Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Польскі аналітык: Расійскія атакі на польска-украінскую мяжу працягнуцца

16.09.2026 16:41
У апошнія дні адбыўся шэраг паветраных атак расійскіх дронаў на інфраструктуру польска-украінскай мяжы.
Аўдыё
  • Польскі аналітык пра расійскія атакі на польска-украінскую мяжу
Удар расійскага беспілотніка па цягніку ва УкраінеREUTERS

Так у пятніцу расійскі беспілотнік ударыў па лакаматыве на Валыні ўсяго ў 30 км ад мяжы з Польшчай, а ў нядзелю расійскі дрон атакаваў цягнік непасрэдна ў раёне памежнага пераходу. Таксама расейскія БПЛА атакавалі запраўку ды вакзал, дзе афармляюцца цягнікі на Варшаву.

Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга назваў гэтыя атакі «пуцінскім тэрорам, які грукаецца непасрэдна ў дзверы ЕС і НАТА».

На фоне апошніх расійскіх атак у непасрэднай блізкасці ад мяжы з Украінай Польшча пачала ўмацоўваць інфраструктуру на памежных пераходах. У Дарагуску, Медыцы і Карчовай ваенныя сапёры будуюць новыя ахоўныя пасты для Памежнай службы, усталёўваюцца ўмацаванні з сістэм HESCO Bastion — спецыяльных канструкцый, запоўненых пяском.

— Мы ўзмацняем абарону нашых памежных пераходаў з Украінай. Апошнія дні паказваюць, што дзеянні Расеі пагражаюць бяспецы ўсёй Еўропы, — заявіў міністр абароны Уладыслаў Касіняк-Камыш.

Пра тое, наколькі гэта новая і нечаканая сітуацыя для Польшчы, і ці атакі будуць працягвацца, мы паразмаўлялі з аналітыкам парталу Defence24 Барталамеем Выпартовічам.

— Не сакрэт, што расіяне даўно рыхтаваліся да такога тыпу аперацыі. Яны зыходзяць з таго, што значна прасцей знішчыць, напрыклад, будынак на памежным пераходзе або побач з ім, дзе адбываецца перагрузка, чым паралізаваць чыгуначны транспарт у цэлым. Лагічна, што Польшча рана ці позна стане цэллю такіх нападаў, таму што Польшча з'яўляецца буйным лагістычным цэнтрам для Украіны. Праз Польшчу праходзіць транзітам значная колькасць абсталявання і гуманітарнай дапамогі.

Пра магчымасць атак на мяжу сведчылі дзеянні расіян у іншых краінах, кажа адмысловец.

— Каля трох месяцаў працягвалася кампанія расійскіх удараў паблізу памежных пераходаў. Малдова, Румынія і іншыя краіны адчулі на сабе гэта. Таму, на жаль, цяпер гэта закранае і Польшчу.

Раней расіяне рэдка праводзілі атакі па Заходніх абласцях Украіны. Што змянілася цяпер? Што дазваляе ім часцей атакаваць?

— Расіянам значна прасцей цяпер перагрузіць украінскія сістэмы супрацьпаветранай абароны з-за абмежаванай колькасці ракет перахопнікаў для такіх сістэм, як «Патрыёт». Германія абяцала паставіць Украіне прыблізна 600 ракет ПАК-2, гэта значыць старых ракет для сістэм «Патрыёт». На жаль, гэтыя пастаўкі фактычна пачнуцца ў сярэдзіне зімы, калі Украіна ўжо сутыкнецца з атакамі на сваю энергетычную і транспартную інфраструктуру. Яшчэ адзін важны момант — шырокае ўкараненне беспілотнікаў тыпу «Герань-5», якія раней не выкарыстоўваліся ў такіх маштабах. Галоўная змена палягае на тым, што гэта беспілотнікі з павялічанай далёкасцю палёту і большай манеўранасцю». Гэтыя дроны больш не выкарыстоўваюць прапелерны рухавік, як «Герань-2» або «Шахід», яны маюць турбарэактыўны рухавік. Расіяне размясцілі шмат пускавых установак «Герань-5» каля межаў Украіны, як на нядаўна створаных базах, так і на базах, створаных на раней акупаваных тэрыторыях. Яны могуць атакаваць беспілотнікамі блізка да мяжы. Гэтыя БПЛА даволі цяжка збіць украінскаму боку, і заходнім краінам таксама з 30-мм гарматы або контрдронамі, якія проста не даганяюць турбарэактыўныя беспілотнікі.

Якія ў Польшчы ёсць сродкі для супрацьстаяння такім атакам?

— Калі казаць пра спосабы супрацьстаяння такой пагрозе, то не сакрэт, што Польшча рыхтавалася да такой верагоднасці з 2021-га года. У нас ужо ёсць працэдуры, якія, як паказаў учорашні напад, даказалі сваю эфектыўнасць. У цяперашні час таксама разглядаецца магчымасць падрыхтоўкі бамбасховішчаў паблізу памежных пераходаў.

Ці Польшча не можа збіваць расійскія дроны, як нядаўна быў збіты авіяцыяй НАТА дрон, які прыляцеў у Літву з Беларусі?

— Можа, больш за тое, польскі бок нядаўна даў загад вайскоўцам збіваць усе выяўленыя паветраныя абʼекты, якія парушаюць польскую паветраную прастору. Аднак тут пытанне ў суадносінах выдаткаў і эфектыўнасці, бо заходнім краінам у цяперашні час не хапае недарагіх сістэм для супрацьдзеяння рэактыўным беспілотнікам. У рэальнасці збіццё такой пагрозы, напрыклад, ракетамі AIM эканамічна некарысна для краін НАТА. Перахопнік каштуе мільён долараў, а адна «Герань» — 100 тысяч долараў. Суадносіны кошту — 10 да 1.

Які прагноз можна зрабіць на вашу думку, атакі па мяжы будуць працягвацца?

— Я асабіста лічу, што прамой атакі на польскі памежны пераход у бліжэйшай будучыні не будзе, хіба што расіяне палічаць, што з боку Польшчы не было станоўчага адказу, тады можа адбыцца правакацыя. Але Расія будзе эскалаваць свае дзеянні, бо яны рыхтуюцца да буйной зімовай кампаніі, у якой яны паспрабуюць прарваць лініі абароны Украіны. Сярод іншага, аднаўляюцца бранятанкавыя войскі, ёсць пытанне ўдараў па энергетычнай інфраструктуры Украіны, каналізацыі і водазабеспячэнню ў цэлым. Плюс да ўсяго вядуцца атакі на харчовыя склады, што накіравана на тое, каб прымусіць украінскае мірнае насельніцтва зменшыць супраціў і, магчыма, выклікаць чарговую хвалю міграцыі.

За апошнія дні адбыўся шэраг паветраных атак расійскіх дронаў на інфраструктуру польска-украінскай мяжы. У адказ Польшча пачала ўмацоўваць інфраструктуру на памежных пераходах. Гэта патрэбная мера, бо атакі будуць працягвацца мяркуе аналітык парталу Defence24 Барталамей Выпартовіч.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч