Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

ААН: «зграя паразітаў», «дрэнных людзей» ці жыццёва важная пляцоўка сусветнай палітыкі?

01.10.2026 15:56
Марныя бюракраты, няздольныя спыніць войны, геапалітычны інструмент магутных дзяржаваў — такія акрэсленні часта гучаць у адрас Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
Аўдыё
  • ААН: рэфармаваць ці ліквідаваць?
    -   -
Генеральная Асамблея ААН у штаб-кватэры ААН у Нью-ЁркуREUTERS

Усё часцей міжнародная супольнасць дамагаецца рэформы гэтай арганізацыі. У сваю чаргу эксперты падкрэсліваюць важнасць ААН, як цэнтральнага элемента сусветнай дыпламатыі.
У верасні ў Нью-Ёрку прайшла 81-я сесія Генеральнай Асамблеі ААН, якая завершылася дэбатамі на высокім узроўні, што прайшлі з 22 па 28 верасня 2026 года ў штаб-кватэры ААН.

Сёлета цэнтральнай тэмай дэбатаў было аднаўленне даверу ды кіраванне трансфармацыяй арганізацыі, каб яна працавала на карысць усіх. Аднак больш чым пра аднаўленне даверу ў Нью-Ёрку казалася пра неэфектыўнасць ААН у перадухіленні глабальных канфліктаў ды структурны параліч арганізацыі. Аргентынскі прэзідэнт Хаўер Мілей назваў арганізацыю паразітам.

— Іншымі словамі, мы маем дачыненне з марнай арганізацыяй, адзіная мэта якой — утрымліваць зграю смяротна самаўпэўненых паразітаў, што прыкідваюцца добранамернымі бюракратамі.

Прэзідэнт Кеніі Рута паскардзіўся на тое, што ў арганізацыі дамінуюць элітны накторых краін ды ігнаруецца голас іншых, у першую чаргу афрыканскіх дзяржаў.

— Нельга называць сябе Арганізацыяй Абʼяднаных Нацый, ігнаруючы пры гэтым голас 54 дзяржаў. Хачу папярэдзіць: Афрыка не будзе заставацца пасіўнай арэнай для новага падзелу рэсурсаў.

Не менш крытыкі гучала і ў адрас Рады бяспекі ААН ды права вета. Пра гэта казалі, між іншым, прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган і прэм’ер-міністр Японіі Санаэ Такаіці.

— Структура, у якой воля больш як 190 краін залежыць ад прыхамаці пяці краін. Прызнайма, у гэтым няма аніякай справядлівасці, і гэта не спрыяе ўмацаванню даверу. Рада бяспекі ААН павінна быць рэфармаваная згодна з прынцыпам, што свет нашмат большы чым пяць краін.

— Пастаянны сябра Рады бяспекі, які павінен несці дадатковую адказнасць за мір і бяспеку міжнароднай супольнасці, пачаў агрэсію супраць іншай краіны ды выкарыстоўвае сваё права вета ў рэзалюцыях, якія тычацца ягоных дзеянняў. У такіх абставінах нам не застаецца нічога іншага як сказаць, што Рада бяспекі не ў стане падтрымліваць міжнародную бяспеку.

Таксама з крытыкай Расіі падчас прамовы на 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Абʼяднаных Нацый выступіў прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі, які заявіў, што агрэсіўныя дзеянні Расіі павінны быць асуджаныя і названыя сапраўдным імем.

— Як прадстаўнік дзяржавы, якая мае Расію за суседа, я хачу выразна зазначыць, што гэта не мы шукаем канфрантацыю. Мы ўзмацняем хаўрусы, мадэрнізуем армію не дзеля таго, каб весці вайну, а каб яе прадухіліць. Наша мэта — стрымліванне ды абарона, у тым ліку базавых каштоўнасцяў, якія ляжаць у падвалінах ААН — свабоды ды суверэнітэту.

Сярод іншых канфліктаў, якія не можа вырашыць ААН, называлася ізраільска-палесцінскае супрацьстаянне. Прэмʼер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху выступаў у Нью-Ёрку амаль перад пустой залай Генеральнай Асамблеі ААН. Паводле слоў эксперта па міжнародных справах Міхала Урбанчыка, гэтая форма пратэсту вельмі прыкметная, але не мае практычнага эфекту. Арганізацыя Абʼяднаных Нацый не мае рэальнай улады змяніць палітыку Ізраілю.

