Пра гэта ішла размова на лекцыі доктара гістарычных навук Віктара Шадурскага «Еўрапейскі выбар Беларусі: выклікі і перспектывы».
Беларускі гісторык выступіў у Варшаве ў межах ініцыятывы Беларускага даследчага ўніверсітэту імя Аўстафія Валовіча. На пачатку выступу даследчык нагадаў: Беларусь на працягу стагоддзяў знаходзіцца на мяжы розных цывілізацый, рэлігій і геапалітычных цэнтраў.
У беларускім грамадстве існуюць розныя падыходы да гісторыі краіны, да пытанняў мовы, дзяржаўнасці і міжнароднай арыентацыі. Паводле Шадурскага, Беларусь можна назваць расколатай нацыяй – у ёй суіснуюць розныя светапоглядныя і культурныя арыенціры. Нягледзячы на тое, што краіна геаграфічна знаходзіцца ў Еўропе, перад ёй заўсёды стаялі некалькі магчымых шляхоў развіцця: інтэграцыя з Еўразвязам, нейтральная палітыка або цесны саюз з Расеяй.
Гісторык адзначыў, што ў пачатку 1990-х гадоў частка беларускай палітычнай эліты выступала за еўрапейскі курс. Аднак пасля канстытуцыйнага крызісу 1996 года Беларусь пачала значна больш актыўна збліжацца з Расеяй, а адносіны з Захадам пагоршыліся. У адрозненні ад суседзяў Беларусь сёння надалей знаходзіцца ў пераходным перыядзе ад аўтарытарнай сістэмы да дэмакратыі, распавёў навуковец.
— Сітуацыя ў Беларусі – гэта своеасаблівы пераходны перыяд ад аўтарытарнай або нават таталітарнай сістэмы да дэмакратычнай. У некаторых краінах такі пераход зацягваецца. Мы можам параўнаць гэта, напрыклад, з сітуацыяй у Польшы ў 1980-я гады, калі таксама адбывалася барацьба за палітычныя змены. Але там усё ж былі іншыя гістарычныя традыцыі і мацнейшыя незалежныя структуры грамадства. Таму гэта не цалкам унікальная сітуацыя – падобныя працэсы адбываліся ў розных краінах. Унікальнасць Беларусі, хутчэй, у тым, што гэты працэс адбываецца ўжо ў XXI-м стагоддзі – у эпоху развітых інфармацыйных тэхналогіяў, глабальнай камунікацыі і штучнага інтэлекту. У цэлым жа кожная нацыя праходзіць свой шлях да дэмакратыі па-свойму і ў розныя гістарычныя эпохі.
Доўгі час улады ў Беларусі спрабавалі балансаваць паміж Усходам і Захадам. Мінск удзельнічаў у розных праектах супрацоўніцтва з Еўразвязам, у тым ліку ў праграме «Усходняе партнёрства». Але, паводле Шадурскага, гэта не суправаджалася істотнымі дэмакратычнымі зменамі ўнутры краіны. Пасля падзей 2020 года і пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны сітуацыя змянілася.
Беларусь у вачах Еўразвязу ўсё часцей успрымаецца як саюзнік Расеі і плацдарм для яе ваеннага і палітычнага ўплыву. Сацыялагічныя даследаванні паказваюць: большасць беларусаў падтрымлівае незалежнасць краіны. Каля 70 працэнтаў выступаюць за тое, каб Беларусь заставалася суверэннай дзяржавай, але падтрымлівала супрацоўніцтва з Расеяй. Ідэю ўключэння Беларусі ў склад Расейскай Федэрацыі падтрымлівае толькі невялікая частка грамадства. Пры гэтым праеўрапейскія настроі таксама прысутнічаюць – паводле даследаванняў, іх могуць падтрымліваць да 40 працэнтаў беларусаў.
Гісторык назваў некалькі фактараў чаму ў Беларусі няма масавых антырасейскіх выступленняў. Сярод іх – моцныя эканамічныя сувязі з Расеяй, савецкая культурная спадчына, шырокае выкарыстанне расейскай мовы, а таксама значны ўплыў расейскіх медыяў. Дадаткова дзейнічаюць дзяржаўная прапаганда і рэпрэсіі супраць праеўрапейскіх актывістаў.
Яшчэ адно пытанне датычылася магчымасці дэмакратычных зменаў у Беларусі без зменаў у геапалітычнай сітуацыі. Паводле Шадурскага, сёння гэта вельмі складана ўявіць. Істотныя палітычныя змены ў краіне магчымыя толькі пасля заканчэння вайны і стабілізацыі сітуацыі ва Усходняй Еўропе.
— Сёння ў нашым рэгіёне, у непасрэдным суседстве, ідзе вайна. Таму без заканчэння вайны, без перамогі Украіны і пачатку яе мірнага развіцця цяжка спадзявацца, што ў Беларусі адбудуцца істотныя палітычныя змены. Мы бачым, што Еўрапейскі Саюз зацікаўлены ў вырашэнні сітуацыі, але ўсё ж такі шмат залежыць ад саміх актараў Усходняй Еўропы і ад таго, як будзе развівацца рэгіянальная геапалітычная сітуацыя».
Слухачы пацікавіліся, што павінна адбыцца, каб Беларусь змагла вярнуцца да еўрапейскага дэмакратычнага шляху.
Паводле Шадурскага, ключавым крокам павінна стаць правядзенне свабодных і справядлівых выбараў. Менавіта тады беларусы змогуць самі вызначыць знешнепалітычныя прыярытэты краіны і сфармаваць прадстаўнікоў улады, якія будуць адказваць перад грамадствам. Як падкрэсліў гісторык, галоўнае – каб беларускі народ сапраўды меў магчымасць уплываць на палітычныя рашэнні.
Важна, каб народ сапраўды меў голас і значэнне, каб яго воля не падмянялася рашэннямі вузкай групы, якая можа знаходзіцца пад уплывам знешніх фактараў.
— Найперш у Беларусі павінны адбыцца свабодныя і справядлівыя выбары, каб беларусы маглі самі выбіраць свае знешнепалітычныя прыярытэты і фармаваць прадстаўніцтва, якое будзе вызначаць унутраную і знешнюю палітыку краіны. Важна, каб народ сапраўды меў голас і значэнне, каб яго воля не падмянялася рашэннямі вузкай групы, якая можа знаходзіцца пад уплывам знешніх фактараў».
«Найважнейшае – даць слова народу», – падсумаваў сваю лекцыю Віктар Шадурскі.
уз