Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Польскі эксперт: Беларусы сталі «сімвалічным чужынцам» для літоўскіх палітыкаў

18.09.2026 16:02
Беларусы сталі «лёгкай мішэнню» для літоўскіх палітыкаў, каб знайсці вінаватага, якім можна палохаць грамадскасць, перакананы палітолаг Дамінік Вільчэўскі з парталу «Przegląd Bałtycki».
Аўдыё
  • Польскі эксперт: Беларусы сталі «сімвалічным чужынцам» для літоўскіх палітыкаў
      .
Чалавек з беларускім сцягам на вуліцах Вільні. Ілюстрацыйнае фотаPAP/VALDA KALNINA

Улады Літвы часта анулююць дазволы на жыхарства беларусам, спасылаючыся на пагрозу нацыянальнай бяспецы. У лістападзе шмат хто з беларусаў страціць магчымасць працаваць у Літве. Калі да гэтага дадаць крытыку ў бок беларусаў за «ліцвінізм», вымалёўваецца сітуацыя, што беларусы сталі «лёгкай мішэнню» для літоўскіх палітыкаў, каб знайсці вінаватага, якім можна палохаць грамадскасць, перакананы палітолаг Дамінік Вільчэўскі з парталу «Przegląd Bałtycki».

Па стане на 1 верасня 2026 года ў Літве амаль 48 тысяч грамадзян Беларусі мелі віды на жыхарства. Пры гэтым у 2024-м годзе гэтая лічьа складала 62 844 грамадзяніна Беларусі. За два гады адбылося значнае скарачэнне. Неўзабаве можна спадзявацца далейшага змяншэння дадзенай лічбы. Пасля 1 лістапада 2026 года беларусы не змогуць падаць хадайніцтва аб выдачы дазволу на пражыванне ў Літве на падставе працы або навучання праз Дэпартамент міграцыі.

Таксама з Літвы прыходзяць паведамленні пра ўсё новыя дэпартацыі беларусаў, нядаўна літоўскія ўлады дэпартавалі 22 беларусаў, якіх прызналі «пагрозаю нацыянальнай бяспецы». Да гэтага можна дадаць крытыку шэрагу літоўскіх палітыкаў у бок беларусаў за нібыта жаданне перапісаць гісторыю ВКЛ, змяншаючы роль літоўцаў (так званы Ліцвінізм).

Дадзеныя факты сведчаць пра тое, што беларусы сталі для Літвы праблемай. Чаму? Пра гэта мы спыталіся ў рэдактара парталу «Przegląd Bałtycki» Дамініка Вільчэўскага.

— Першая прычына — вайна ва Украіне. Ёсць і і іншыя прычыны, але гэтая  самая фундаментальная. Вайна адцягнула ўвагу, якую Літва, літоўскае грамадства і літоўскія эліты надавалі Беларусі, дапамозе беларускай грамадзянскай супольнасці. Яна цалкам зрушылася, акцэнт быў зроблены на Украіне  на дапамозе і падтрымцы Украіны, а беларускае пытанне адышло на другі, трэці, чацвёрты план, стаўшы фонам для дзеянняў на ўкраінскім кірунку.

Але гэта яшчэ не ўсё, перакананы эксперт.

— Іншы момант  гэта тое, як Беларусь пазіцыянуецца. Значная частка літоўскага грамадства і некаторыя часткі эліты ўспрымаюць яе як краіну-агрэсара. Вядома, гэта нейкім чынам апраўдана, бо Беларусь не з'яўляецца нейтральнай краінай або краінай, якая знаходзіцца ў баку ад канфлікту. Былі дзеянні ўладаў, якія прадаставілі тэрыторыю для дзеянняў Расіі, цяпер Беларусь прымае расійскіх салдат, якія прыязджаюць падлячыцца ў беларускіх ваенных шпіталях. Гэта спрыяе ўспрыманню Беларусі як краіны, якая тым ці іншым чынам удзельнічае ў вайне.

Праз гэта літоўцы сталі бачыць праблему ў прыезд тысяч беларусаў у сваю краіну, кажа адмысловец.

