Несумненна Расія адмоўна ацэньвае амерыкана-ізраільскі напад на Іран, а перш за ўсё, факт дзеянняў, накіраваных непасрэдна на забойства кіраўніка дзяржавы. Кожны дыктатар баіцца такой практыкі, пераконвае ў інтэрв’ю старонцы defence24.pl доктар юрыдычных навук, гісторык дзяржавы і права, заснавальнік і старшыня Фонду «Інстытут усходняга права імя Габрыеля Шэршаневіча» Міхал Патрык Садлоўскі.
Паводле яго, Масква ўспрыняла б амерыкана-ізраільскі поспех у Іране, і асабліва змену рэжыму ў Тэгеране, якая была б станоўчай для Вашынгтона, як аслабленне сваіх пазіцый у гэтай краіне і рэгіёне.
Дʼябал хаваецца ў дэталях
— Масква разглядае любое ўмацаванне Захаду, у тым ліку Злучаных Штатаў, паблізу межаў Расіі або межаў сваёй сферы ўплыву, якую Расія лічыць сферай сваіх геапалітычных амбіцый і планаў, як шкоднае для сваіх інтарэсаў. Аднак, як і ў любой справе, дʼябал хаваецца ў дэталях. З аднаго боку, Іран быў і застаецца партнёрам у ідэалагічным, геапалітычным і эканамічным супрацьстаянні Захаду, а ва ўмовах рэжыму санкцый, асабліва з 2022 года, эканамічнае і ваеннае супрацоўніцтва Масквы з Тэгеранам аказалася важнай часткай ваенных намаганняў Расіі. Можна сказаць, што Расія ўскосна ўсё яшчэ мяжуе з Іранам, што звязана з ваеннай прысутнасцю Расіі ў Арменіі. Ужо толькі па гэтай прычыне канфлікт патэнцыйна небяспечны для Масквы, бо ён можа, напрыклад, пашырыцца на Паўднёвы Каўказ з-за напружанасці паміж Баку і Тэгеранам, ізраільска-азербайджанскіх сувязяў у цэлым і нядаўняй актыўнасці ЗША ў Арменіі і Азербайджане. Гэты рэгіён для Крамля — важная частка постсавецкай прасторы(…)Пагроза агульнай дэстабілізацыі, у тым ліку рэлігійнай і тэрарыстычнай радыкалізацыі, застаецца значнай, — нагадвае эксперт.
З іншага боку, паводле яго, значная частка расійскіх элітаў даўно прызнае, што Іран зʼяўляецца чужым Расіі. Гэта звязана з моўнымі, культурнымі і палітычнымі барʼерамі, якія ў значнай ступені вынікаюць са спецыфікі палітычнай сістэмы.
Перавагай Расіі застаецца пашыраны дыпламатычны апарат
Ці можа Расія вырашыць аказаць Ірану рэальную падтрымку — палітычную, ваенную ці эканамічную?
— Заангажаванне Расіі ў вайну супраць Украіны азначае, што ў яе вельмі абмежаваныя магчымасці падтрымкі каго-небудзь. Вядома, яна павінна ў першую чаргу падтрымліваць рэзервы для вайны супраць Украіны і, напрыклад, любую эскалацыю ў іншых еўрапейскіх напрамках у будучыні. Тым не менш, разведвальная і інфармацыйная падтрымка, адпраўка інструктараў, навучанне іранскіх вайскоўцаў і асобная ваенна-тэхнічная падтрымка — усё гэта магчымыя варыянты. Важна адзначыць, што перавагай Расіі застаецца пашыраны дыпламатычны апарат, які, улічваючы свой статус, усё яшчэ мае шмат магчымасцей для атрымання інфармацыі і ўплыву на іншыя краіны, міжнародныя структуры і г.д. У гэтым плане Расія будзе, у той ступені, у якой палічыць гэта мэтазгодным, падтрымліваць Іран, — пераконвае Міхал Патрык Садлоўскі ў размове з defence24.pl.
аз