Сёлета ў Польшчы адзначаецца 50-я гадавіна падзей, якія аказалі вялікі ўплыў на далейшую гісторыю краіны і якія ўвайшлі ў польскую гістарыяграфію пад назвай «Падзеі чэрвеня 1976 года». 25 чэрвеня пачалася хваля забастовак і пратэстаў, якія адбыліся ў Польскай Народнай Рэспубліцы і былі справакаваныя намерам рэзкага павышэння цэн на некаторыя тавары шырокага спажывання. Маштабныя рабочыя пратэсты і забастоўкі перайшлі ў адкрытыя сутыкненні з міліцыяй і сталі адным з важнейшых крокаў да падзення камуністычнага рэжыму ў Польшчы ў будучыні.
Непасрэднай прычынай забастовак стала выступленне прэм'ер-міністра Пятра Ярашэвіча, перададзенае ў прамым эфіры радыё і тэлебачання вечарам 24 чэрвеня 1976 года. У гэтым выступленні аб павышэнні цэн гаварылася не прама, а ўскосна, у адпаведнасці з папярэднімі рэкамендацыямі ЦК. Павышэнне павінна было дасягнуць 70%.
— Няправільная структура цэн выклікае цяжкасці ў функцыянаванні эканомікі, якія ўплываюць на ўмовы жыцця, абмяжоўваючы магчымасці павышэння ўзроўню жыцця грамадства. Мы разлічваем на сацыяльную свядомасць, здаровы сэнс і пачуццё адказнасці грамадзян, — сказаў Ярашэвіч.
Абвешчаныя павышэнні коштаў былі выкліканыя тагачасным станам эканомікі, які пагоршыўся з-за шматлікіх фактараў. Прадукцыйнасць працы была нізкай, нягледзячы на намаганні па яе павышэнні. У той жа час польскае грамадства прызвычаілася да паляпшэння ўзроўню жыцця, які быў вынікам росту заробкаў пры фіксаваных коштах. Гаворыць гісторык, прафесар Ежы Эйслер.
— Першая палова 1970-х гадоў, дзякуючы крэдытам, атрыманым з Захаду, была перыядам, можна сказаць, камуністычнага росквіту. Гісторык Анджэй Пачкоўскі некалі назваў гэта эпохай рэальнага сацыялізму. Гэтыя рэальныя поспехі 1971 і 1974 гадоў натхнілі першага сакратара Эдварда Герэка і яго каманду да далейшых інвестыцый. Адным з элементаў стала павышэнне ўзроўню жыцця палякаў і замарожванне цэн на асноўныя прадукты харчавання. Пасля таго, як было адмененае снежаньскае павышэнне цэн, якое ў снежні 1970 года стала непасрэднай прычынай хваляванняў рабочых, вясной 1971 года цэны былі канчаткова замарожаныя на першыя два гады, і, па сутнасці, варта сказаць, што цэны на асноўныя прадукты харчавання былі замарожаныя ў 1971 і 1975 гадах. Але такое немагчыма зрабіць у доўгатэрміновай перспектыве. Субсідыі павялічваліся, і дзяржаўны бюджэт не мог іх вытрымаць. На сёмым зʼездзе Польскай абʼяднанай рабочай партыі ў снежні 1975 года было выказана меркаванне, што цэны павінны будуць вырасці ў наступным годзе. Таксама вялася падрыхтоўка насельніцтва да павышэння цэнаў. Але на самой справе ўжо за два дні да выступлення Ярашэвіча новыя прайс-лісты былі разасланыя ў запячатаных пакетах у 49 ваяводстваў, — сказаў прафесар Ежы Эйслер.
Каля 8:00 раніцы 25 чэрвеня працоўныя найбуйнейшых прадпрыемстваў горада Радама, які размешчаны ў 100 км на поўдзень ад Варшавы, у першую чаргу завода металаапрацоўкі (Zakłady Metalowe im. gen. «Waltera»), спынілі працу. Да іх далучыліся супрацоўнікі 33 іншых заводаў горада — агулам каля 20-25 тыс. чалавек.
Пратэстоўцы выйшлі на вуліцы Радама. Скандуючы лозунгі супраць партыйнага кіраўніцтва, натоўп накіраваўся да будынка гарадскога камітэта Польскай абʼяднанай рабочай партыі (ПАРП).
Другая палова дня адзначылася штурмам будынка камітэта ПАРП. Частка дэманстрантаў уварвалася ўнутр і ўчыніла пагром. Адбыліся жорсткія сутыкненні з падраздзяленнямі міліцыі і Службы бяспекі, якія прымянілі слёзацечны газ і дубінкі. Рабочыя пераварочвалі аўтамабілі, будавалі барыкады і падпальвалі дзяржаўныя будынкі.
Забастоўкі і пратэсты рабочых пашырыліся таксама на іншыя гарады. Так, 25 чэрвеня да іх далучыліся рабочыя ў Плоцку, які размешчаны ў 100 км на поўнач ад Варшавы. Плоцк — гэта 100-тысячны прамысловы горад, дзе знаходзіцца найбуйнейшы ў Польшчы НПЗ. Акрамя таго, баставаць вырашылі рабочыя іншага польскага гіганта — трактарнага завода «Урсус». Агулам на 25 чэрвеня ў краіне баставала каля 100 прадпрыемстваў.
Пратэсты таксама прайшлі ў Лодзі, Гданьску, Шчэціне ды іншых гарадах.
У Радаме было разрабавана і разбурана больш за 100 крамаў. У Урсусе, які тады быў асобным горадам, а сёння з’яўляецца раёнам Варшавы, рабочыя разабралі шляхі міжнароднай чыгуначнай лініі. Атрады міліцыі наўмысна не былі ўзброеныя агнястрэльнай зброяй — гэта забараніў першы сакратар ПАРП Эдвард Герэк, які не хацеў дапусціць да кровапраліцця. У выніку атрымалася так, што ўрад не адразу ўвёў спецатрады міліцыі ў Радам, а зрабіў гэта толькі тады, калі быў падпалены ваяводскі камітэт ПАРП і пачалося рабаванне крамаў. З іншага боку, разгром камітэта адбыўся толькі пасля таго, як пратэстоўцы даведаліся, што яго першы сакратар, з якім вяліся перамовы, у сакрэце пакінуў месца падзей пад аховай міліцыі і дзяржбяспекі.
Пратэсты былі канчаткова падаўленыя да канца месяца. Іх вынікам стала тое, што ўлады адмовіліся ад павышэння цэн, хоць пазней паступова пачалі ўводзіць карткі на дэфіцытныя тавары і тавары першай неабходнасці.
Не абышлося без рэпрэсій супраць рабочых. Затрыманых падвяргалі збіццю і прыніжэнням. Асабліва міліцыя любіла «аздараўляльную сцежку», калі людзей прымушалі бегчы скрозь шэраг міліцыянераў, якія стаялі з дубінкамі і наносілі імі ўдары па чалавеку, які бяжыць. Падчас беспарадкаў загінулі некалькі чалавек, сотні атрымалі раненні, а тысячы ўдзельнікаў былі затрыманыя. Каля 600 чалавек былі звольненыя з працы, а многія ўдзельнікі паўсталі перад судом і атрымалі турэмныя тэрміны.
Жорсткія рэпрэсіі выклікалі хвалю абурэння ў польскай інтэлігенцыі. Для дапамогі рэпрэсаваным працоўным быў створаны Камітэт абароны рабочых, які стаў першай легальнай адкрытай апазіцыйнай арганізацыяй. Гэты рух заклаў падмурак для легендарнага прафсаюза «Салідарнасць», які зʼявіўся праз чатыры гады.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл