Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Горад, дзе гавораць па-руску, але не чакаюць Расію. Расказваем, як жыве Даўгаўпілс

03.09.2026 14:12
Па-руску размаўляюць 75–80% жыхароў гораду. Для чалавека звонку гэта можа выглядаць як дэкарацыя да чарговай гісторыі пра «русский мир».
Аўдыё
  • Горад, дзе гавораць па-руску, але не чакаюць Расію. Расказваем, як жыве Даўгаўпілс
,
Даўгаўпілс, цэнтр горада Беларуская служба Польскага радыё

У Даўгаўпілсе латышскую мову на вуліцы пачуеш нячаста. Паводле ацэнкі, па-руску размаўляюць 75–80% жыхароў. У крамах, кавярнях і грамадскай прасторы можна лёгка абысціся без дзяржаўнай мовы.

Для чалавека звонку гэта можа выглядаць як гатовая дэкарацыя да чарговай гісторыі пра «русский мир». Але Аляксей Дында засцерагае ад простых высноў:

«Той факт, што гэтыя людзі размаўляюць па-руску, не азначае, што яны будуць сустракаць з кветкамі нейкія танкі або ладзіць бунты. Калі Расія мэтанакіравана будзе накіроўваць сюды свае рэсурсы, у Рыгі ўзнікнуць пэўныя складанасці. Але не трэба самім ляпаць вушамі — трэба прымаць меры і контрмеры».

Даўгаўпілс — другі па колькасці насельніцтва горад Латвіі. На пачатак 2024 года тут жылі каля 78,3 тысячы чалавек. Расіяне складалі 46% насельніцтва, латышы — 21%, палякі — 13%. Аднак этнічнасць і мова — не адно і тое ж: доля рускамоўных значна большая за долю этнічных расіян.


Журналіст LSM Аляксей Дында Журналіст LSM Аляксей Дында

Адносіны Латгаліі з Рыгай застаюцца няпростымі. Рэгіён бяднейшы за іншыя ў краіне, а эканамічная аддаленасць часта ўзмацняе палітычную незадаволенасць. Таму, на думку Дынды, адказам на расійскі ўплыў павінны быць не толькі забароны.

«Рызе варта ўкладвацца ў эканамічнае развіццё рэгіёна, і тады вялікіх праблем не будзе. Людзі ўжо пабачылі, у што ператварыліся гарады Данбаса, і ў любым выпадку выберуць стабільнасць і еўрапейскі фінансавы дабрабыт, а не разбурэнні, якія бачаць ва Украіне».

Адсюль і адна з найбольш выразных высноў журналіста:

«Многія будуць бурчаць у інтэрнэце, як яны робяць і цяпер, будуць незадаволеныя, але, мне здаецца, няма дурняў, якія сапраўды чакаюць гэтага «русского мира» ва ўсёй яго красе».

Чаму латышская застаецца чужой

Руская мова ў Даўгаўпілсе — не толькі палітычная пазіцыя або праява імперскасці. Часта гэта вынік асяроддзя, узросту і жыццёвых абставінаў. Дында згадвае сваю бабулю, якая памерла ва ўзросце 88 гадоў і ведала па-латышску толькі некалькі слоў.

«Калі распаўся Савецкі Саюз, ёй было 55 гадоў. Яна жыла ў горадзе, дзе ўсе размаўлялі па-руску. Як растлумачыць, чаму яна не вывучыла латышскую? Таму што была нейкай імперкай? Або проста так склалася жыццё? У людзей жыццё складваецца па-рознаму».

Праблема ў тым, што для вывучэння мовы часта няма натуральнага асяроддзя. На вуліцы гучыць руская, ёю можна карыстацца ў побыце і сферы паслуг. Без практыкі нават добра вывучаная латышская паступова забываецца.

«Не трэба ўсё маляваць адной фарбай. Жыццё больш яскравае і разнастайнае, і колераў у ім больш. Ёсць тыя, хто лянуецца, ёсць тыя, хто сапраўды лічыць, што латышская яму не патрэбна. Але маладыя людзі ў горадзе вучацца. Я думаю, наступнае пакаленне гадоў праз дзесяць дакладна, сто працэнтаў, будзе свабодна размаўляць па-латышску».

Моўная рэформа аказалася менш выбуховай, чым прадказвалі яе праціўнікі. У 2004 годзе пераход старэйшых класаў школ нацыянальных меншасцяў на формулу «60 на 40» выводзіў тысячы людзей на вуліцы Рыгі. Цяпер бацькі хутчэй прыстасоўваюцца да зменаў.

«Яны разумеюць: калі іх дзеці хочуць у далейшым жыць у Латвіі, ім важна ведаць латышскую мову як мага лепш — лепш, чым ведаюць яе самі бацькі», — кажа Дында.

