Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Адсутнасць рэакцыі — наша слабасць». Як Польшча павінна адказаць на расійскія правакацыі

24.11.2026 15:30
Як мінімум неабходна склікаць нараду НАТА паводле 4-га артыкулу.
   .
Месца падзення расійскай ракеты.PAP/Wojtek Jargiło

У выданні Rzeczpospolita апублікаваны каментар аўтарства Марэка Казубаля (Marek Kozubal) на тэму здарэння, якое мела месца некалькі дзён таму, калі на тэрыторыі Польшчы ўпалі тры крылатыя ракеты. Тое, што ніхто не загінуў — сапраўдны цуд. Пракурор пацвердзіў, што снарады былі расійскімі, а віцэ-прэм'ер Уладзіслаў Касіняк-Камыш дадаў, што «супадзенне» гэтых падзей з вучэннямі «Кааліцыі ахвотных» на палігоне Нова-Дэмба «не з'яўляецца выпадковым».

Палітыкі выказалі традыцыйнае абурэнне, абмеркавалі ўмацаванне абароны ў межах місіі «Усходні вартавы» (Eastern Sentry). Гэта спроба стварыць супрацьракетны шчыт ва ўсходняй Польшчы, які непазбежна застанецца дзіравым і не зможа эфектыўна спыніць расійскія ракеты. Фактычна, гэта адзіны адчувальны вынік пасяджэння Паўночнаатлантычнай рады ў Бруселі, — піша аўтар.

На ягоную думку, з польскага боку павінна быць вельмі жорсткая рэакцыя. Як мінімум неабходна склікаць нараду НАТА паводле 4-га артыкулу. «Наша адсутнасць рэакцыі гаворыць аб нашай слабасці», — цытуе Казубаль генерала Яраслава Грамадзіньскага (Jarosław Gromadziński). Гэта заахвоціць Крэмль да чарговых правакацый. Гэта ўжо чарговае дзеянне Расіі, на якое не было рашучай польскай рэакцыі — пасля падзення летам расійскай ракеты непадалёк ад Любліна і спробы падпалу станцыі Starlink. Магчыма, польскія ўлады рэагавалі так стрымана пад уплывам амерыканскіх дыпламатаў, якія не хацелі раздражняць Трампа.

Які павінен быць адказ Польшчы? Трэба пачынаць з малога і паступова пераходзіць да больш вострых дзеянняў. Першае — выклікаць пасла Расіі ў польскае МЗС, наступны крок — нота пратэсту ў ААН, а чарговыя дзеянні павінны быць больш балючыя. Гэта можа быць абмежаванне дыпламатычнага персаналу Расіі, а пазней высылка пасла з Польшчы. Таксама можна на нейкі час закрыць мяжу з Расіяй, як зрабілі Эстонія і Фінляндыя.  І дамовіцца з Украінай аб канкрэтных кроках, як павінна паступаць Польшча — ці яна можа збіваць расійскія ракеты яшчэ над украінскай тэрыторыяй, калі яны ляцяць у напрамку польскай мяжы.

Адсутнасць рэакцыі падштурхоўвае Пуціна да яшчэ больш маштабнай і крывавай правакацыі, аслабляе таксама пазіцыю Польшчы ў магчымых перамовах пра вайну ва Украіне.

нг