Ці сапраўды Балгарія — самая прарасійская краіна Еўрапейскага Саюза? З 2017 года Балгарыя перажывае працяглы палітычны крызіс. За гэты час у краіне адбылося дзевяць парламенцкіх выбараў, восем з якіх былі датэрміновымі.
Хоць на апошніх выбарах, што прайшлі вясной гэтага года, яўка не дасягнула і 50 %, былы прэзідэнт краіны, 62-гадовы Румен Радзеў — лётчык МіГ-29 і былы камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі, — атрымаў пераканаўчую перамогу. Яго палітычная сіла набрала 44,6 % галасоў, што дазволіла ўпершыню за доўгі час самастойна сфармаваць урад. Для Балгарыі гэта выключная сітуацыя, якая можа азначаць заканчэнне шматгадовай выбарчай нестабільнасці.
Пра самога Румена Радзева, яго стаўленне да Расіі і сённяшнюю сітуацыю ў Балгарыі Беларуская служба пагутарыла з публіцыстам і былым аналітыкам Цэнтра ўсходніх даследаванняў (OSW) Лукашам Кабешкам, які спецыялізуецца на Балгарыі.
— Што стала галоўнай прычынай такога працяглага палітычнага крызісу ў Балгарыі?
— Крызіс сапраўды зацягнуўся, хоць цяпер ужо можна сказаць, што найгоршае засталося ззаду. Калі вярнуцца на некалькі гадоў назад, прыкладна з канца мінулага дзесяцігоддзя ў Балгарыі ішло супрацьстаянне паміж дзвюма галоўнымі палітычнымі сіламі. З аднаго боку — партыя ГЕРБ на чале з Бойкам Барысавым, які тройчы быў прэм'ер-міністрам.
З другога боку — Балгарская сацыялістычная партыя, з якой быў звязаны Румен Радзеў — двойчы прэзідэнт краіны, а цяпер прэм'ер-міністр.
У 2020 годзе, ужо падчас пандэміі COVID-19, з'явілася яшчэ адна праеўрапейская правацэнтрысцкая сіла — партыя «Працягваем перамены» Кірыла Петкава. Менавіта яго ўрад сустрэў пачатак поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года.
Аднак кабінет Петкава хутка распаўся. Краіна апынулася ў цыкле амаль бесперапынных датэрміновых выбараў. ГЕРБ, сацыялісты і «Працягваем перамены» доўгі час не маглі стварыць устойлівую ўрадавую кааліцыю.
Адначасова ўзмацніліся пазіцыі нацыяналістычных і ультраправых партый, перадусім «Адраджэння». Пасля кожных выбараў на палітычнай сцэне з'яўляліся новыя нацыяналістычныя праекты.
Былі спробы стварыць кааліцыю паміж ГЕРБ і партыяй Петкава, а таксама запусціць ратацыйны ўрад, у якім прэм'ер-міністры павінны былі змяняць адзін аднаго. Але гэтая мадэль праіснавала толькі дзевяць месяцаў. Пастаянныя палітычныя і асабістыя канфлікты паміж лідарамі, а таксама супрацьстаянне пакаленняў усё больш стамлялі грамадства.
Яўка на выбарах няўхільна зніжалася. Тры гады таму быў усталяваны антырэкорд — галасаваць прыйшло каля 30 % выбарцаў.
Усё гэта выклікала масавыя пратэсты. Людзі патрабавалі паскарэння рэформаў і набліжэння краіны да заходніх стандартаў. Балгарыя па-ранейшаму застаецца адной з найбяднейшых дзяржаў Еўрапейскага Саюза і сутыкаецца з карупцыяй, арганізаванай злачыннасцю і праблемамі судовай сістэмы.
Парадокс у тым, што галоўным палітычным бенефіцыярам гэтых пратэстаў стаў Румен Радзеў. Нягледзячы на тое, што ён шмат гадоў быў часткай палітычнай сістэмы, яму ўдалося пераканаць выбарцаў сваёй традыцыйнай рыторыкай пра барацьбу з алігархамі і карупцыяй.
— Чаму менавіта Радзеву ўдалося перамагчы і як выгядае магчымым стабілізаваць палітычную сітуацыю?
— Нягледзячы на ўсе крызісы, Радзеў заставаўся адным з самых папулярных палітыкаў у краіне. Ён лепш за іншых выкарыстаў грамадскае расчараванне.
У лютым гэтага года ён датэрмінова склаў паўнамоцтвы прэзідэнта, хоць яго другі тэрмін заканчваўся толькі напрыканцы года. Неўзабаве Радзеў стварыў новую палітычную сілу, якая аб'яднала былых прыхільнікаў Сацыялістычнай партыі, а таксама прадстаўнікоў правых і нацыяналістычных колаў.
Так узнікла ўмоўна нацыянальна-левая партыя «Прагрэсіўная Балгарыя». На датэрміновых парламенцкіх выбарах яна атрымала канстытуцыйную большасць — больш за 131 мандат у 240-месным парламенце. Па маштабе гэта можна параўнаць з поспехам партыі Петэра Мадзяра ў Венгрыі.
Цікава назіраць і за самім Руменам Радзевым. Пасля выбараў ён фактычна перайшоў з пасады прэзідэнта на пасаду прэм'ер-міністра.
Паводле балгарскай Канстытуцыі, пасля яго адстаўкі абавязкі кіраўніка дзяржавы перайшлі да віцэ-прэзідэнткі Іліяны Ётавай. Менавіта яна пры падтрымцы Радзева будзе балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах, якія павінны адбыцца гэтай восенню. Паводле ацэнак назіральнікаў, яна амаль напэўна выйдзе ў другі тур, дзе яе галоўным супернікам, хутчэй за ўсё, стане прадстаўнік старых праеўрапейскіх палітычных сіл — ГЕРБ або партыі «Працягваем перамены».
— Балгарыя праваслаўная краіна, ці гэты фактар важны для фармавання прарасійскага настрою ў грамадстве?
— З 2024 года Балгарскую праваслаўную царкву ўзначальвае новы патрыярх Данііл. Ён адкрыта выступае супраць прызнання аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Украіны на чале з мітрапалітам Епіфаніем і падтрымлівае традыцыйны для балгарскіх русафілаў наратыў пра «асаблівыя гістарычныя сувязі» паміж Балгарыяй і Расіяй. Найчасцей ён спасылаецца на тое, што менавіта Расія ў XIX стагоддзі дапамагла вызваліць Балгарыю ад асманскага панавання.
Менавіта таму Румен Радзеў і яго паплечнікі звяртаюцца адразу да двух аргументаў. Першы — страх грамадства перад вайной, магчымым уцягваннем краіны ў канфлікт, чалавечымі ахвярамі і ракетнымі ўдарамі. Другі — гістарычная памяць пра Расію як пра нібыта традыцыйнага саюзніка Балгарыі. Ад гэтай рыторыкі Радзеў не адмаўляўся ніколі.
Разам з тым варта разумець, што балгарская сітуацыя адрозніваецца ад венгерскай або славацкай. Радзеў ніколі не дазваляў сабе такіх рэзкіх прарасійскіх заяў, якія рабілі Віктар Орбан або прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца.
Ён хутчэй імкнецца балансаваць. Радзеў не крытыкуе Украіну наўпрост, аднак у яго міжнародных выступах пастаянна прысутнічае думка, што Расію не варта правакаваць, а неабходна шукаць кампраміс з Уладзімірам Пуціным.
Пры гэтым палітык дзейнічае значна больш асцярожна, чым Орбан. Напрыклад, на еўрапейскім узроўні Радзеў выступаў супраць уключэння ў санкцыйныя спісы патрыярха Рускай праваслаўнай царквы, а таксама былога кіраўніка кампаніі «Лукойл» Вагіта Алекперава. Але нават у такіх выпадках ён не імкнецца да адкрытых канфліктаў з Бруселем. Яго задача — заставацца палітыкам, здольным размаўляць з усімі бакамі. Аднак ёсць прынцыповая рыса, якая не змяняецца: Радзеў ніколі не робіць крокаў, якія можна было б адназначна назваць адкрыта антырасійскімі.
— Доўгія гады краіна моцна залежала ад расійскіх нафты і газу. Што змянілася сёння?
— Яшчэ ў 2020 годзе Балгарыя амаль цалкам залежала ад расійскага газу і іншых энергарэсурсаў. Асабліва моцнымі былі пазіцыі Расіі ў нафтавым сектары. Найбуйнейшы на Балканах нафтаперапрацоўчы завод «Нафтахім» у Бургасе яшчэ ў канцы 1990-х гадоў перайшоў пад кантроль расійскага «Лукойла».
На працягу многіх гадоў прадпрыемства працавала ў выключна камфортных умовах. Яно заставалася найбуйнейшым нафтаперапрацоўчым заводам у рэгіёне і адным з галоўных працадаўцаў Балгарыі. Пры гэтым расійскія ўладальнікі фактычна карысталіся неабмежаванымі магчымасцямі: кампанія амаль не плаціла падаткаў, а ў фінансавай справаздачнасці рэгулярна паказвала страты.
Сур'ёзныя змены пачаліся толькі пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Менавіта пры ўрадзе Кірыла Петкава Балгарыя пачала маштабную дыверсіфікацыю энергетычнага сектара. Важную ролю ў гэтым адыгралі і Злучаныя Штаты, якія актыўна заахвочвалі Сафію адмовіцца ад расійскіх энергарэсурсаў.
Спачатку краіна істотна скараціла залежнасць ад расійскага газу, а пасля пачала адмаўляцца і ад расійскай нафты. Нягледзячы на тое, што Еўрапейскі Саюз дазволіў Балгарыі часова працягваць імпарт расійскай нафты ў рамках спецыяльнай дэрагацыі, балгарскія ўлады вельмі хутка адмовіліся ад гэтай магчымасці. Парламент нават прыняў рашэнне пра поўную забарону выкарыстання і перапрацоўкі расійскай нафты. Акрамя таго, расійскія кампаніі страцілі канцэсіі на выкарыстанне чарнаморскіх партоў і нафтавых тэрміналаў.
Замест гэтага Балгарыя зрабіла стаўку на дыверсіфікацыю паставак энергарэсурсаў. Краіна актыўна развівала газатранспартную інфраструктуру, перш за ўсё інтэрканектар з Грэцыяй, а таксама пачала выкарыстоўваць плавучы тэрмінал для прыёму звадкаванага прыроднага газу ў Александрупалісе на Эгейскім моры. Сёння менавіта праз гэты маршрут Балгарыя імпартуе значную частку неабходнага ёй газу.
Слухайце аўдыё!
эж