Дроны, якія залятаюць у паветраную прастору краіны, і мігранты, што прабіраюцца праз тунэлі, выкапаныя ад беларускай мяжы, — гібрыдныя пагрозы сталі для Латвіі штодзённай рэальнасцю. У краіне жыве каля 1,8 мільёна чалавек, значную долю насельніцтва складаюць рускамоўныя. Усходняя мяжа Латвіі з Расіяй і Беларуссю цягнецца на 457 кіламетраў і адначасова з’яўляецца знешняй мяжой Еўрапейскага Cаюза і НАТА. Гэты кірунак у Рызе лічаць уразлівым як да ваенных, так і да гібрыдных пагроз.
Краіны Балтыі будуюць Baltic Defence Line — сістэму ўмацаванняў, супрацьтанкавых равоў, інжынерных загародаў, складоў боепрыпасаў і іншых элементаў абароны ўсходняй мяжы. У ліпені 2024 года Латвія стала першай краінай на ўсходнім флангу Альянсу, дзе перадавая прысутнасць НАТА была павялічаная да ўзроўню брыгады. Рамкавай дзяржавай шматнацыянальнай брыгады выступае Канада, а яе задача — стрымліваць патэнцыйную агрэсію і быць гатовай абараняць Латвію і ўсю тэрыторыю Альянсу. У чэрвені 2026 года генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ пацвердзіў, што ў Латвіі размешчаныя перадавыя сухапутныя сілы Альянсу пад канадскім камандаваннем і з удзелам шэрагу краін-саюзніц.
У Даўгаўпілсе саюзнікі ўжо пашыраюць прысутнасць, а ў перспектыве плануюць надоўга размясціць больш сіл бліжэй да межаў з Расіяй і Беларуссю. Пра місію брыгады, беларускі фактар, супрацоўніцтва з латвійскімі вайскоўцамі і ролю польскага кантынгенту Беларуская служба паразмаўляла з камандзірам шматнацыянальнай брыгады НАТА ў Латвіі канадскім палкоўнікам Дэвідам Брасарам.
— Наша місія вельмі простая і выяўляецца трыма дзеясловамі: запэўніць, стрымаць і абараніць. Перадусім мы павінны запэўніць жыхароў Латвіі, што НАТА сур’ёзна ставіцца да сваіх абавязацельстваў у краіне. У стварэнне брыгады ўкладзеныя значныя сродкі — найперш Канадай, у тым ліку ў інфраструктуру і перакідванне неабходных сіл і сродкаў, а таксама яшчэ 13 дзяржавамі.
Другі сігнал адрасаваны самому Альянсу: на Канаду і астатнія краіны-ўдзельніцы можна разлічваць. Яны гатовыя падзяліць адказнасць за падтрымку нацыянальнага плана абароны Латвіі. Трэці і найбольш важны сігнал атрымлівае Расія: НАТА аб’яднанае агульнай мэтай — абараняць межы дзяржаў — членаў Альянсу.
Гаворка не толькі пра войска. Мы кантактуем з мясцовымі жыхарамі, паказваем тэхніку на гарадскіх, музычных і культурных фестывалях, стараемся наладзіць сувязь з грамадствам. Наша прысутнасць не зводзіцца выключна да ваенных аперацый.
Стрымліванне азначае гатоўнасць фінансаваць рэальныя вайсковыя магчымасці, перакідваць іх наперад і накіроўваць мужчын і жанчын для эксплуатацыі гэтых сістэм непасрэдна каля расійскай мяжы. З канадскага пункту гледжання, знаходзячыся ў Латвіі, мы ўжо не можам быць бліжэй да Расіі. Так мы паказваем Маскве не толькі палітычную волю, але і гатоўнасць падмацаваць яе людзьмі, тэхнікай і інфраструктурай.
Трэцяя частка місіі — абарона, да якой НАТА не хацела б даводзіць справу. Мы не імкнёмся займаць у дачыненні да Расіі антаганістычную пазіцыю. Абарона не прадугледжвае прэвентыўнага ўдару або ўварвання ў Расію ў чаканні магчымага нападу. Наша задача — цвёрда ўтрымліваць мяжу, забяспечыць надзейную абарону, а ў выпадку баявых дзеянняў — аднавіць яе.
І апошняе, што я скажу пра антаганізм: НАТА не хоча пачынаць баявыя дзеянні. Мы зоймем жорсткую пазіцыю толькі ў той момант, калі Расія перасячэ мяжу і мы пяройдзем да баявых, абарончых дзеянняў.
Палкоўнік, вы гаворыце пра Расію, але Латвія мяжуе і з Беларуссю. Мы знаходзімся ў Даўгаўпілсе, недалёка ад беларускай мяжы, дзе разгарнуўся міграцыйны крызіс і пачалася спецыяльная памежная аперацыя. Як брыгада ацэньвае беларускі фактар?
— Калі я гавару пра Расію, то маю на ўвазе і Беларусь, бо, як вы слушна адзначылі, Латвія мяжуе з гэтай краінай. У нашым планаванні расійскі і беларускі кірункі нельга цалкам аддзяліць адзін ад аднаго. Мы павінны ўлічваць не толькі магчымыя дзеянні Расіі, але і тое, як тэрыторыя, інфраструктура або сілавыя структуры Беларусі могуць быць выкарыстаныя ў больш шырокім крызісным сцэнары.
Мы ўжо пашырылі сваю прысутнасць у Даўгаўпілсе і ўзаемадзейнічаем з адной з брыгад Земесардзэ на ўсходзе і паўднёвым усходзе краіны. Гэта не сімвалічная, а маштабаваная прысутнасць. Цяпер гаворка ідзе прыкладна пра ўзвод, але пры неабходнасці яго можна разгарнуць да стралковай роты. На пэўны час я магу накіраваць сюды нават батальён. Канкрэтны маштаб залежыць ад графіка вучэнняў, аператыўных патрэб і таго, якія сілы брыгада зможа вылучыць і перакінуць наперад.
Важна, што гэта не толькі рэакцыя на адзін інцыдэнт або кароткатэрміновы крызіс. У доўгатэрміновай перспектыве мы плануем размяшчаць больш сіл бліжэй да ўсходняй мяжы — як з Беларуссю, так і з Расіяй. Прысутнасць у Даўгаўпілсе дазваляе загадзя наладжваць сувязі з латвійскімі падраздзяленнямі, вывучаць мясцовасць, адпрацоўваць лагістыку і разумець, як хутка ўзмацніць рэгіён пры пагаршэнні сітуацыі.
Як камандзір магу сказаць: у цяперашнім планаванні мы непасрэдна ўлічваем магчымыя дзеянні Беларусі. Гэта не азначае, што мы чакаем непазбежнага нападу. Гэта азначае, што абарончы план павінен ахопліваць увесь усходні кірунак і не пакідаць прабелаў паміж расійскай і беларускай межамі.
Наколькі важнае супрацоўніцтва з Нацыянальнымі ўзброенымі сіламі Латвіі і Земесардзэ? 11 жніўня мы наведалі 3-ю брыгаду Земесардзэ (Нацыянальня гвардыя Латвіі) ў Рэзэкнэ, і там нас запэўнілі, у цесным супрацоўніцтве з вашай брыгадай.
— Перадусім як фарміраванне або арганізацыя НАТА мы нічога не можам рабіць у Латвіі, не ўсталяваўшы даверных адносін з латвійцамі. Гэта іх краіна, не мая: мы прыйшлі сюды як саюзнікі. Я сказаў старшым афіцэрам брыгады, што пры выкананні задач па запэўніванні і стрымліванні мы будзем рухацца з той хуткасцю, з якой умацоўваецца давер латвійскіх уладаў і жыхароў.
Мае найважнейшыя партнёры з моманту прыбыцця — 2-я і 3-я брыгады Земесардзэ. Яны размешчаныя на ўсходзе і ў выпадку магчымага расійскага або беларускага ўварвання першымі сярод фарміраванняў латвійскага войска сутыкнуцца з пагрозай. Таму, калі ім спатрэбіцца дапамога шматнацыянальнай брыгады, менавіта туды я накірую сілы.
Падтрымка можа ўключаць верталёты для вучэнняў, а таксама інжынерных спецыялістаў, якія кансультуюць латвійскіх калег і дапамагаюць планаваць сістэму загародаў і Baltic Defence Line. Так НАТА пашырае сваю прысутнасць на ўсходзе ў падтрымку Латвіі і адначасова выконвае задачы па запэўніванні і стрымліванні.
І апошняе, што я скажу пра нашы адносіны з Латвіяй. Цяжка ўявіць большае праяўленне даверу, чым запрашэнне сябра дапамагчы абараніць тваю краіну. Для маёй брыгады асновай, якая дазваляе дзейнічаць і супрацоўнічаць з латвійцамі, з’яўляецца давер латвійскіх уладаў і жыхароў.
Латгалія — асаблівы рэгіён. Напрыклад, у Даўгаўпілсе каля 80% жыхароў размаўляюць па-руску і часта карыстаюцца рускамоўнымі крыніцамі інфармацыі. Як вы збіраецеся працаваць з мясцовым насельніцтвам?
— Я згодны з вашай ацэнкай: праз культурныя асаблівасці насельніцтва Латгаліі мацней сутыкаецца з расійскай дэзінфармацыяй. Яна распаўсюджваецца праз Telegram, Facebook і іншыя электронныя пляцоўкі, а таксама праз радыё і расійскія медыя. Але неўзабаве пасля прыбыцця сюды я зразумеў прынцыпова важную рэч: руская мова сама па сабе не азначае лаяльнасці Маскве. Мова можа адлюстроўваць культурную прыналежнасць, але яна не абавязкова азначае палітычную падтрымку.
Разам з тым у рэгіёне ёсць невялікая, але ўстойлівая група прыхільнікаў Пуціна. Таму пашырэнне прысутнасці на ўсходзе мы пачалі менавіта з Латгаліі. Адна з праблем тут — недахоп інфармацыі пра тое, чым займаецца НАТА. Мы імкнёмся размаўляць з насельніцтвам і наглядна паказваць сур’ёзнасць нашай прысутнасці.
Ва ўсіх без выключэння дакладах перадавых падраздзяленняў гаворыцца, што падчас кантактаў з мясцовымі жыхарамі многія маладыя людзі хочуць больш даведацца пра Альянс. Мы не бачым у іх варожасці — хутчэй пытанні, здзіўленне і цікавасць.
Я хачу развіваць гэтыя кантакты і час ад часу накіроўваць на ўсход больш вайскоўцаў, каб актыўней расказваць людзям пра НАТА. Камандзір размешчанай у рэгіёне 3-й брыгады сам паходзіць з Латгаліі і добра ведае мясцовую дынаміку. Размяшчэнне нашых сіл падтрымалі ўлады некалькіх муніцыпалітэтаў, зацікаўленых у нашай прысутнасці. Гэта сведчыць пра цікавасць і пэўную падтрымку, хоць людзі не заўсёды гатовыя выказваць яе адкрыта. Мы тут, каб інфармаваць насельніцтва і падтрымліваць дзеянні Латвіі ў Латгаліі. І гэта няпроста.
Як ваша брыгада рыхтуецца да гібрыдных пагроз у Латгаліі — залётаў беспілотнікаў, памежнага крызісу і інфармацыйнага ўздзеяння на насельніцтва?
— Гэта вельмі актуальнае пытанне. Я неаднаразова казаў сваім вайскоўцам і старшым афіцэрам, што мы ўжо цяпер знаходзімся ў гібрыдным асяроддзі. Мы сутыкаемся з залётамі беспілотнікаў, спробамі дыверсій на аб’ектах інфраструктуры ў Латгаліі і шпіянажам. Узнікаюць самыя розныя сітуацыі.
Палкоўнік, а ці можаце прывесці прыклады дыверсіі ў Латвіі, бо ў СМІ пра гэта не гавораць?
— Канкрэтных прыкладаў у мяне няма, але магу сказаць, што былі спробы пашкодзіць не аб’екты НАТА, а важную мясцовую інфраструктуру. Яны не мелі поспеху, аднак пагроза дыверсій цалкам рэальная. Мы ўжо дзейнічаем у гібрыдным асяроддзі, і адзін з яго ключавых элементаў — беспілотнікі. Брыгада падтрымлівае ўрад Латвіі і дапамагае выяўляць і адсочваць дроны, якія залятаюць у краіну. У гэтай сферы мы ўдзельнічаем актыўна.
Пры гэтым мы не ўмешваемся ў працу мясцовых праваахоўных органаў, бо гэта не наша роля. Напрыклад, міграцыйны крызіс на паўднёвым усходзе краіны, асабліва на мяжы з Беларуссю, — справа паліцыі, памежнікаў і іншых латвійскіх службаў, а не шматнацыянальнай брыгады. Мы можам улічваць гэты фактар у агульнай ацэнцы абстаноўкі, але не падмяняем грамадзянскія органы.
Калі б мне давялося перакінуць усю брыгаду на ўсход для абароны краіны, такі сцэнар, верагодна, пачаўся б з вельмі напружанай гібрыднай абстаноўкі і прымянення на ўсходзе сіл спецыяльных аперацый. У гэты момант маёй галоўнай задачай было б захаваць баяздольнасць брыгады і свабоду манеўру, каб выкарыстаць сілы ў патрэбны час і ў патрэбным месцы, адначасова ўзаемадзейнічаючы з латвійскімі ўладамі. Мы адпрацоўваем гэта.
Я рэгулярна атрымліваю даклады пра абстаноўку. Паведамленні медыя і адкрытыя матэрыялы аналітычных цэнтраў і даследчыкаў таксама пацвярджаюць выпадкі дыверсій, шпіянажу, залётаў беспілотнікаў і інфармацыйных маніпуляцый. Асабліва часта гэта адбываецца ў рэгіёне, які, як вы ўжо сказалі, пераважна размаўляе па-руску.
У брыгадзе служаць вайскоўцы з многіх краін, у тым ліку Канады і Польшчы. Як розныя кантынгенты становяцца адзіным падраздзяленнем? Якую ролю ў вашай брыгадзе выконваюць жаўнеры з Польшчы?
— У брыгадзе прадстаўленыя 14 краін. Кантынгенты змяняюцца кожныя шэсць месяцаў і да прыбыцця сюды, як правіла, не трэніраваліся разам. Таму першыя два месяцы прысвечаныя стварэнню адзінай каманды, наладжванню сумеснай працы і адпрацоўцы кіравання ўсімі падпарадкаванымі сіламі. Цяпер у складзе брыгады дзесяць падраздзяленняў.
Сярод найбуйнейшых — шматнацыянальная баявая група, у якую ўваходзяць польскія, іспанскія, італьянскія і канадскія вайскоўцы. Акрамя таго, у нас ёсць дацкая баявая група, якую ў межах ратацыі змяняе шведская. Такая структура патрабуе не проста сумесных вучэнняў, але адзіных працэдур сувязі, кіравання і прымянення сіл.
Польшча ўдзельнічае ў працы брыгады на двух узроўнях. Першы — камандаванне: у маім штабе служаць некалькі польскіх афіцэраў. Гэта кампетэнтныя і кваліфікаваныя спецыялісты, якія ўдзельнічаюць у планаванні і кіраванні шматнацыянальнымі падраздзяленнямі. Для брыгады важна, што польскі ўдзел не абмяжоўваецца выстаўленнем тэхнікі: польскія афіцэры ўбудаваныя ў штодзённую штабную працу і дапамагаюць прымаць рашэнні.
Другі і найбольш прыкметны ўклад — 123 польскіх вайскоўцаў. Па сутнасці, гэта танкавы эскадрон Leopard у складзе шматнацыянальнай баявой групы. Танкі даюць брыгадзе цяжкую браніраваную кампаненту, якая неабходная не толькі для вучэнняў, але і для рэальнага стрымлівання. Іх прысутнасць паказвае, што Польшча гатовая накіроўваць у Латвію не сімвалічныя сілы, а баявое падраздзяленне з сур’ёзнымі магчымасцямі.
Моцны бок польскага кантынгенту ў тым, што ён прыязджае цалкам гатовым да працы. Польшча накіроўвае ў штаб прафесійных афіцэраў, а яе танкі падтрымліваюцца ў вельмі высокай тэхнічнай гатоўнасці. Паказчык спраўнасці польскіх Leopard складае 100 працэнтаў. За гэтай лічбай стаяць значныя ўкладанні, лагістыка, запасныя часткі і пастаянная праца экіпажаў і тэхнічнага персаналу.
Я называю гэты паказчык не дзеля прыгожай статыстыкі. Ён сведчыць пра тое, што Польшча сур’ёзна ставіцца да сваёй місіі ў Латвіі і здольная пры неабходнасці выкарыстоўваць прадстаўленыя сілы. Для шматнацыянальнай брыгады гэта крытычна: падраздзяленне павінна быць не проста ў спісе, а рэальна гатовым выйсці на задачу і дзейнічаць разам з іншымі кантынгентамі. Я вельмі задаволены падтрымкай з боку Польшчы.
Слухайце аўдыё!
Эдуард Жолуд