За адмову выконваць загад падчас баявога задання салдатам можа пагражаць не тры гады турмы, як раней, а нават пажыццёвае зняволенне, піша «Rzeczpospolita».
Урад, у прыватнасці Міністэрства юстыцыі, сумесна з Міністэрствам нацыянальнай абароны, разглядае папраўкі ў Крымінальны кодэкс адносна вайсковай дысцыпліны. Паводле звестак газеты, на стале міністраў ужо ляжыць прапанова, падрыхтаваная па даручэнні Камісіі па кадыфікацыі крымінальнага права.
«Эксперты прапануюць зрабіць больш жорсткім пакаранне за невыкананне салдатам загаду ў баі. Верхняя мяжа будзе павялічана з трох гадоў пазбаўлення волі да 30 гадоў або нават пажыццёвага зняволення», — піша выданне.
Міністэрства юстыцыі заяўляе, што гэтая прапанова разглядалася, але канкрэтны праект і рашэнне пакуль не прынятыя.
Паводле звестак «Rzeczpospolita», былы камандуючы ваеннай адзінкі спецыяльных аперацый GROM генерал Раман Полька (Roman Polko) крытычна ставіцца да гэтых змен.
«Салдата ў баявой сітуацыі не асабліва хвалюе магчымае пакаранне за непадпарадкаванне. Няма розніцы, ці за гэта пагражае 5, 50 ці 100 гадоў турмы, калі людзі думаюць пра выратаванне свайго жыцця ці выратаванне сваіх калег», — адзначыў генерал, якога цытуе газета.
На думку вайскоўца, самым важным і эфектыўным элементам, які гарантуе дысцыпліну ў арміі, з'яўляецца разумнае камандаванне і фарміраванне культуры адказнасці салдат.
нг