра газ і нафту. Цяпер ідзецца пра рэдкія металы. Што праўда апошнія дзесяцігоддзі, пачынаючы прыкладна з прэзідэнцтва Абамы, цікавасць да Каўказа ў Злучаных Штатах значна знізілася. Цяпер адбываецца вяртанне ЗША на Паўднёвы Каўказ. Пра гэта сведчыць той факт, што Дональд Трамп удзельнічаў у выпрацоўцы мірнага пагаднення паміж Арменіяй і Азербайджанам або спрыяў яму. Цяпер Вашынгтон мае бізнес-планы, асабліва звязаныя з «калідорам Трампа», прызначаным для стабілізацыі рэгіёну, дзе таксама чакаецца ўдзел амерыканскіх грошай і амерыканскіх кампаній.

Ці ўсе ў Арменіі падтрымліваюць такую раптоўную і рэзкую змену знешняй палітыкі краіны на карысць Захаду, а не Расіі? Апроч таго тут ідзецца пра эканамічнае супрацоўніцтва з Азербайджанам, які шмат гадоў лічыўся ворагам.

— Арменія – дэмакратычная краіна, дзе вядзецца дыскусія паміж рознымі палітычнымі групамі і ёсць розныя бачанні развіцця будучыні Арменіі. У цяперашні час, урад Пашыняна відавочна вельмі праамерыканскі, і празаходні. Натуральна, яго апаненты крытыкуюць тое, што ён робіць. Крытыка тычыцца і згаданага транспартнага калідора. На паперы план гэтага калідора і ўсе звязаныя з ім бізнес-ідэі, транспартныя і энергетычныя аспекты ўражваюць, бо зʼяўляецца выйгрышным для ўсіх: Азербайджану, Арменіі, іншых краін рэгіёну, такіх як Турцыя, і ЗША. Пакуль што рана казаць пра тое, як гэта будзе выглядаць на практыцы, бо ўсё гэта яшчэ на стадыі планавання, толькі на паперы.

Але амерыканцы ўжо пачалі эканамічнае супрацоўніцтва, нядаўна кампанія Firebird, падпісала інвестыцыйнае пагадненне аб стварэнні цэнтраў апрацоўкі дадзеных у Арменіі на суму 500 мільёнаў долараў.

— Калі казаць пра Арменію, Злучаныя Штаты заўсёды былі значным інвестарам. Цікавасць да Арменіі трымаецца гадамі, ці нават дзесяцігоддзямі, але менш па бізнес-прычынах, а больш па палітычных, з-за таго, што ёсць велізарная армянская дыяспара ў Злучаных Штатах. З пункту гледжання кожнага прэзідэнта ЗША, гэта група выбарцаў, якіх нельга ігнараваць. У сваю чаргу дыяспара думае пра сваю старую радзіму і таксама будуе сувязі паміж Злучанымі Штатамі і Арменіяй. Адсюль амерыканскі бізнес, амерыканскія грошы і інвестыцыі былі там раней, але цяпер назіраецца рост цікавасці.

Падчас візіту была падпісана Хартыя стратэгічнага супрацоўніцтва паміж Злучанымі Штатамі і Азербайджанам. Што гэта за дакумент і што ён насамрэч азначае?

— Ёсць шэраг такіх дакументаў, адзін з ім быў падпісаны ў сярэдзіне мінулага месяца. У асноўным ідзецца пра транспартны калідор. Я лічу, што ўсе гэтыя дакументы варта разглядаць у першую чаргу праз палітычную прызму. Сэнс тут у тым, што з пункту гледжання каўказскіх дзяржаў важна прадставіць мірнае пагадненне свайму грамадству як поспеху. Прэмʼер-міністру Арменіі няпроста пераканаць армянаў, што будучае супрацоўніцтва выгадна для армянскага грамадства, як і прэзідэнту Азербайджану.

Чаму?

