Беларуская Служба

Беларускі актывіст у Ізраілі: Не спяшайцеся з высновамі. Гэта перамір’е, вайна не скончана 

09.04.2026 12:56
Нават пры наяўнасці фармальнага перамір’я іерархія пагроз для Ізраіля істотна не змянілася: Іран і звязаныя з ім сілы ў рэгіёне працягваюць успрымацца як экзістэнцыйная пагроза.
Аўдыё
  • Беларус Ізраіля: Не спяшайцеся з высновамі. Гэта перамір’е, вайна не скончана 
.       .
Ілюстрацыя. Антыамерыканскі і антыізраільскі рэкламны шчыт у Тэгеране. PAP/EPA/ABEDIN TAHERKENAREH

Міністэрства замежных спраў Польшчы вітала дамоўленасць аб спыненні агню паміж Іранам і ЗША, падкрэсліўшы неабходнасць вырашэння канфліктаў у строгай адпаведнасці з міжнародным правам, уключаючы Статут ААН. У Варшаве адзначылі, што дыпламатычныя намаганні, у тым ліку з боку Пакістана і іншых пасярэднікаў, адыгралі важную ролю ў дасягненні перамір’я.

Польскі бок таксама звярнуў увагу на неабходнасць больш шырокага рэгіянальнага ўрэгулявання. У прыватнасці, гаворка ідзе пра стабілізацыю сітуацыі ў Ліване і забеспячэнне яго тэрытарыяльнай цэласнасці. Варшава заклікала Ізраіль падтрымаць ініцыятывы ліванскіх уладаў і распачаць прамыя перамовы, каб спыніць эскалацыю. У МЗС падкрэсліваюць: паляпшэнне сітуацыі на Блізкім Усходзе можа станоўча паўплываць не толькі на бяспеку, але і на стабільнасць паставак энергарэсурсаў.

Тым часам сітуацыя ў рэгіёне застаецца напружанай. Ізраіль нанёс масіраваныя авіяўдары па Ліване, у выніку якіх, паводле звестак міністэрства аховы здароўя ў Бейруце, загінулі не менш за 182 чалавекі, яшчэ каля 890 атрымалі раненні. Генеральны сакратар ААН Антоніо Гутэрыш рэзка асудзіў атакі, назваўшы іх пагрозай для нядаўна дасягнутага перамір’я паміж ЗША і Іранам, і заклікаў усе бакі неадкладна спыніць баявыя дзеянні.  Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Ды Вэнс пацвердзіў, што баявыя дзеянні ў Ліване не былі часткай папярэдніх дамоўленасцей з Іранам. 

На гэтым фоне, як адзначае беларускі актывіст у Ізраілі Давід Балтэ, унутры ізраільскага грамадства назіраецца выразная палярызацыя ў ацэнках таго, што адбываецца. Частка грамадства падтрымлівае жорсткі курс у адносінах да Ірана, лічачы яго ключавой пагрозай бяспецы краіны, у першую чаргу з-за рызыкі стварэння там ядзернай зброі. Іншыя ж крытычна ставяцца да любых ваенных дзеянняў, незалежна ад таго, ідзе гаворка пра іх працяг ці спыненне.

Пры гэтым, паводле Балтэ, перамір’е ўспрымаецца хутчэй як тактычная паўза, а не як сапраўдны крок да міру. Гэта не мір, а толькі кароткая паўза, — адзначае ён, падкрэсліваючы, што ў грамадстве дамінуе чаканне новага абвастрэння канфлікту ўжо ў бліжэйшай перспектыве.

Асобна актывіст звяртае ўвагу на тое, што ваенныя дзеянні пакуль не прывялі да істотных унутраных зменаў у Іране. Разлікі на тое, што ціск справакаваў бы масавыя пратэсты і аслабленне ўлады, не спраўдзіліся. На думку Балтэ, без унутраных трансфармацый у самой краіне дасягнуць устойлівага міру паміж Іранам ды Ізраелем будзе немагчыма.

У выніку, як падкрэслівае суразмоўца, нават пры наяўнасці фармальнага перамір’я агульная іерархія пагроз для Ізраіля істотна не змянілася: Іран і звязаныя з ім сілы ў рэгіёне працягваюць успрымацца як экзістэнцыйная пагроза.

— Усе думаюць, што гэта толькі перапынак на кароткі час, — рэзюмуе Балтэ.

Слухайце аўдыё!

эж


Іран — гэта не Венесуэла, там сітуацыю не будзе так лёгка змяніць

06.01.2026 21:33
Калі б Іран быў гатоў да супрацоўніцтва з Захадам, ён мог бы стаць заможнай дзяржавай.

Перамір’е паміж Іранам і ЗША. Мы назіраем за спробай усіх бакоў канфлікту выйсці з яго з захаваннем твару — эксперт

08.04.2026 11:27
Пакуль што аб'яўлена двухтыднёвае перамір'е.

МЗС: Польшча вітае перамір’е паміж Іранам і ЗША

08.04.2026 16:44
Польскі бок таксама звярнуў увагу, што мірнае пагадненне павінна ўключаць стабілізацыю сітуацыі ў Ліване і гарантыі яго тэрытарыяльнай цэласнасці.