Пасля анексіі Крыма Крэмль прызначыў мільярды на будаўніцтва пераправы, якая павінна была замацаваць незаконны захоп паўвострава і паказаць, што Крым – назаўсёды расійскі. Аднак паслядоўныя ўкраінскія ўдары ператварылі адзін з найважнейшых сімвалаў расійскай прапаганды ў слабае месца Расіі. Чаму Крымскі мост са стратэгічнай перавагі пераўтварыўся ў дарагую праблему?
У ноч з 16 на 17 лістапада 2026 года Украінскія ўзброеныя сілы зноў атакавалі Крымскі мост. Былі пашкоджаныя элементы аўтамабільнай пераправы і чыгуначнай інфраструктуры, з'явілася таксама інфармацыя пра частковы абвал часткі канструкцыі – аркі.
Значэнне моста выходзіць далёка за межы яго транспартнай функцыі. Пасля незаконнай анексіі Крыма ў 2014 годзе Расіі спатрэбілася сталае злучэнне з акупаваным паўвостравам, каб пазбыцца ад залежнасці ад тэрыторый, якія кантралюе Украіна. Да расійскай агрэсіі самыя зручныя аўтамабільныя і чыгуначныя маршруты праходзілі праз Херсонскую вобласць, у тым ліку праз Перакопскі перашыек і Чангар.
Будаўніцтва пераправы праз Керчанскі праліў павінна было вырашыць гэтую праблему. Адначасова Крэмль прадстаўляў яе як доказ трываласці расійскай прысутнасці ў Крыме, спрабуючы замацаваць уяўленне пра незваротнасць анексіі, якую міжнародная супольнасць не прызнае.
У маі 2018 года Уладзімір Пуцін асабіста ўрачыста адкрыў аўтамабільную частку моста, праехаўшы па ёй за рулём грузавіка КамАЗ. Падзею шырока транслявалі расійскія дзяржаўныя СМІ. Чыгуначнае злучэнне запусцілі ў снежні 2019 года. Агульны кошт інвестыцыі склаў каля 228 мільярдаў рублёў, або прыкладна 3,1 мільярда еўра паводле курсу 2018 года.
Асаблівае ваеннае значэнне мела чыгуначная частка моста. Да пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў лютым 2022 года Расія выкарыстоўвала гэтую сувязь, каб перакідваць у Крым ваенную тэхніку, паліва, боепрыпасы і іншыя матэрыялы. Паўвостраў стаў адным з галоўных плацдармаў расійскага наступу на поўдні Украіны.
Першы сур'ёзны напад на мост адбыўся 8 кастрычніка 2022 года. Выбух грузавіка пашкодзіў аўтамабільную частку пераправы і выклікаў пажар чыгуначнага саставу з палівам. У ліпені 2023 года Украіна атакавала мост з дапамогай марскіх дронаў Sea Baby. У сваю чаргу, у чэрвені 2025 года СБУ (Служба бяспекі Украіны) паведаміла пра падводную аперацыю, накіраваную супраць апор моста.
Паводле слоў тагачаснага кіраўніка СБУ Васіля Малюка, да першых паспяховых украінскіх атак праз мост штодня праходзілі ад 42 да 46 цягнікоў з узбраеннем і боепрыпасамі. У сакавіку 2024 года ён казаў, што пасля ўдараў гэтая колькасць скарацілася да чатырох-пяці цягнікоў у дзень, пераважна грамадзянскага прызначэння. Гэтыя звесткі не атрымалі незалежнага пацвярджэння.
Такім чынам, украінскія аперацыі паступова ўскладняліся: ад выбуху грузавіка — да выкарыстання марскіх дронаў і падводных выбуховых прыстасаванняў, а затым да скаардынаванага прымянення ракетнага ўзбраення і беспілотных сістэм. У гэтым сэнсе гісторыя атак на Крымскі мост стала своеасаблівым адлюстраваннем тэхналагічнай эвалюцыі вайны.
Наступныя атакі прымушалі Расію абмяжоўваць рух, праводзіць рамонтныя работы і ўзмацняць ахову аб'екта. Яны таксама павялічвалі выдаткі на ўтрыманне пераправы, хоць іх агульны памер не паведамляецца.
Адначасова з пачатку поўнамаштабнай вайны змянілася значэнне Крымскага моста для расійскай лагістыкі. Пасля захопу часткі поўдня Украіны Расія атрымала сухапутны калідор у Крым праз акупаваныя тэрыторыі Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей.
Развіццё аўтамабільных дарог і чыгуначных злучэнняў на гэтым маршруце зменшыла залежнасць расійскай лагістыкі ад пераправы праз Керчанскі праліў. Таму нават сур'ёзнае пашкоджанне моста не азначае аўтаматычнага спынення ваенных паставак у Крым.
Аднак альтэрнатыўныя маршруты таксама застаюцца ўразлівымі для ўкраінскіх удараў. Абмежаванне прапускной здольнасці Крымскага моста можа павялічыць нагрузку на гэтыя шляхі, падоўжыць час транспарціроўкі і ўскладніць арганізацыю паставак.
Таму канчатковае значэнне апошняй аперацыі будзе залежаць перш за ўсё ад маштабу і працягласці парушэнняў аўтамабільнага і чыгуначнага руху, а таксама ад здольнасці Расіі выкарыстоўваць альтэрнатыўныя маршруты.
Пры гэтым мост застаецца аб'ектам асаблівага палітычнага значэння. Крэмль зрабіў яго адным з галоўных сімвалаў незаконнай анексіі Крыма. Чарговыя ўкраінскія атакі паказваюць, што нават узмоцненая ахова не гарантуе бяспекі інфраструктуры такой стратэгічнай важнасці.
З ваеннага пункту гледжання найважнейшымі наступствамі атак з'яўляюцца ўскладненне расійскай лагістыкі і дадатковыя выдаткі на яе абарону. З палітычнага — разбурэнне карцінкі пераправы як сімвала трывалага і бясспрэчнага кантролю Расіі над акупаваным паўвостравам.
Расія можа аднаўляць пашкоджаныя часткі моста, але сама інфраструктура не змяняе статусу Крыма з пункту гледжання міжнароднага права: паўвостраў застаецца часткай Украіны.
Аляксандр Паціха
Польскае радыё для замежжа