Выданне «Rzeczpospolita» піша пра вынікі апытання SW Research, ці павінна Польшча патрабаваць ад Германіі ваенных рэпарацый. Пра гэта казаў, між іншым, прэзідэнт Караль Наўроцкі падчас адзначэння ўгодкаў пачатку вайны.
Партыя «Права і справядлівасць» (PiS) разглядала пытанне ў 2017 годзе і вылічыла памер рэпарацый на больш чым 6 трыльёнаў злотых. Караль Наўроцкі ўздымаў пытанне рэпарацый і магчымасць таго, што яны могуць быць выкарыстаны для павышэння абараназдольнасці Польшчы ў верасні 2025 года, неўзабаве пасля прысягі. Пры гэтым Германія лічыць пытанне рэпарацый закрытым. Дзяржава неаднаразова адзначала, што пытанне фінансавай кампенсацыі польскай дзяржаве за разбурэнні падчас Другой сусветнай вайны, і гібель 6 мільёнаў грамадзян закрыта, паколькі ў дэкларацыі 1953 года Польшча адмовілася ад ваенных рэпарацый ад Германіі.
У 2019 годзе прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі ў інтэрв'ю нямецкім журналістам заявіў, што дэкларацыя была «пагадненнем паміж Польшчай і ГДР», якое яго ўрад не прызнае. У 1953 годзе Польшча не была суверэннай краінай, а яе знешняя палітыка падпарадкоўвалася Савецкаму Саюзу.
Як паказвае апытанне, самыя маладыя жыхары Польшчы скептычна ставяцца да патрабавання ваенных рэпарацый ад Германіі. На пытанне, ці павінна Польшча патрабаваць выплаты ваенных рэпарацый, 46,9% рэспандэнтаў адказалі «так». 32,5% апытаных сказалі «не». 20,6% рэспандэнтаў не мелі меркавання на гэты конт. «Найбольш прыхільнікаў рэпарацый сярод людзей ва ўзросце 35-49 гадоў (55%), а найменш сярод тых, каму менш за 24 гады (31%)».
нг