— Гэта паказвае, што палітыка Ізраіля сустракаецца з усё большым асуджэннем на міжнароднай арэне. Але Ізраіль гэта ігнаруе, лічачы, што цяпер настаў такі момант, калі можа сабе ўсё дазволіць. Прыходзіць увесь час інфармацыя пра тое, што ізраільскія пасяленцы займаюць усё новыя і новыя тэрыторыі. Гэта палітыка будзе працягвацца. На жаль, ААН не мае ніякіх інструментаў, каб прымусіць да змены.

Камісія ААН па расследаванні афіцыйна назвала дзеянні Ізраілю ў Сектары Газа генацыдам у мінулым годзе. Два гады таму Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт Біньяміна Нетаньяху. Дарэчы, гэты крок выклікаў бурную крытыку з боку прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які заклікаў дзяржавы-чальцы Міжнароднага крымінальнага суда выйсці з гэтай установы.

— Яны дрэнныя людзі. Я заклікаю ўсе дзяржавы-чальцы Міжнароднага крымінальнага суда неадкладна і афіцыйна выйсці з гэтай установы, якая дзейнічае па-за законам. Гэтак жа недапушчальна, што сярод столькіх рэальных злачынстваў па ўсім свеце высокапастаўленыя чыноўнікі ААН па правах чалавека марнуюць час на крытыку Злучаных Штатаў за абарону нашых дзяцей ад трансгендэрнага варʼяцтва і выкананне нашых іміграцыйных законаў.

Ці слушная гэтая крытыка і што трэба зрабіць з ААН: рэфармаваць ці ліквідаваць, мы запыталіся ў даследчыка доктара паліталогіі з Гданьскага ўніверсітэту Аляксандра Казака.

— Гэта крытыка не толькі абгрунтаваная, яна заслабая. Зараз адказнасці і кампетэнцыі ААН скараціліся літаральна да таго, каб сустрэцца нешта задэклараваць, і на гэтым усё канчаецца. Вырашэння нейкіх праблемаў або станоўчыя кансультацыі для вырашэння праблемаў ужо не адбываюцца. Зараз абсалютна сэнсоўна паставіць пытанне, аб тым наколькі неабходны ўвогуле гэты орган, інстытут у тым выглядзе, у якім ён ёсць. Не кажучы пра пытанне Рады бяспекі ААН і вечнага расійскага ветавання чаго заўгодна, што не адпавядае інтарэсам Расіі ці яе сатэлітаў. Я б хацеў, каб арганізацыя рэфармавалася, але асабіста на маю думку, узнікаюць вельмі моцныя сумневы адносна таго, наколькі ААН можна рэфармаваць. Сумневы вынікаюць з сённяшніх сусветных падзелаў. Цяпер міжнародныя пытанні можна вырашаць або нейкімі лакальнымі дамоўленасцямі паміж краінамі, або са Злучанымі Штатамі ў якасці шэрыфа свету. Але тут яшчэ адна праблема ўзнікае — страта аўтарытэту ды крызіс амерыканскіх каштоўнасцяў.

У сваю чаргу прафесар Оксфардскага ўніверсітэту Джэймс Кер-Ліндсэй перакананы, што, нягледзячы на крытыку, ААН патрэбная.

— Хоць міжнародныя арганізацыі адыгрываюць ключавую ролю ў сучаснай сусветнай палітыцы, іх часта крытыкуюць за адсутнасць канкрэтных вынікаў. Яны рэдка спыняюць войны і, здаецца, не здольныя стрымаць вялікія дзяржавы, якія настойліва рэалізуюць уласныя інтарэсы. Аднак гэта зусім не азначае, што яны бескарысныя. Акрамя таго, што яны даюць лідарам магчымасць агучыць свае пазіцыі па важных пытаннях, яны забяспечваюць жыццёва важную пляцоўку для сустрэч на высокім узроўні, якія ў іншым выпадку не адбыліся б. У гэтым сэнсе яны застаюцца цэнтральным элементам сусветнай дыпламатыі.

На сённяшні дзень дамінуе падыход па рэфармавання ААН, а не ліквідацыі. Ёсць шэраг розных прапаноў, большасць з якіх тычыцца рэформы Рады Бяспекі. Напрыклад, Бразілія, Германія, Індыя і Японія актыўна выступаюць за павелічэнне колькасці месцаў у Радзе да 25, дзе з’явіцца шэсць новых пастаянных месцаў для краін групы G4 і дзве афрыканскія дзяржавы. У сваю чаргу афрыканскія дзяржавы патрабуюць павелічэння колькасці месцаў да 26, у тым ліку прадстаўлення Афрыцы двух пастаянных месцаў з поўным правам вета.

Юры Ліхтаровіч