Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Расія вяртаецца ў сусветны спорт: уплыў грошай і супраціў еўрапейскіх краін

18.11.2026 15:45
Статус расійскіх спартсменаў на міжнароднай арэне застаецца прадметам палітычных і спартыўных спрэчак, заўважальна  паступовае змякчэнне абмежаванняў з боку некаторых спартыўных арганізацый.
Аўдыё
  • Расійскі спорт выходзіць з ізаляцыі: рашэнні федэрацый і супраціў Еўропы
              .
Заўзятары Расіі вітаюць каманду падчас міжнароднага таварыскага футбольнага матчу паміж Расіяй і Венесуэлай у Краснадары. Ілюстрацыйнае фотаEPA/MAXIM SHIPENKOV Dostawca: PAP/EPA.

Гэта вынік расійскага ўплыву і грошай, якія ўздзейнічаюць на прадстаўнікоў некаторых федэрацый, кажа эксперт. Разам з тым існуе і моцны супраціў вяртанню расійскіх і беларускіх спартсменаў у вялікі спорт, у першую чаргу з боку еўрапейскіх краін.

З пачатку года чатырнаццаць міжнародных спартыўных федэрацый знялі абмежаванні на ўдзел расійскіх каманд у міжнародных спаборніцтвах пад нацыянальным сцягам. У 2030 годзе ў Маскве нават плануецца правесці чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы.

Пераважная большасць рашэнняў была прынятая пасля сёлетніх рэкамендацый Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). 7 ліпеня 2026 года МАК адмяніў прыпыненне дзейнасці Расійскага алімпійскага камітэта, уведзенае ў кастрычніку 2023 года, і рэкамендаваў дапусціць расійскіх спартсменаў да Алімпійскіх гульняў 2028 года ў Лос-Анджэлесе.

У канцы кастрычніка Спартыўны арбітражны суд (CAS) у Лазане пастанавіў, што расійскім камандам павінна быць дазволена ўдзельнічаць у спаборніцтвах, арганізаваных Міжнароднай федэрацыяй хакея (IIHF), у тым ліку ў чэмпіянатах свету.

Сярод спартсменаў таксама гучаць галасы ў падтрымку вяртання расіян. Так, у верасні 2026 года былы гулец зборнай Польшчы па валейболе Збігнеў Бартман у інтэрв'ю выданню «Факт» падтрымаў вяртанне расійскіх каманд і суддзяў на міжнародныя спаборніцтвы па валейболе. Ён заявіў: «Рускія мне ніяк не браты, але я лічу, што вельмі добра, што яны вяртаюцца на спаборніцтвы».

Вяртанне расіян у індывідуальныя віды спорту адбываецца ўжо даўно. Пра гэта ў размове з Арлетай Бойка на «Канале свету» казаў Міхал Банасяк.

— У індывідуальных відах спорту расіяне ўжо прысутнічаюць практычна ўсюды. Албанцы ў Парыжы заваявалі першыя два алімпійскія медалі ў гісторыі сваёй краіны. Абодва медалі здабылі барцы, якія раней прадстаўлялі Расію. Украінка Соф'я Лыскун, чэмпіёнка Еўропы і прызёрка чэмпіянату свету па скачках у ваду, напрыканцы 2025 года вырашыла змяніць грамадзянства і цяпер прадстаўляе... Расію.

Сёлета адбыўся сапраўдны пералом у справе вяртання расійскіх спартсменаў у сусветны спорт. Прычыны патлумачыў Польскаму радыё польскі эксперт па ўзаемасувязях паміж спортам і палітыкай, сузаснавальнік Польскага інстытута спартыўнай дыпламатыі Барталамей Банасевіч.