— Напрыклад, Азербайджан бачаць для сябе карысць, але будуць і пэўныя выгады для Арменіі. Трэба памятаць што абодва гэтыя грамадства жылі канфліктам дзесяцігоддзямі, таму цяпер патрэбны элемент PR для супакойвання грамадства. Амерыканцам таксама гэта важна, бо з пункту гледжання іх эканомікі прыбытак ад інвестыцый у Паўднёвы Каўказ не будзе рэвалюцыйным, а, хутчэй, прынясе малы даход у маштабе найбуйнейшай эканомікі ў свеце. Таму прэзідэнт Дональд Трамп хваліцца колькасцю войнаў, якія ён скончыў, а Паўднёвы Каўказ – гэта адзін з тых сапраўдных прыкладаў поспеху. Вядома, што абодва бакі так ці інакш самі спынілі б гэты канфлікт, але Злучаныя Штаты адыгралі тут станоўчую ролю.

Абвяшчаючы пра «калідор Трампа», амерыканская прэзідэнцкая адміністрацыя казала пра «міжнародны мір і дабрабыт». Які дабрабыт амерыканцы прынясуць гэтаму рэгіёну?

— Я думаю, што амерыканскія структуры, якія будуць ім удзельнічаць, спадзяюцца зʼехаць адсюль з валізкамі грошай. Справа ў тым, што гэта калідор, які злучыць багатую краіну – Азербайджан раёнам Нахічэвань, але гэта маршрут, таксама вядзе ў Турцыю, і стане важным элементам еўразійскага маршруту, або новага «Шаўковага шляху», які спалучыць Еўропу праз Турцыю, праз Каўказ, з Цэнтральнай Азіяй і Кітаем. Нядаўна пачалі казаць пра тое, што гэта таксама будзе маршрут для перадачы электраэнергіі, і не толькі лакальна паміж Азербайджанам, Арменіяй і Нахічэванню, але гэтая электраэнергія таксама магла б экспартавацца нават з краін Цэнтральнай Азіі праз Каспійскае мора ажно ў Турцыю, і нават у Еўропу.

Якая пазіцыя двух іншых важных гульцоў у рэгіёне – я маю на ўвазе Іран і Расію?

— Што да Ірану, Тэгеран вельмі неахвотна разглядаў усе гэтыя праекты па стварэнні аўтамабільнага і чыгуначнага злучэння праз Арменію Азербайджан з Нахічэванню і Турцыяй. Але Іран нічога не мог з гэтым зрабіць нават у лепшыя часы. Іран зараз перажывае цяжкія часы, урад у Тэгеране даволі слабы і заняты сваімі праблемамі. Іран можа толькі рытарычна крытыкаваць і скардзіцца. Цяпер Іран можа рэальна прайграць, бо раней частка транзіту ішла праз Іран, а цяпер усё пойдзе праз «калідор Трампа» праз Зангезурскі рэгіён. Што тычыцца Расіі, Крэмль у цэлым губляе свой уплыў на Паўднёвым Каўказе ўжо шмат гадоў. Ключавым момантам быў 2020 год і так званая Другая Карабахская вайна, калі Азербайджану ўдалося вярнуць некантраляваную сепаратысцкую тэрыторыю ў адносна кароткай вайне, якая доўжылася крыху больш за месяц. Пасля гэтага Расія працягвала выконваць ролю міратворцы, але ў 2023 годзе Азербайджан правёў чарговую ваенную аперацыю, якая скончылася тым, што ўсе армяне ўцяклі з Карабаху, і ўвесь рэгіён быў далучана да Азербайджану. Такім чынам, Расія страціла свой уплыў. Расія застаецца прысутнай толькі ў Арменіі, на базе ў Гюмры, якая дагэтуль зʼяўляецца найбуйнейшай ваеннай базай Расіі за яе межамі. Пакуль што размоў пра закрыццё гэтай базы не вядзецца. Палітычна ўрад Пашыняна ў цяперашні час вельмі стрымана ставіцца да Расіі, а Крэмль хацеў бы бачыць іншую асобу на пасадзе прэмʼер-міністра Арменіі. Хутка ў Арменіі адбудуцца выбары, таму паглядзім, што будзе, але перамена малаверагодная.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч