Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Рэжым Лукашэнкі палохае беларусаў «польскай пагрозай»

01.09.2026 12:34
Лукашэнкаўская прэса апублікавала матэрыял пра «падрыхтоўку Польшчы да нападу на Беларусь». Польскія эксперты перакананыя, што гэта крок у напрамку захавання ўзроўню пагрозы сярод грамадства.
Аўдыё
  • Рэжымныя СМІ зноў палохаюць беларусаў «польскай пагрозай»

Дзяржаўная газета «Гродзенская праўда» выпусціла матэрыял з абвінавачваннямі ў бок Польшчы ў нібыта падрыхтоўцы нападу на Беларусь. Прычынай стала праграма «Усходні меч», якую лукашэнкаўскія прапагандысты назвалі «інструментам першага ўдару». Што цікава, артыкул з'явіўся пасля шэрагу заспакаяльных выступаў вайсковых чыноўнікаў, сярод якіх міністр абароны Хрэнін ды камандуючы ВПС Лукʼяновіч, якія заявілі пра адсутнасць пагроз, стабільнасць абстаноўкі на мяжы і нават пра наяўнасць узаемадзеяння з суседзямі.

Што стаіць за рыторыкай прапагандыстаў, ці рэжым Лукашэнкі можа пыйсці нешта большае — сапраўдныя пагрозы?

Пра гэта мы запыталіся ў польскіх экспертаў — Каміля Клысінскага з Цэнтру ўсходніх даследаванняў і Кацпэра Ваньчыка з Акадэмічнага цэнтру стратэгічнага аналіза.

— Гэтак рэжым нагадвае перш за ўсё сабе і беларускаму грамадству пра складанасць сітуацыі ў краіне. Гэта падтрыманне ўяўнай рэальнасці, на што яны свядома пайшлі некалькі гадоў таму, яшчэ ў 2020 годзе, калі абарвалі дыялог з Захадам, і Захад паступова пачаў станавіцца ўсё больш варожым у іх свядомасці, у іх наратыве. Гэта значна абвастрылася пасля расійскай агрэсіі, у якой Беларусь удзельнічае як суагрэсар пасля лютага 2022 года.

Захад — вораг нумар адзін, а Польшча ўжо зʼяўляецца прэміяльным ворагам у іх прапагандзе, і гэтая тэндэнцыя працягваецца. Гэта, вядома, узгоднена з Масквой. Гэта не нейкая ініцыятыва Лукашэнкі, і тым больш не самастойная ініцыятыва журналістаў з Гродна па выкрыцці такіх пагроз. Гэта ўваходзіць у стандартную прапагандысцкую палітыку — пераканаць усіх вакол, ды і саміх сябе таксама. Бо я не ўпэўнены, што ўсе вераць, што Польшча — пагроза для суверэннай, нібыта дэмакратычнай, незалежнай Беларусі, якую яны, вядома, лічаць мірнай. Я маю на ўвазе мірную ў тым сэнсе, што Беларусь не нападзе на нас, але не таму, што яна нас любіць і паважае.

Я кажу пра рэжымную Беларусь, не пра беларусаў, пра беларускія ўлады, а таму што ў іх няма ні сілы, ні рэсурсаў для гэтага, гэтак жа, як і ў Расіі. Але яны лічаць павышэнне пагрозы ў СМІ неабходным, і гэта частка прапаганды.

У гэтым артыкуле, гаворыцца, што польская прапаганда ілжыва ўсыпляе грамадскую думку гісторыямі пра абарончы шчыт на ўсходзе, у той час як на самой справе ствараецца зброя першага ўдару.

Ці не можа быць, што яны, магчыма, самі рыхтуюць першы ўдар нібыты на апярэджанне, як гэта рабілася ў савецкія часы?

— Не думаю. Заявы, падобныя да тых, што зʼявіліся ў гродзенскай газэце, гучаць для мяне больш сумленна і больш адпавядаюць логіцы Масквы і Мінска, чым дэзынфармацыйныя і вельмі недакладныя заявы, падобныя да нядаўняга выступу камандуючага ВПС генерала Лукʼяновіча, які раптам, нечакана, заявіў, што Беларуская армія і ВПС Беларусі супрацоўнічаюць з Польшчай. Якое супрацоўніцтва можа быць, калі мы знаходзімся па зусім розныя бакі барыкад. Давер хутчэй ніжэй за нуль, нават не на нулі, а ніжэй. Няма шырокіх інстытуцыйных кантактаў. Яны спарадычныя, падтрымліваюцца вельмі неафіцыйна, настолькі стандартна, што адсутнічае любая надзейная інфармацыя, але гэта не супрацоўніцтва. Я б не назваў гэта супрацоўніцтвам, таму што Беларусь падтрымлівае кінетычную вайну Расіі ва Украіне і вядзе гібрыдную вайну супраць нас, насылаючы мігрантаў, паветраныя шарыкі, ці робячы медыйныя правакацыі. Згаданы артыкул – чарговая гібрыдная акцыя супраць нас, накіраваная супраць НАТА, а ў дадзеным выпадку – супраць Польшчы. Я не думаю, што гэта прэлюдыя да нейкай прэвентыўнай атакі.

Кацпэр Ваньчык таксама не бачыць у гэтым нечага большага за прапаганду.

— У апошнія месяцы ўлады ў Мінску ў знешняй палітыцы былі вельмі актыўныя ў двух напрамках: Польшча і Украіна. Мне здаецца, што ў абодвух напрамках гэта праводзіцца ў двухбаковым ключы.

З аднаго боку, ёсць гэты нібыта пазітыўны наратыў, гэта значыць, калі гаворка ідзе пра Польшчу, нядаўна была заява кіраўніка ВПС і Войскаў СПА Беларусі, які сказаў, што больш няма пагрозы з боку ВПС Польшчы, Літвы і Латвіі, што на мяжы з Беларуссю ўсё менш і менш самалётаў — ён гэта сфармуляваў менавіта так.

Што тычыцца ўкраінскага боку, напрыклад, нядаўна, 22-га, з нагоды Дня незалежнасці Украіны, Лукашэнка выказаў свае найлепшыя пажаданні ўкраінскаму народу і казаў пра братэрства і сувязі паміж народамі Украіны і Беларусі. З другога боку, мы маем гэты пастаянны ціск, у прыватнасці, публікацыі, падобныя да тых, што ў гэтай газеце.

Таксама ёсць нядаўнія, практычна бесперапынныя праверкі баявой гатовасці, вучэнні ў Гродзенскай вобласці падраздзяленняў радыёэлектроннай барацьбы. Нядаўна  беларускія ўлады афіцыйна прызналі экстрэмісцкай профіль пасла Чарнагора, прызначанага для працы з беларускаю апазіцыяй у выгнанні. Такім чынам, з аднаго боку, мы кажам, што мы адкрытыя, што ўсё добра, але з іншага боку, мы ўвесь час ціснем.

Лукашэнкаўская прэса апублікавала матэрыял пра «падрыхтоўку Польшчы да нападу на Беларусь». Польскія эксперты перакананыя, што гэта крок у напрамку падтрымання ўзроўню пагрозы сярод грамадства. Рэжым не мае сродкаў для нападу на Польшчу.

Юры Ліхтаровіч