— Гэта не столькі звязана з вайной, але наклалася з вайной. Быў прыток вялікай колькасці мігрантаў з Беларусі ў Літву і, у прыватнасці, у Вільню. Гэта стварае праблемы з інтэграцыяй гэтай супольнасці сярод літоўцаў. Усё пагаршаецца палітычнымі пытаннямі, звязанымі з чаканнямі, якія некаторыя часткі літоўскай палітычнай эліты мелі адносна беларускага апазіцыйнага руху, а дакладней, чаканнямі адносна сітуацыі ў Беларусі.

Якія былі чаканні? Сёлета Ціханоўская пакінула Вільню і цяпер знаходзіцца ў Варшаве, дык што здарылася? Якія чаканні не апраўдаліся?

— Прынамсі, гледзячы на тое, што я бачыў у 2020-ым годзе, тады ў Літве быў вялікі энтузіязм і вялікая надзея, што сітуацыя ў Беларусі вельмі хутка зменіцца. Крытычная маса пратэстаў, якія пачаліся пасля выбараў, здавалася, прывядзе да таго, што нейкія змены сапраўды адбудуцца. Можа, не тое, каб Лукашэнку зрынулі, але прымусілі б яго пайсці на нейкія саступкі, каб стала магчымым нейкае пагадненне за круглым сталом, накшталт таго, што вядома з польскай гісторыі. Ціханоўская, якую падтрымлівала Літва, бачылася як магчымая ўдзельніца перамоваў. Адсюль былі створаныя ўмовы для яе дзеянняў, літоўскія ўлады забяспечылі ёй такую магчымасць, каб Ціханоўская была не проста самаабвешчаным прэзідэнтам, а палітычным гульцом са сваёй базай, офісам і пэўнай інфраструктурай.

Ці не здзівіла вас такая падтрымка ў той час? Шчыра кажучы, я быў здзіўлены, бо літоўцы гадамі мелі добрыя адносіны з Лукашэнкам. У іх быў у першую чаргу эканамічны падыход, у іх былі пэўныя дамоўленасці ў сферы бізнесу, а дэмакратычныя чаканні былі другаснымі.

— Гэта, безумоўна, тлумачыцца зменамі ўнутры саміх эліт. Выбары ў Беларусі супалі са зменай ураду ў Літве. Габрыэлюс Ландсбергіс пачаў адыгрываць вырашальную ролю ў знешняй палітыцы. У той час да ўлады прыйшла кансерватыўная партыя, для якой каштоўнасці былі вельмі важнымі. Тады быў наратыў ураду, што трэба праводзіць палітыку, заснаваную на каштоўнасцях, у прыватнасці, на правах чалавека і падтрымцы дэмакратыі. Гэта быў не толькі прабеларускі зрух у той час, але і вельмі моцны зрух у палітыцы ў дачыненні да Кітая, які прывёў да падтрымкі Тайваня. У Вільні было адкрыта прадстаўніцтва Тайваня, і той урад пачаў рэзкае сутыкненне з Пекінам. Падтрымка Ціханоўскай адпавядала той новай палітыцы. Цяпер у Літве іншы ўрад, два гады таму прайшлі выбары, і з гэтым звязаная змена каштоўнасцяў. Цяперашні ўрад, левацэнтрысцкая кааліцыя, не цалкам адмовіўся ад палітыкі папярэднікаў, але пэўныя зрухі адбываюцца.

На чым палягаюць гэтыя зрухі?

— Стаў больш прагматычны падыход да Беларусі, цалкам не выключаецца нейкая форма дыялогу з афіцыйным Мінскам. Акрамя таго, ёсць яшчэ адзін фактар, які трэба ўзгадаць, абмяркоўваючы палітыку Літвы ў дачыненні да Беларусі: пазіцыя Злучаных Штатаў і дзеянні цяперашняй адміністрацыі Трампа. Нядаўна Джон Коўл, прадстаўнік адміністрацыі Трампа па справах Беларусі, зноў наведаў Літву. Яго візіты ў Мінск прыносіць адчувальныя вынікі, бо вызваляюцца палітычныя зняволеныя, але ён таксама наведвае Вільнюс, дзе агучвае прапановы, якія паступаюць з Вашынгтона, з просьбай змякчыць жорсткую палітыку ў дачыненні да Беларусі.

