Беларуская Служба

Мікола Дзядок: Без вызвалення ўсіх палітвязняў і размарозкі палітычнага клімату ў Беларусі — «выпускаць» калій нельга

20.03.2026 16:34
«І ўсё ж уласную ацэнку фармулюе адназначна: калі на шалях жыццё сотняў людзей, станоўчае пераважае, а значыць трэба гэта працягваць».
Аўдыё
  • Мікола Дзядок: Без вызвалення ўсіх палітвязняў і размарозкі палітычнага клімату ў Беларусі — «выпускаць» калій нельга
Мікола ДзядокБеларуская служба Польскага радыё/Я. Іванюк

У чацвер, 19 сакавіка, рэжым Аляксандра Лукашэнкі пасля кантактаў з прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША вызваліў 250 палітычных зняволеных. Пятнаццаць чалавек адразу выдалілі ў Літву, астатнія засталіся ў Беларусі. На волю выйшлі журналістка Кацярына Андрэева, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Наста Лойка, блогер Эдуард Пальчыс і іншыя.

Для беларускай дэмакратычнай супольнасці гэта стала адначасова і вялікай радасцю, і падставай для новых цяжкіх пытанняў: што стаіць за гэтым вызваленнем, дзе мяжа дапушчальнага ў такім гандлі?

Публіцыст і былы палітвязень Мікола Дзядок ацэньвае падзею без эйфарыі, але і без халоднага цынізму. На яго думку, для беларускага грамадства вызваленне сотняў людзей — безумоўнае дабро. Гэта вяртанне з няволі журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў, тых, хто складае грамадзянскі і маральны стрыжань краіны. Многія з іх правялі ў турмах гады, у «нялюдскіх умовах, зазнаючы катаванні», і частка з іх магла проста не дажыць да вызвалення.

— Для нас гэта вялікая радасць. Мы бачым сяброў, родных на свабодзе, — кажа Дзядок. І ў гэтым сэнсе, — падкрэслівае ён, — гаворка ідзе не пра абстрактную палітыку, а пра канкрэтныя чалавечыя жыцці. Галоўнае — мы захавалі жыцці людзей.

Але за гэтай радасцю стаіць і палітычны разлік. Дзядок не ідэалізуе сітуацыю і адкрыта прызнае: такія вызваленні адбываюцца ў логіцы цынічнага гандлю. Частковае паслабленне санкцый, новыя фінансавыя або лагістычныя магчымасці для Мінска, а праз яго і для Масквы, могуць мець небяспечныя наступствы. Найперш — для Украіны.

— Трэба казаць проста: гэта гандаль. Як бы цынічна гэта ні гучала, — адзначае публіцыст. І ўсё ж уласную ацэнку фармулюе адназначна: калі на шалях жыццё сотняў людзей, станоўчае пераважае, то трэба гэта працягваць.

Асобна Дзядок звяртае ўвагу на тых, хто выйшаў на волю, але застаўся ў Беларусі. На першы погляд можа здацца, што рэжым змяніў падыход. Аднак, на яго думку, гаворка хутчэй пра карэкцыю тактыкі. Былыя палітвязні не атрымаюць спакойнага жыцця: іх чакаюць адміністрацыйны нагляд, пастаянныя праверкі, ператрусы, правакацыі, арышты на суткі.

— Рэжым будзе рабіць усё, каб, калі не ўсіх, то вялікую частку гэтых людзей усё роўна выштурхнуць за мяжу, — разважае Дзядок. Інакш кажучы, Мінск хоча паказаць Вашынгтону прыгожую карцінку, але не гатовы мірыцца з прысутнасцю вядомых і нязломленых людзей унутры краіны.

У гэтым кантэксце яшчэ больш востра гучыць гісторыя Анджэя Пачобута. Чаму ён не трапіў у спіс вызваленых, нягледзячы на крокі Варшавы насустрач Мінску? Дзядок бачыць дзве прычыны. Першая — ірацыянальная. Беларускі рэжым, паводле яго, прасякнуты агрэсіўнай палонафобіяй.

— Яны люта ненавідзяць Польшчу і ўсё польскае, — упэўнены ён, згадваючы мову дзяржаўнай прапаганды. — Другая прычына цалкам прагматычная: Пачобут застаецца для ўлады «высокакаштоўным актывам», які варта прыберагчы для наступнага этапу гандлю.

Але вызваленне палітвязняў — гэта толькі частка шырэйшай гульні, у якой Лукашэнка спрабуе адначасова гандлявацца з Захадам і не раззлаваць Масквы. На думку Дзядка, у Крамлі Беларусь даўно разглядаюць не як саюзніка, а як плацдарм для агрэсіі супраць Польшчы, Украіны і балтыйскіх рэспублік. І хоць сам Лукашэнка можа супраціўляцца гэтым сцэнарам, робіць гэта не з прынцыпаў, а з інстынкту самазахавання.

— Усю гэтую ягоную рыторыку пра «мірнае неба» і «можам ударыць» трэба перакладаць на чалавечую мову: я хачу жыць, — жорстка фармулюе Дзядок. Лукашэнка разумее: вялікая вайна з удзелам Беларусі стане пагрозай і для яго асабістай улады, і для ягонага фізічнага выжывання.

Таму, мяркуе Дзядок, нейтралітэт Беларусі ў сённяшніх умовах — ілюзія.

— З такім суседам, як Расія, ніякі нейтралітэт немагчымы. Або мы з еўрапейскімі народамі, або мы плацдарм для нападу на іх, — перакананы публіцыст. — У гэтай логіцы любыя спробы Мінска «вырвацца з абдымкаў Масквы» будуць мець вельмі вузкія межы. Лукашэнка можа тармазіць асобныя планы Крамля, можа шантажаваць Захад вызваленнямі і гібрыднымі атакамі, але не здольны змяніць саму сутнасць рэжыму: ён застаецца часткай расійскай сферы ўплыву.

Менавіта тут, паводле Дзядка, праходзіць галоўная маральная і палітычная мяжа. Для заходняй цывілізацыі чалавек — важнейшая каштоўнасць. Для аўтарытарнага рэжыму чалавек — інструмент і разменная манета, як у выпадку гандлю палітвязнямі.  Пакуль гэтая логіка дзейнічае, нават вызваленне сотняў людзей не азначае сапраўднай лібералізацыі. Але кожнае выратаванае жыццё ўсё адно застаецца безумоўнай вартасцю — і, магчыма, адзінай мовай, якая сёння яшчэ прымушае гэты рэжым ісці хоць на нейкія саступкі, — кажа Мікола Дзядок.

Размову з Мікалаем Дзядком цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле!

эж

На свабоду выйшлі агулам 250 чалавек, частку вывезлі ў Літву, але большасць засталася

19.03.2026 17:29
Амерыканскі бок націскаў раней на Беларусь, каб не дэпартаваць вызваленых.