Паказальна, што вынікі цэнтралізаваных экзаменаў па латышскай мове ў Даўгаўпілсе аказаліся вышэйшыя за сярэднія па краіне. Дзяржаўная мова паступова становіцца не сімвалічным пакараннем, а інструментам адукацыі, працы і жыцця па-за межамі аднаго горада.

«Дзень перамогі»

Не менш балючая тэма для Даўгаўпілса — стаўленне да 9 траўня. У цэнтры горада застаецца савецкі помнік з датай «1944». Вечны агонь закрыты, тэрыторыя абнесеная плотам, але побач па-ранейшаму з’яўляюцца свежыя кветкі. Помнік не зносяць, бо пад ім знаходзіцца вайсковае пахаванне.

Пасля 2022 года ранейшая форма святкавання страціла нават уяўную нявіннасць.

Помнік "вызвалення", Даўгаўпілс Помнік "вызвалення", Даўгаўпілс

«Людзі, якія ў сярэдзіне 2000-х актыўна святкавалі 9 Мая, павінны былі змірыцца з думкай, што штогадовыя парады ўжо недарэчныя. Недарэчныя яны найперш праз Уладзіміра Пуціна, які пад лозунгамі «можам паўтарыць» і «дзяды ваявалі» ўчыніў бойню ў суседняй краіне», — тлумачыць журналіст.

Для часткі жыхароў адмова ад звыклага рытуалу стала балючай. Яны ўспрымаюць 9 траўня як дзень памяці пра сваіх продкаў і не заўсёды разумеюць, чаму цяпер нельга ладзіць масавыя шэсці або спяваць «Кацюшу» ў грамадскім транспарце. Але вайна Расіі супраць Украіны цалкам змяніла кантэкст: Крэмль ператварыў гістарычную памяць у інструмент апраўдання агрэсіі.

Пры гэтым ушаноўваць загінулых ніхто не забараняе.

«Людзі могуць хадзіць на вайсковыя могілкі, ускладаць кветкі. Магчыма, у гэтым ёсць пэўнае развіццё рускамоўнай часткі нашага грамадства. Можа, сапраўды боль карысна сустрэць 9 Мая на могілках, а не ў нейкім карнавалападобным натоўпе», — разважае Дында.

Так памяць можа вярнуцца з імперскага спектакля ў прыватную прастору — да сямейнай гісторыі, цішыні і магіл. Без «Кацюшы», ваеннага карнавалу і лозунгаў пра тое, што вайну можна паўтарыць.

Вопыт Даўгаўпілса важны і для беларусаў. Ён паказвае: руская мова сама па сабе яшчэ не робіць чалавека прыхільнікам Крамля, але працяглае жыццё ў расійскім інфармацыйным полі стварае небяспечную залежнасць. Моўны пераход не адбываецца за адзін дзень і не можа трымацца выключна на прымусе. Аднак без нацыянальнай мовы цяжка стварыць супольную інфармацыйную і палітычную прастору.

Гістарычная памяць таксама патрабуе пераасэнсавання. Бо памяць, якую грамадства не асэнсоўвае крытычна, рана ці позна паспрабуе прысвоіць агрэсар.

Слухайце аўдыё!

Эдуард Жолуд

Камандзір латвійскай брыгады: Расія непрадказальная. Праблема можа ўзнікнуць заўтра, а можа — праз дзесяць гадоў 

14.08.2026 16:29
За абарону Латгаліі — усходняга рубяжа Латвіі і НАТА — адказвае 3-я брыгада Земесардзэ. Шэсць батальёнаў прыкрываюць амаль 300 км мяжы з Беларуссю і РФ. 

 «Для старэйшых — касцёл, для маладых — школа». Расказваем, што падтрымлівае польскасць у Латгаліі

18.08.2026 07:04
Адным з найважнейшых цэнтраў польскага жыцця застаецца Даўгаўпілс, дзе палякі складаюць каля 15% насельніцтва.

Камандзір брыгады НАТА ў Латвіі: Калі мы гаворым Расія, то маем на ўвазе і Беларусь

17.08.2026 16:30
Аб утоеных пагрозах у Латгаліі і аб польскіх «Леапардах» ля мяжы з РФ гаворым з канадскім палкоўнікам Дэвідам Брасарам.

Як аб’яднаць грамадства: латвійскі досвед барацьбы з дэзінфармацыяй. Размова з медыяэксперткай Гунтай Слога

19.08.2026 18:11
Руская мова сама па сабе не азначае прарасійскасці. Праблема ўзнікае тады, калі адрозненні спалучаюцца з ізаляванасцю інфармацыйных асяроддзяў.