У Кіеў прыбыла дэлегацыя лідараў Еўрасаюза. Еўрапейскія палітыкі кажуць пра тое, што нельга забываць расійскія злачынствы ва Украіне. У самой Расіі працягваюць адрынаць адказнасць расійскіх вайскоўцаў за Бучу ды іншыя злачынствы. Хаўруснік Крамля – Лукашэнка проста маўчыць і не згадвае пра тыя падзеі.
31 сакавіка спаўняецца чацвёртая гадавіна вызвалення Бучы. У пачатку поўнамаштабнай агрэсіі расіяне акупавалі гэты горад пад Кіевам. Яны расстрэльвалі там мірных жыхароў і катавалі іх. Буча стала сімвалам расійскай бесчалавечнасці ды тэрору, кажа карэспандэнт Польскага радыё Павал Бужка.
— На сённяшні дзень у Бучы амаль не засталося прамых слядоў вайны, але – як адзначаюць суразмоўцы Польскага радыё – чатыры гады таму, пасля вызвалення, наступствы некалькіх тыдняў расійскай акупацыі былі шакавальнымі. Як падкрэсліў у інтэрв'ю Польскаму радыё ксёндз Андрэй Галавін, прыходскі святар мясцовай царквы, ахвяры расстрэлаў ляжалі на вуліцах гораду. Ён дадаў, што ён і іншыя жыхары Бучы пахавалі 116 цел у брацкай магіле каля святыні. Усяго, паводле звестак гарадскіх уладаў, расіяне забілі ў Бучы больш за 500 мірных жыхароў, у тым ліку жанчын і дзяцей. Некалькі дзясяткаў чалавек прапалі без вестак.
Злачынцы, дзікуны – так украінскі афіцэр назваў расіян у інтэрв'ю Польскаму радыё. Максім Праскураў з брыгады «Рубеж» ваяваў на ўскраіне Кіева ў сакавіку 2022 года. Яго падраздзяленне было сярод тых, хто вызваляў Бучу, Ірпень, Гастомель і навакольныя вёскі. З ім паразмаўляў карэспандэнт Польскага радыё Мацей Ястжэбскі.
— У Максіма Праскурава дагэтуль захоўваюцца ў тэлефоне фотаздымкі цел, расстраляных на вуліцах Бучы, Макарава і Матыжына. Ён задакументаваў целы мірных жыхароў, кінутых у калодзежы. На фотаздымках відаць, што ў ахвяр расійскіх ваенных злачынстваў звязаныя рукі і ногі. «Калі яны ўвайшлі ў горад, [рускія] проста ўсё знішчалі. Мы бачылі машыны з целамі. Мы бачылі будынак, дзверы якога яны не маглі адчыніць, таму яны выстралілі з танка ў сцяну, каб знішчыць усіх унутры. Целы ляжалі на вуліцах. Яны проста так стралялі ў людзей. Для мяне гэта было проста дзікунствам», – кажа Максім Праскураў. Украінскі адвакат Ілля Новікаў у інтэрв'ю Польскаму радыё падкрэсліў, што дзякуючы сучасным тэхналогіям, у тым ліку мабільным тэлефонам, беспілотнікам і камерам відэаназірання, была выяўлена значная колькасць расіян, якія здзейснілі гэтыя злачынствы.
Расійскія злачынствы нельга забыць, заклікала спікер польскага Сената ў Кіеве. Малгажата Кідава-Блоньска наведала Украіну з нагоды чацвёртай гадавіны вызвалення Бучы пад Кіевам. Далучыўшыся да еўрапейскай і ўкраінскай дэлегацый, Малгажата Кідава-Блоньска ўшанавала памяць ахвяр расійскіх акупантаў:
— Памяць пра Бучу, пра тое, што тут здарылася, прадэманстравала, што расіяне здольныя да ўсяго: да тэрору, забойстваў, гвалтаў. Трэба пра гэта ўвесь час нагадваць.
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расія здзяйсняе масавыя зверствы супраць мірных украінцаў. Да такой высновы прыйшла спецыяльная маніторынгавая група асацыяцыі «Мемарыял». Яе старшыня Аляксандр Чаркасаў вызначыў тры раёны, дзе зафіксавана найбольшая колькасць ваенных злачынстваў: Кіеўская вобласць (у тым ліку Буча, Гастомель і Ірпень), а таксама Харкаўская і Херсонская вобласці.
Пры гэтым у самой Расіі не прызнаюць злачынстваў у Бучы, Крэмль і прапагандысты працягваюць адмаўляць віну расійскай арміі. Чаму і як гэта робіцца распавядае ўкраінскі навуковец ды медыя аналітык Сняжана Чарнюк.
— Першай рэакцыяй Расіі было, вядома, адмаўленне, кшталту гэта ўсё пастановачныя фотаздымкі, нібыта нейкі чалавек там варушыўся, калі машына праязджала побач. Таксама была інфармацыя, што, маўляў, слядоў крыві не было відаць, значыць, ніхто іх там не забіваў, значыць, гэта ўсё пастаноўка. Адразу пасля гэтага была магутная хваля дэзынфармацыі, і яна была цалкам падтрымана алгарытмамі сацыяльных сетак. Яна распаўсюджвалася хутчэй, чым праўдзівая інфармацыя. Потым Расія пачала распаўсюджвацца іншую версію, што самі ўкраінцы забілі бучан, якія нібыта падтрымлівалі расійскую армію, якая там зʼявілася. Нават у ААН пра гэта казаў расійскі прадстаўнік Палянскі ў 2024-м, ён працягваў адмаўляць тыя злачынствы, сцвярджаючы, што гэта нейкая ўкраінская прапаганда, дэзынфармацыя.
Падобную пазіцыю заняў таксама хаўруснік Пуціна – Лукашэнка. Беларускія дзяржаўныя СМІ замоўчваюць справу расійскіх злачынстваў у Бучы, дадае адмысловец.
— Сёння беларускія дэзынфарматары адчуваюць сябе абсалютна нармальна, камфортна ў расійскім полі, беларускае інфармацыйнае поле, яно такое ж, як і расійскае, там нічога іншага няма. Дарэчы, калі былі высунутыя абвінавачванні супраць аднаго з беларусаў, які здзейсніў злачынствы ў Бучы, тады, вядома, паднялася хваля адмаўленняў, што ён там не служыў, і знайшлі ў якасці сведкі нейкага беларуса, нібыта ягонага сябра, які заявіў, што той насамрэч інжынер, працаваў у Мінску. Насамрэч гэта даказаны факт, што менавіта той беларус здзяйсняў злачынствы ў Бучы, таму не варта чакаць нейкай розніцы ў бучанскім пытанні, калі беларуская прапаганда цалкам паўтарае расійскія наратывы.
Юры Ліхтаровіч