Беларуская Служба

Дзень пажарнай службы ў Мінску адсвяткавалі яскравым парадам

22.07.2019 09:44
Дзень пажарнай службы ратаўнікі адзначаць толькі ў чацвер, 25 ліпеня, але маштабнае святкаванне было вырашана ўжо па сталай традыцыі правесці ў апошнюю суботу перад знамянальнай датай.
Парадны разлік Фота: Газета ''Звязда''


Дзень пажарнай службы ратаўнікі адзначаць толькі ў чацвер, 25 ліпеня. Але маштабнае святкаванне было вырашана ўжо па сталай традыцыі правесці ў апошнюю суботу перад знамянальнай датай, піша газета ''Звязда'' Разлік быў скіраваны на тое, каб у парку Горкага і яго ваколіцах уздоўж праспекта Незалежнасці сабралося як мага больш людзей. Перад іх вачыма літаральна крыху больш чым за 20 хвілін ужывую праехала ўся гісторыя пажарнай справы ў нашай краіне. Святу спрыяла і надвор’е – парад адбываўся ў цёплы сонечны дзень, які пакуль што рэдкасць у гэтым ліпені.

Святкаванне пачалося з праходжання парадных разлікаў. Перад публікай ішлі сцягавыя групы, курсанты Універсітэта грамадзянскай абароны, афіцэры Мінскага абласнога і гарадскога ўпраўленняў у баявой вопратцы, прадстаўнікі Беларускага дабравольнага пажарнага таварыства, юныя ратаўнікі, ветэраны пажарнац службы. 

А затым рух пачала калона тэхнікі. На чале яе быў коннік у чорнай форме пажарнага 19 стагоддзя ў даўняй касцы з меднай трубой. За ім паехаў воз з бочкай на борце і званочкам – менавіта так выглядаў транспарт брандмайстараў у дааўтамабільную эпоху. А затым з’явіліся экспанаты эпохі пажарнай аховы СССР, якія знаёмы людзям больш сталага ўзросту – матацыклы, старэнькія аўтацыстэрны, перапампавальныя станцыі… Адна з аўтацыстэрн размяняла ўжо сёмы дзясятак год. У параўнанні з сучаснымі грузавікамі, якія вязуць на сабе за раз 10-12 тон вады, гэтая пажарная тэхніка здаецца лялечнай. Але і на яе рахунку не адна тысяча патушаных пажараў і выратаваных жыццяў.

Парадную частку скончыў плац-канцэрт узводу ганаровай варты Універсітэта грамадзянскай абароны ў суправаджэнні духавога аркестру Мінскага гарадскога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях.

А затым эпіцэнтр свята перамясціўся ў парк Горкага на акваторыю Свіслачы. Авіятары і вадалазы зладзілі цэлую выратавальную аперацыю. Было чым заняцца і дзецям – ім дазвалялі пацэліць вадой з пажарнага ствала, узняцца на вышыню ў баявой экіпіроўцы, паказвалі, як правільна паводзіць сябе ў задымленай палатцы і сфатаграфавацца разам з лабрадорамі з кіналагічнага падраздзялення, паўдзельнічаць у шматлікіх конкурсах.

эж