Спачатку ў Расіі пад удар нібыта «украінскага дрона» трапіў беларускі аўтобус, потым Кіеў запатрабаваў выключыць рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі, якія выкарыстоўваюцца для навядзення расійскіх беспілотнікаў. У Расіі прапагандысты загаласілі пра «агрэсію Кіева супраць Беларусі». Пакуль Мінск імкнецца пазбегнуць эскалацыі, але сітуацыя можа змяніцца, непакоіцца эксперт.
На мінулым тыдні ў Бранскай вобласці дронам быў атакаваны аўтобус з дзіцячай футбольнай камандай з Беларусі. Паводле звестак расійскіх уладаў, аўтобус рухаўся па маршруце Гомель — Геленджык. У салоне знаходзіліся 44 чалавекі, уключаючы 28 дзяцей. Паведамляецца, што загінула жанчына, якая суправаджала каманду. Раненні атрымалі шэсць чалавек, у тым ліку чацвёра дзяцей.
У Расіі адразу заявілі, што ў аўтобус трапіў украінскі беспілотнік. Украіна запярэчыла сваёй датычнасці да ўдару па аўтобусе з беларускімі дзецьмі. Ва ўкраінскім Генштабе заявілі, што ў момант інцыдэнту ўкраінскія дроны не дзейнічалі ў Бранскай вобласці, а абвінавачванні Масквы назвалі інфармацыйнай правакацыяй Крамля.
— Узброеныя сілы Украіны мецяць у выключна законныя ваенныя цэлі і не вядуць баявых дзеянняў супраць грамадзянскага насельніцтва, — падкрэслілі ў Генштабе.
Лукашэнкаўскія вайскоўцы назвалі атаку правакацыяй, і заявілі, што не атрымаецца ўцягнуць Беларусь у вайну. Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі палітолага Паўла Усава.
— Няма ніякіх сумневаў, што Расія зацікаўлена ў пашырэнні прасторы канфлікту і ў поўнамаштабных ваенных дзяннях з тэрыторыі Беларусі на мяжы з Украінай. У першую чаргу Масква зацікаўлена дзеяннямі на паўднёвым захадзе Беларусі, дзе праходзіць мяжа з Валынскім рэгіёнам – важнай лагістычнай артэрыяй для Украіны. Сюды Расія не мае непасрэднага доступу і ўцягванне Беларусі дазволіць правесці ўдары па тэрыторыі Заходняй Украіны. Апроч таго ў самой Расіі пачаліся праблемы ў выніку ўкраінскіх удараў па энергетычнай інфраструктуры. Расія не выйграе вайну, што ставіць Пуціна ў складанай сітуацыі.
У такіх умовах, Крамлю патрэбна пашырэнне канфлікту для перамогі, зазначае эксперт.
— Пашырэнне зоны вайны можа быць адзінай магчымасцю выжывання для Пуціна ва ўмовах растучага крызісу. Такім рэсурсам з'яўляецца Беларусь, – тэрыторыя і армія. Пераламаць сітуацыю на фронце беларуская армія не зможа, але створыць сурʼёзныя выклікі для Украіны. Кіеву давядзецца адцягваць рэсурсы на ваенныя дзеянні супраць Беларусі. Трэба чакаць, што на тэрыторыю Беларусі будуць уведзеныя дадатковыя расійскія войскі, а яшчэ будуць знішчэнні на тэрыторыі Беларусі. Расіі вельмі выгадна пашырэнне хаосу і стварэнне дадатковых гуманітарных праблем для Еўропы.
Лукашэнка апошнія чатыры гады пазбягаў удзелу беларускай арміі ў вайне, ці ў стане ён далей гэта рабіць?
— Знаходжанне і дзеянні расійскіх войск на тэрыторыі Беларусі — гэта кошты захавання ўлады для Лукашэнкі. Дыктатар цяпер знаходзіцца ў пасіўнай пазіцыі, дазваляючы Расіі будаваць тут сваю вайсковую інфраструктуру. Разам з тым, Лукашэнка імкнецца не даць уцягнуць Беларусь у адкрытую вайсковую канфрантацыю. Па сутнасці, на мяжы з Украінай няма крытычнай канцэнтрацыі войск, што пагражала б Украіне. Пасля 2024-га году Мінск адмовіўся ад палітыкі эскалацыі на мяжы з Украінай. Раней там была даволі вялікая канцэнтрацыя вайскоўцаў, у першую чаргу сіл спецыяльных аперацый. Зараз такой канцэнтрацыі няма, Лукашэнка імкнецца не раздражняць Украіну.
Аднак, сітуацыя можа змяніцца, дадае эксперт. Трыгерам можа стаць справа расійскіх рэтранслятараў на тэрыторыі Беларусі, якія, паводле Кіева, выкарыстоўваюцца для навядзення расійскіх дронаў, кажа эксперт.
— Масква не дазволіць Лукашэнку прымаць рашэнні па дэмантажу рэтранслятараў. Любыя ўкраінскія ўдары могуць стаць нагодай для Расіі да павелічэння ў Беларусі сваёй вайсковай прысутнасці ды шырэйшага выкарыстання Беларусі як плацдарму для масавых атак па Украіне.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч