Беларуская Служба

Войска Польскае мела захапіць Данію і частку Нідэрландаў. 71 год таму быў падпісаны Варшаўскі дагавор

14.05.2026 21:23
Польская армія была другой па колькасці арміяй пасля савецкай у Арганізацыі Варшаўскага дагавору.
Аўдыё
  • 71 год таму ў польскай сталіцы была падпісаная міжнародная дамова, якая шырока вядомая як Варшаўскі дагавор
  . 14  1955 , .
Падпісанне Варшаўскага дагавору. 14 мая 1955 года, Варшава. Warszawski Kalendarz Ilustrowany 1964, Wydawnictwo Warszawskiego Tygodnika "Stolica", Warszawa 1963, p. 41/Domena publiczna

71 год таму ў польскай сталіцы была падпісаная міжнародная дамова, якая шырока вядомая як Варшаўскі дагавор – ад назвы галоўнага горада Польшчы. Гэтае пагадненне аформіла стварэнне ваеннага саюза еўрапейскіх сацыялістычных дзяржаў на чале з Савецкім Саюзам, у процівагу НАТА. Арганізацыя праіснавала амаль 36 гадоў і была распушчаная ў 1991 годзе. Яе канец вынікаў з грамадска-палітычных перамен, якія ў той час адбываліся ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, але перш за ўсё ў Савецкім Саюзе.

14 мая 1955 года ў Варшаве быў падпісаны Дагавор аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе – гэтак афіцыйна называецца дакумент, хоць шырока ўжываецца іншая назва, а менавіта – Варшаўскі дагавор. Гэты дакумент аформіў стварэнне ваеннага саюза еўрапейскіх сацыялістычных дзяржаў пры вядучай ролі Савецкага Саюза – Арганізацыі Варшаўскага дагавора (АВД). З’яўленна структуры стала адказам на стварэнне арміі ў ФРГ і далучэнне Заходняй Германіі да НАТА.

Дагавор падпісалі Албанія (фармальна выйшла з арганізацыі ў 1968 годзе), Балгарыя, Венгрыя, ГДР, Польшча, Румынія, СССР і Чэхаславакія на Варшаўскай нарадзе еўрапейскіх дзяржаў па забеспячэнні міру і бяспекі ў Еўропе.

Манеўры войск АВД "Захад-81". Верасень 1981 года, Польская Народная Рэспубліка. CAF/PAP
Манеўры войск АВД "Захад-81". Верасень 1981 года, Польская Народная Рэспубліка. CAF/PAP

У рамках міжнароднай арганізацыі праводзіліся сумесныя камандна-штабныя і ваенныя вучэнні ды манеўры армій членскіх краін. Яны праходзілі на тэрыторыі ўсіх дзяржаў АВД. Найбольш буйнымі сталі вучэнні пад кодавымі назвамі «Квартэт» (1963), «Кастрычніцкі штурм» (1965), «Днепр» (1967), «Поўнач» (1968), «Братэрства па зброі» (1970), «Захад-81» (1981), «Шчыт-82» (1982).

Падчас дзеяння Варшаўскага дагавора паміж разведкамі краін-удзельніц вялася пастаянная каардынацыя, а з 1979 года пачала дзейнічаць глабальная сістэма радыёэлектроннай разведкі, якая ўключала ў сябе сродкі радыёэлектроннай і касмічнай разведкі СССР, Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Чэхаславакіі, ГДР, а таксама іншых сацыялістычных краін, якія не ўваходзілі ў Варшаўскі дагавор – В’етнама, Манголіі і Кубы.

Варта нагадаць, што войскі Варшаўскага дагавору ўдзельнічалі таксама ў крывавых падзеях. Так, калі 1 лістапада 1956 года Венгрыя вырашыла выйсці з АВД, савецкая армія жорстка задушыла венгерскае паўстанне. У сваю чаргу ў 1968 годзе, калі ў Чэхаславакіі пачалася «Аксамітная рэвалюцыя», на тэрыторыю краіны былі ўведзеныя войскі Варшаўскага дагавора, у тым ліку Польшчы, якія пад рулямі зброі прымусілі чэхаў і славакаў застацца ў «сацыялістычнай сям’і». Умяшанне ў справы Чэхаславакіі адбылося згодна з гэтак званай «дактрынай Брэжнева» аб прынцыпе «абмежаванага суверэнітэту». У адносінах з сацыялістычнымі краінамі, саюзнікамі Крамля, Брэжнеў ініцыяваў прымяненне дактрыны, якая прадугледжвала санкцыі ажно да ваеннага ўварвання ў тыя дзяржавы, якія спрабавалі б праводзіць незалежную ад СССР унутраную і знешнюю палітыку.

«Пражская вясна», 1968 год. Падпалены савецкі танк на вуліцы Прагі.  Сommons.wikimedia.org/The Central Intelligence Agency/public domain
«Пражская вясна», 1968 год. Падпалены савецкі танк на вуліцы Прагі.  Сommons.wikimedia.org/The Central Intelligence Agency/public domain

Хоць тэарэтычна Варшаўскі дагавор ствараўся як абаронная арганізацыя, то пасля рассакрэчвання заходніх архіваў стала вядома, што існавалі таксама планы нападу на Заходнюю Еўропу. Прычым кожны член АВД меў раней пастаўленую задачу. Так, напрыклад, Войска Польскае павінна было захапіць Ютландыю, узяць пад кантроль дацкія пралівы і акупаваць Данію, а таксама частку Нідэрландаў. Пра стратэгічныя планы Войска Польскага ў рамках аператыўных дзеянняў Варшаўскага дагавору расказвае кандыдат гістарычных навук Яраслаў Палка.

– Стратэгічныя планы Варшаўскага дагавору мелі наступальны характар, хоць не вядома, калі гэты наступ меў адбыцца. У польскіх вайсковых дакументах таго часу напісана, што ўдар войск Варшаўскага дагавору меў быць адказам на напад краін НАТА. Натаўскія войскі, паводле стратэгіі, мелі быць спыненыя на мяжы ГДР і Чэхаславакіі, і тады арміі Варшаўскага дагавору, у тым ліку польскі фронт, пераходзілі ў наступленне – такім чынам, гэта было б контрнаступленне. Але таксама можна сабе ўявіць, што войскі Варшаўскага дагавора не чакалі б на наступленне НАТА і першымі ўдарылі б на Заходнюю Еўропу. Паводле стратэгічных планаў Варшаўскага дагавору, польская армія мела весці аператыўныя дзеянні ўздоўж Балтыйскага і Паўночнага мораў і заняць цалкам дацкую Ютландыю. Але на гэтым не канец, бо прадугледжваўся кідок праз паўночную Германію і захоп часткі Нідэрландаў – у выніку аперацыі пры вялікай падтрымцы марскіх сіл і авіяцыі Войска Польскае мела заняць Зеландыю.

У 1990 годзе аб’ядныя ўзброеныя сілы Варшаўскага дагавора налічвалі 3 млн 573 тыс. чалавек, у тым ліку 347 тыс. салдат і афіцэраў польскай арміі. Войска Польскае было другой па колькасці арміяй пасля савецкай у АВД. Для параўнання: у 1991 годзе сілы НАТА налічвалі 5 млн 174 тыс. вайскоўцаў.

Краявід Даніі, паўвостраў Ютландыя. Крыніца: commons.wikimedia.org/Old Dane/CC BY-SA 3.0 Краявід Даніі, паўвостраў Ютландыя. Крыніца: commons.wikimedia.org/Old Dane/CC BY-SA 3.0

1 ліпеня 1991 года прэзідэнты Чэхаславакіі, Польшчы, Балгарыі, Румыніі, віцэ-прэзідэнт СССР і прэм’ер-міністр Венгрыі падпісалі ў Празе пратакол аб поўным спыненні дзеяння Варшаўскага дагавора.

Калі ў рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пачаліся перамены ў 1989-1990 гадах, членскія краіны вырашылі, што савецкія войскі, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі, павінны быць выведзеныя. 31 сакавіка 1991 года было спыненае вайсковае супрацоўніцтва паміж краінамі АВД. Такім чынам, падпісанне пратаколу ў Празе было лагічнай паслядоўнасцю ў працэсе геапалітычных перамен.

Афіцыйная цырымонія праводзінаў расійскай арміі з Польшчы з удзелам прэзідэнта Леха Валэнсы. Варшава, прэзідэнцкі палац «Бельведэр», 17 верасня 1993 года. PAP/Janusz Mazur
Афіцыйная цырымонія праводзінаў расійскай арміі з Польшчы з удзелам прэзідэнта Леха Валэнсы. Варшава, прэзідэнцкі палац «Бельведэр», 17 верасня 1993 года. PAP/Janusz Mazur

Апошнія, ужо сімвалічныя падраздзяленні тады ўжо расійскай арміі пакінулі Польшчу 17 верасня 1993 года. Працэс вываду пачаўся ў 1991 годзе і працягваўся два гады. Паўночная група войск Савецкай Арміі дыслакавалася ў Польшчы з 1945 года. Сімвалічным стаў вывад 17 верасня 1993 года – у гадавіну нападу Савецкага Саюза на Польшчу ў 1939 годзе. Тагачасны прэзідэнт Польшчы Лех Валэнса прыняў рапарт аб заканчэнні вываду войск ад апошняга камандуючага Паўночнай групай генерал-палкоўніка Леаніда Кавалёва менавіта 17 верасня.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу