27 сакавіка ў польскай сталіцы адбылася ўрачыстасць прысвечаная Дню Волі. Вечарына была арганізаваная сумесна Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча і Адзіным пераходным урадам Беларусі, і прайшла ў Музычным універсітэце імя Фрэдэрыка Шапэна. Імпрэза была прысвечаная ўсім змагарам за незалежнасць Беларусі. Пра гэта казаў, адкрываючы ўрачыстасць прафесар, прарэктар па навуцы Музычнага ўніверсітэту імя Фрэдэрыка Шапэна Ігнацый Залеўскі.
— Для нас вялікі гонар быць гаспадарамі канцэрту, прысвечанага Дню Волі, даты якая мае асаблівае значэнне для беларускага народу, для ўсіх, хто шануе свабоду.
Пра важнасць салідарнасці прысутным нагадаў дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных спраў Уладзіслаў Тэафіл Барташэўскі.
— Ці ёсць сэнс верыць у незалежнасць, калі Вас акружаюць дыктатары, якія прыгнятаюць Ваш народ? Іншага варыянту няма, бо мы абралі той самы шлях. Вядома, Польшчы было лягчэй, бо мы не былі часткай Савецкага Саюзу, у нас дзесяцігоддзямі існаваў незалежны ўрад у выгнанні, і мы заўсёды верылі, што гэты ўрад — правільны ўрад для нашай дзяржавы. Мы заўсёды верылі, што аднойчы мы будзем свабоднымі. Нам спатрэбілася 123 гады, пасля падзелаў. Я нікому столькі часу не жадаю, я таксама ўпэўнены, што вам не прыйдзецца так доўга чакаць. Я ведаю, што з 2020 года прайшло амаль шэсць гадоў. Але ёсць святло: у вас ёсць прадстаўнікі, якія працуюць вельмі эфектыўна і спрабуюць зрабіць самае галоўнае, а менавіта абʼяднаць розныя групы беларускіх эмігрантаў, якія тут могуць працаваць як свабодныя людзі. У вас могуць быць розныя погляды, але ёсць фундаментальная мэта кожнага беларуса — стварыць суверэнную, незалежную, дэмакратычную Беларусь як частку Еўропы.
Старшыня Абʼяднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская зазначыла, што незалежнасць — найбольшая каштоўнасць для кожнага народу.
— У гэты дзень 108 год таму Беларусь абвясціла незалежнасць. Гэта самая каштоўная рэч, што ёсць у кожнага народу. Незалежнасць не звалілася на нас з нябёс, як многія кажуць. Яна далася беларусам вялікімі ахвярамі. За яе змагалася не адно пакаленне беларусаў. Насамрэч не ўсім народам гэта ўдалося, а мы, беларусы, змаглі. Тады Беларуская Народная Рэспубліка прастаяла нядоўга, але без яе не было б і незалежнай Беларусі сёння. На жаль, больш за стагоддзе наша незалежнасць зноў апынулася пад пагрозай. І зноў беларусы вымушаны за яе змагацца. І здаецца прайшло ўжо так шмат часу, але вораг той жа. Але і мы ўжо з вамі навучаныя і сваю незалежнасць нікому не аддамо.
Прысутныя на ўрачыстасці прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных колаў, няўрадавых і навуковых структур зазначалі, што ўдзячныя польскаму боку за арганізацыю святкавання дня Волі — гэта сведчанне салідарнасці палякаў з беларусамі, зазначыў прадстаўнік па справах культуры Абʼяднанага пераходнага кабінета Павал Баркоўскі.
— Мы вельмі ўдзячныя Міністэрству замежных спраў за тое, што разам з намі ўжо чацвёрты год ладзіць гэтае мерапрыемства на Дзень Волі. Беларусь гучыць на палітычнай павестцы, бо мы суседзі, існавання, якіх не магчыма ігнараваць. Як казаў калісьці Ежы Гедройць, без вольнай Беларусі і Украіны не будзе вольнай Польшчы.
Польшча цвёрда падтрымлівае незалежнасць і дэмакратыю ў Беларусі, перакананы старшыня «Беларускага дому ў Варшаве» Алесь Зарэмбюк.
— Гэта сведчыць пра тое, што польская дзяржава хоча бачыць дэмакратычную і незалежную Беларусь, нягледзячы на ўсе геапалітычныя змены, польская дзяржава цвёрда стаіць на кірунку падтрымкі каштоўнасцяў, дэмакратыі, незалежнасці Беларусі пад бел-чырвона-белым сцягам.
На ўрачыстасці моцна адчувалася пачуццё салідарнасці двух народаў: польскага і беларускага, што дадае сілаў, падкрэсліў намеснік галоўнага рэдактара Free Belarus Journal Пётр Рудкоўскі.
— Бачна, што падтрымка гэта застаецца, і за гэта вялікі рэспект для Польшчы, і таксама паказвае пэўны патэнцыял беларускіх дэмакратычных сілаў, што ў іх бачаць усё ж такі патэнцыял на будучыню. Гэта момант, калі бачна пачуццё салідарнасці, не толькі ўнутры беларускай грамадскасці, але двух народаў, што, канешне, дадае сілаў.
Урачыстасць завершылася выступаў беларускага мужчынскага хору.
Юры Ліхтаровіч