Чаго амерыканцы больш за ўсё чакаюць ад літоўцаў?

— Гаворка вядзецца пра калійныя ўгнаенні, якія патрэбныя амерыканскай сельскай гаспадарцы, асабліва ў цяперашняй сітуацыі, у якой апынуліся Злучаныя Штаты. Раней гэтыя ўгнаенні імпартавалі з Канады, але Трамп уступіў у вайну з Канадай, прынамсі ў гандлёвай і мытнай сферах, таму прадукты з Беларусі былі б альтэрнатывай. Іх вызваленне ад санкцый для ўдзелу ў міжнародным рынку паспрыяла б зніжэнню цэн на ўгнаенні. Для адміністрацыі Трампа значэнне маюць інтарэсы амерыканскага выбарца, то бок сярэдняга амерыканскага фермера, які галасуе за рэспубліканцаў. Гэта важна для Трампа. Вільнюс пакуль супраціўляецца ціску, зазначаючы, што нават калі б літоўскія ўлады хацелі, яны не могуць аднабакова спыніць санкцыі ЕС. Безумоўна, сярод літоўскай бізнес-эліты ёсць група людзей, якія таксама хацелі абмежавання санкцый. У іх больш прагматычны падыход, гэта значыць, яны аддаюць прыярытэт не столькі абароне правоў чалавека і грамадзянскай супольнасці Беларусі, колькі спадзяюцца, што калі санкцыі будуць паслабленыя, яны зноў змогуць атрымліваць прыбытак ад транзіту беларускіх тавараў праз літоўскі порт у Клайпедзе.

Яшчэ да гэтых палітычных момантаў трэба дадаць гістарычныя ды сацыяльныя траўмы, дадае польскі эксперт.

— Літоўцы ўспрымаюць беларусаў як супольнасць, якая самаізалюецца, якая дрэнна інтэгруецца. Да таго ж яны часта карыстаюцца рускай мовай, а руская тут не асабліва папулярная. Літва падвяргалася русіфікацыі ў савецкі час, таму гэта выклікае негатыўныя асацыяцыі. Яшчэ нельга забываць, што ксенафобскія, антыіміграцыйныя настроі зараз пачынаюць узнікаць па ўсёй Еўропе, і Літва таксама не застрахаваная ад іх. Розныя інцыдэнты адбываюцца, існуе негатыўны наратыў пра імігрантаў як пра чужынцаў. Беларусы сталі сімвалічным чужынцам. Яны вельмі лёгкая мішэнь, калі ў кагосьці ёсць палітычная зацікаўленасць у тым, каб знайсці вінаватага, або групу, якой можна лёгка запалохаць грамадскасць. Калі я размаўляў з літоўцамі, якія працуюць у дзяржаўных структурах, у іх ёсць меркаванне, што мы пускаем людзей, якіх не праверылі належным чынам. Гэта тычыцца і тых IT-спецыялістаў, ад якіх першапачаткова чакаўся ўнёсак у развіццё літоўскай эканомікі, а потым аказалася, што, магчыма, дзверы засталіся адчыненымі. Такое стаўленне пануе цяпер сярод некаторых літоўскіх назіральнікаў, каментатараў і нават людзей у дзяржаўных структурах: магчыма, дзверы былі адчыненыя занадта шырока.

Калі будзе больш такіх выпадкаў, як гісторыя з высылкай дваццаці інфарматыкаў з Беларусі, калі такія сітуацыі будуць паўтарацца, гэта яшчэ больш будзе спрыяць змене падыходу, будзе адбывацца звужэнне магчымасцяў уезду і легалізацыі знаходжання для беларусаў у Літве, перакананы палітолаг Дамінік Вільчэўскі з парталу «Przegląd Bałtycki».

Размаўляў Юры Ліхтаровіч