— Можна сказаць, што сёлета адбыўся прарыў. Даволі шмат федэрацый пачалі пагаджацца на вяртанне расіян. Некаторыя — з нацыянальнымі сімваламі, а менавіта сцягам і гімнам, іншыя — без іх. Некаторыя нават вырашылі дапусціць расіян да камандных відаў спорту. Гэта асабліва актуальна для валейбола, гандбола, а цяпер і для хакея. Прычыны гэтых рашэнняў розныя. Некаторыя федэрацыі проста знаходзяцца пад моцным расійскім уплывам. Я маю на ўвазе ў першую чаргу актывістаў, якія падтрымліваюць Расію, асабліва з краін Глабальнага Поўдня. Ёсць таксама выпадкі, калі некаторыя проста лічаць, што вяртанне расіян акупіцца, бо за Расіяй стаяць вялікія грошы. Іншыя ж, як у выпадку з Міжнароднай федэрацыяй хакея, адчулі сябе вымушанымі пайсці на гэта, у дадзеным выпадку праз рашэнне Спартыўнага арбітражнага суда. Раней Спартыўны арбітражны суд таксама прымусіў прыняць аналагічнае рашэнне Міжнародную федэрацыю лыжнага спорту і сноўборда. Памятайма, што Расія — адна з наймацнейшых краін у спорце, і яе вяртанне, несумненна, можа прынесці значныя фінансавыя прыбыткі, якімі спартыўныя арганізацыі маюць намер скарыстацца. Спартсмены з многіх краін таксама не будуць супраць паездкі ў Расію.

Разам з тым эксперт нагадаў, што застаецца яшчэ шмат федэрацый, якія не дазваляюць спартсменам з Расіі спаборнічаць на міжнародным узроўні, пакуль працягваецца расійская агрэсія.

Еўрапейская камісія і шэраг дзяржаў выступаюць супраць нармалізацыі ўдзелу Расіі ў міжнародным спорце да дасягнення міру ва Украіне, заявіла кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас.

— Мы працуем над тым, каб не дапусціць вяртання расійскіх і беларускіх спартсменаў да міжнародных спартыўных спаборніцтваў. З аналагічнай сітуацыяй мы сутыкаемся і ў сферы культуры. Спорт і культура не павінны станавіцца інструментамі для апраўдання расійскай агрэсіі. Мая служба сумесна з Еўрапейскай камісіяй падрыхтуе прапановы аб тым, як захаваць ізаляцыю Расіі ў сусветным спорце. Гэта можа адбывацца паралельна з увядзеннем далейшых санкцый супраць тых, хто знішчае ўкраінскую культурную спадчыну.

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заклікаў спыніць выдачу расіянам турыстычных шэнгенскіх віз і выступіў за абмежаванне выдачы віз асобам, звязаным з расійскім рэжымам, расійскім спартсменам і вайскоўцам, якія ўдзельнічалі ў агрэсіі супраць Украіны.

— Санкцыі — гэта тое, што трэба пастаянна абнаўляць, таму што спіс суб'ектаў, якія, напрыклад, гандлююць нафтай або транспартуюць яе, пастаянна змяняецца. Ціск павінен аказвацца на агрэсара, а не на ахвяру агрэсіі. Калі Расія ажыццяўляе дзяржаўны тэрарызм, дзяржавы маюць права прымаць меры, якія забяспечаць бяспеку іх грамадзян. І мне здаецца, што кожны такі акт агрэсіі ўзмацняе аргументы на карысць абмежаванняў у дачыненні да расійскай дыпламатыі або расійскіх грамадзян.

Прэм'ер-міністр Канады Марк Карні таксама заявіў, што Канада не дапусціць расійскіх і беларускіх хакеістаў да ўдзелу ў моладзевым чэмпіянаце свету. Забарона будзе дзейнічаць, пакуль працягваецца вайна Расіі супраць Украіны.

— Скажу ясна: мы не дапусцім удзелу прадстаўнікоў Расіі і Беларусі. Расія і Беларусь падтрымліваюць незаконную, неапраўданую і жахлівую вайну супраць Украіны. Пакуль яна працягваецца, спартсмены з гэтых краін не будуць выступаць у Канадзе. Таму скажу канкрэтна пра чэмпіянат свету сярод юніёраў: расіян там не будзе.

Улады Нарвегіі і Эстоніі паведамілі, што не будуць дапускаць беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў, пакуль працягваецца вайна ва Украіне. Швецыя таксама разглядае магчымасць адмовіць ў выдачы віз беларускім і расійскім спартсменам.

У лістападзе 2026 года з'явіліся паведамленні аб падрыхтоўцы 22-га пакета санкцый ЕС, які прадугледжвае візавыя і іншыя абмежаванні ў дачыненні да расійскіх спартсменаў.

Такім чынам, статус расійскіх і беларускіх спартсменаў на міжнароднай арэне ў найбліжэйшыя гады, верагодна, застанецца прадметам спрэчак.

Юры Ліхтаровіч