Беларуская Служба

Міхаіл Мясніковіч: Расійскі бізнес выводзіць капітал з Беларусі

26.07.2019 13:24
Уводзіць адзіную валюту Мясніковіч на сёння неабходнасці не бачыць, бо няма роўных умоваў для суб'ектаў гаспадарання і ўніфікаванага заканадаўства.
           , ,  2019
Міхаіл Мясніковіч падчас размовы з журналістам Беларускай службы Польскага радыё Валерыем Саўко, Варшава, люты 2019 годафота: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Беларусь не можа не заўважаць, што расійскі бізнес выводзіць капітал з нашай краіны, заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч у праграме «Маркаў. Нічога асабістага» на тэлеканале ОНТ. Пра гэта паведамляе «Еўрарадыё».

«Тое, што частка чыстага прыбытку выводзіцца матчынымі кампаніямі, не супярэчыць нашым дамоўленасцям з расійскім бізнесам, не супярэчыць нашаму нацыянальнаму заканадаўству, не супярэчыць міжнароднаму праву. Але пажадана, каб прыбытак, зароблены тут, накіроўваўся ў першую чаргу на развіццё тых вытворчасцей і магутнасцяў, якія ствараюць гэты прыбытак. У першую чаргу павінна быць рэінвеставанне», – агучыў сваё меркаванне Мясніковіч.

Гаворка ішла пра такія кампаніі, як ААТ« Газпрам трансгаз Беларусь », МТС, Брэсцкі завод газаапаратаў ды шэраг іншых.
Гаворачы пра беларуска-расійскія адносіны, ён заявіў, што няма неабходнасці пераглядаць дамову пра Саюзную дзяржаву. На думку Мясніковіча, беларуская і расійская працоўныя групы, якія абмяркоўваюць гэтую праблематыку, да 8 снежня рэальна могуць зняць усе пытанні.

А вось уводзіць адзіную валюту Мясніковіч на сёння неабходнасці не бачыць, бо няма роўных умоваў для суб'ектаў гаспадарання і ўніфікаванага заканадаўства. «Гэта будзе проста халасты стрэл, калі нават не горш. Гэта можа быць на шкоду», – мяркуе ён.

вс