Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Графіня Клементына Манькоўска — адна з найлепшых агентак часоў Другой сусветнай вайны (ФОТА/ВІДЭА)

29.08.2026 06:02
Седзячы ў машыне з нямецкімі афіцэрамі, яна на насоўцы рысавала план базы падводных лодак.
Аўдыё
  • Графіня Клементына Манькоўска – адна з найлепшых агентак часоў Другой сусветнай вайны.
  .
Графіня Клементына Манькоўска. Крыніца: Аўтар невядомы, грамадскі набытак.

У гістарычнай рубрыцы мы ўжо расказвалі пра Крыстыну Скарбэк — польскую агентку, якая дзейнічала ў гады Другой сусветнай вайны. Паводле сведчанняў, Скарбэк была любімай агенткай Чэрчыля. А сёння раскажам пра іншую вядомую польскую агентку — графіню Клементыну Манькоўску.

Яе біяграфія настолькі цікавая, што магла б стаць асновай сцэнара шпіёнскага фільму.

Клементына Чаркоўска-Галееўска нарадзілася ў 1910 годзе ў невялікай вёсцы на тэрыторыі сучаснай Украіны ў сям’і багатага землеўладальніка. Яна паходзіла з вядомага польскага роду, а дзяцінства і юнацтва правяла ў маёнтку сваіх бацькоў.

У 1933 годзе выйшла замуж за графа Анджэя Манькоўскага, уладальніка вялікага маёнтку Вінна Гура каля Познані.

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны і нямецкай акупацыі ў верасні 1939 года афіцэры Вермахта часткова занялі палац у Віннай Гуры. Праз месяц увесь маёнтак быў канфіскаваны для маршала Вільгельма Кейтэля, і Манькоўска з мужам пераехалі ў Варшаву да сваякоў. Замест выезду за мяжу Клементына засталася ў Польшчы ды выкарыстала свой шарм, веданне моваў і «арыйскую» знешнасць, каб пранікнуць у кола нямецкіх афіцэраў.

Warszawa, rok 1942 Warszawa, rok 1942

У Варшаве жанчына далучылася да польскай падпольнай арганізацыі «Мушкецёры». З часам самі немцы запрапанавалі ёй супрацоўніцтва з ваеннай разведкай Абвер, не ведаючы, што яны вярбуюць двайнога агента.
Зімой у 1939-1940 гадах, выкарыстоўваючы сваё арыстакратычнае паходжанне і кантакты з нямецкім афіцэрам, які раней жыў у яе палацы, а пазней і з іншымі афіцэрамі, графіня атрымала важную ваенную інфармацыю і копіі дакументаў.

Дзякуючы сваім кантактам яна паехала ў Францыю, якая была акупаваная Германіяй, і атрымала працу перакладчыцай у нямецкай камендатуры і порце на востраве Нуармуцье. Сярод іншага, яна збірала разведданыя аб ваенна-марской базе ў Сен-Назеры і капіявала дакументы. Яе найвялікшым дасягненнем было атрыманне сакрэтнай інфармацыі пра нямецкую базу падводных лодак у Сен-Назеры — даных, якія дапамаглі брытанцам правесці знакамітую аперацыю «Калясніца» ў 1942 годзе, знішчыўшы ключавую інфраструктуру падводных лодак у Атлантыцы.

Графіня Клементына Манькоўска. Крынца: Аўтар невядомы, грамадскі набытак. Графіня Клементына Манькоўска. Крынца: Аўтар невядомы, грамадскі набытак.

У сакавіку 1941 года Клементыну Манькоўску арыштавала гестапа, але неўзабаве яе вызвалілі з-за недахопу доказаў. Графіня была вельмі ўпэўненай жанчынай і добрай актрысай. Перад ранішнім допытам у штаб-кватэры гестапа ў Парыжы яна запатрабавала ў немцаў... сняданку.

— Я галодная, не магу засяродзіцца і адказаць на вашы пытанні, — сказала нямецкім афіцэрам Манькоўска.

Шарм і запальчывы характар графіні далі эфект, і ёй у камеру прынеслі ежу і келіх чырвонага віна.

У першай палове 1941 года яна паехала ў адпачынак у Польшчу, дзе атрымала інфармацыю пра запланаваны напад Германіі на СССР і будаўніцтва лагера смерці ў Трэблінцы. Жанчына была дасканалым разведчыкам — лічылася адной з пяці найбольш эфектыўных агентак, якія дзейнічалі ў акупаванай Еўропе.

У другой палове 1941 года Клементыну завербаваў Абвер. Гэта адбылося з ведама «Мушкецёраў» і брытанскай разведкі, для якой яе інфармацыя мела важнае значэнне. Пасля разведпадрыхтоўкі ў Берліне жанчыну планавалася накіраваць у Вялікабрытанію з місіяй ад самога адмірала Вільгельма Канарыса, начальніка Абвера, які шукаў кантактаў з саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі.

Пасля чатырохмесячнага падарожжа, арганізаванага немцамі праз Францыю і нейтральную Партугалію, яна дабралася ў Вялікабрытанія ў маі 1942 года. Там на наступны дзень яе памылкова арыштавала брытанская контрразведка MI5. Пасля таго, як аказалася, што затрыманая жанчына — іх агент, брытанцы выпусцілі Клементыну. Пасля гэтага яна працавала ў шпіталі ў Эдынбургу сакратаром і перакладчыкам, уз'яднаўшыся са сваім мужам, які прыехаў у Вялікабрытанію з Францыі, і сынамі, якіх перакінуў Абвер.

Адна з гісторый яе працы выдатна ілюструе спалучэнне мужнасці і хітрасці Клементыны Манькоўскай. Падчас задання, седзячы ў машыне з нямецкімі афіцэрамі на базе падводных лодак, яна нарысавала план базы і размяшчэнне субмарынаў на насоўцы — у прысутнасці немцаў, якія нават не здагадваліся пра тое, што яна робіць.

У 1948 годзе графіня з сямʼёй пераехала ў Бельгійскае Конга. У 1967 годзе вярнулася ў Еўропу, дзе за заслугі атрымала ад уладаў французскага вострава Нуармуцье вялікі маёнтак. У 1953 годзе яна была ўзнагароджаная Сярэбраным крыжам Заслугі з мячамі польскім урадам у выгнанні. У маі 1996 года прэзідэнт Францыі Жак Шырак узнагародзіў Клементыну Манькоўску Нацыянальным ордэнам «За заслугі», а ў верасні 1997 года ўлады Германіі — Федэральным крыжам «За заслугі» першай ступені.

Памерла Клементына Манькоўска ў студзені 2003 года ў замку ў Бургундыі.

У графіні былі два сыны і дачка. У 2019 годзе яе старэйшы сын Кшыштаф Манькоўскі (1933-2023 г.г.) згадваў, што яго маці была вельмі смелай жанчынай.

— Па-першае, у яе сапраўды была вялікая харызма, яна была вельмі прыгожая, вельмі адкрытая, яна ўсім падабалася, яе ўсе любілі. Па-другое, яна была неверагодна адважная, яна нічога не баялася. Нічога! У сваім апошнім інтэрвʼю для англійскай газеты яна казала, што баялася толькі аднаго — катаванняў. Але, як яна гаварыла, калі б немцы вырашылі яе расстраляць, то пайшла б на смерць. І акрамя гэтага, мая маці была выдатнай актрысай. Яна так добра іграла свае ролі, што магла б быць галівудскай артысткай. І па-чацвёртае, ёй неверагодна шанцавала. Такой была мая маці.

Ва ўзросце 80 гадоў былая агентка напісала свае ўспаміны пад назвай «Мая ваенная місія». У 2003 годзе кніга была выдадзеная ў Польшчы.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу