Беларуская Служба

Вадзім Саранчукоў узнагароджаны памятным знакам імя Віктара Івашкевіча

28.07.2019 10:12
Знак заснаваны Партыяй БНФ і ўручаецца штогод 27 ліпеня, у гадавіну прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.
Вадзім Саранчукоўhttps://novychas.by/hramadstva/vadzim-saranczukou-suprac-belarus-4-czyja-vozme

Намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў узнагароджаны памятным знакам імя Віктара Івашкевіча,- паведамляе БелаПАН.

Знак заснаваны Партыяй БНФ і ўручаецца штогод 27 ліпеня, у гадавіну прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, за арганізацыю найбольш значных масавых акцый. Саранчукоў узнагароджаны за арганізацыю ў Гродне 23 сакавіка святкавання 101-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Я рады, што гэтая акцыя аб'яднала і гродзенцаў, і мінчукоў, прадстаўнікоў розных палітычных партый і грамадскіх рухаў», – заявіў, уручаючы знак, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў,».

Уладальнік узнагароды вызначаны ў шосты раз. Год таму знакам быў узнагароджаны заснавальнік культурнай пляцоўкі «Арт Сядзіба» і крамы symbal.by Павел Белавус, да гэтага – ветэран нацыянальнага руху Ніна Багінская, лідар не зарэгістраванай у Беларусі грамадскай арганізацыі «Альтэрнатыва» Алег Корбан, кінарэжысёр і грамадскі дзеяч Вольга Нікалайчык і Зміцер Дашкевіч.

Памятны знак быў заснаваны Партыяй БНФ у студзені 2014 года ў памяць пра вядомага апазіцыйнага палітыка Віктара Івашкевіча, які памёр на 55-м годзе жыцця ў кастрычніку 2013 года пасля цяжкай і працяглай хваробы. Знакам узнагароджваюць асоб, групы асоб ці арганізацыі, якія былі ініцыятарамі або арганізатарамі найбольш значных масавых акцый, у тым ліку мітынгаў, дэманстрацый, пікетаў, шэсцяў, аўта- або велапрабегаў.

яс