Беларуская Служба

Мінск запрапанаваў Еўрапейскаму інвестыцыйнаму банку адкрыць у Беларусі прадстаўніцтва

05.08.2019 13:19
За апошнія паўтара года ЕІБ ужо выдзеліў 335 млн еўра на крэдытаванне праектаў у краіне.
Mińsk
Mińskpixabay.com

Аб гэтым паведаміў журналістам віцэ-прэзідэнт ЕІБ Вазіл Худак па выніках сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прапанова адкрыць прадстаўніцтва ЕІБ паступіла з боку Міністэрства эканомікі Беларусі.

- Мы ўдзячныя за гэту прапанову з боку дзяржавы і ўрада Беларусі. Але адкрыць прадстаўніцтва – гэта нялёгкае рашэнне, яго трэба прадумаць. Мы не маем прадстаўніцтваў у кожнай краіне, дзе працуем, таму на гэта трэба паглядзець з пункту гледжання развіцця прадстаўніцтваў ЕІБ за мяжой у цэлым, – сказаў Вазіл Худак. – Але калі глядзець з пункту гледжання дынамікі адносін з Беларуссю, глядзець наперад (а мы думаем, што будзем укладваць у Беларусь мінімум 200-300 млн еўраў штогод), то гэта пытанне сапраўды перспектыўнае, і кіраўніцтва банка будзе гэтым займацца да канца года.

Развіццё дзейнасці ў Беларусі Вазіл Худак ацэньвае як вельмі актыўнае і плённае. За апошнія паўтара года ЕІБ ужо выдзеліў 335 млн еўра на крэдытаванне праектаў у краіне, а да канца года гэта сума можа ўзрасці да паўмільярда еўра.

Фінансаванне праектаў у Беларусі Еўрапейскі інвестыцыйны банк вядзе з 2018 года. Першымі былі падпісаны крэдытныя пагадненні аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (на суму 50 млн еўра з ААТ «Белаграпрамбанк» і 25 млн еўра з ААТ «Беларусбанк»), а таксама аб рэканструкцыі Мінскай водаачышчальнай станцыі на суму 84 млн еўра. У ліпені бягучага года падпісаны яшчэ два пагадненні – аб фінансаванні праекта па павышэнні эфектыўнасці і якасці камунальных паслуг (66 млн еўра) і па мадэрнізацыі аўтадарогі М7 Мінск – Ашмяны – граніца Літвы з далейшай рэканструкцыяй аўтадарожнага пункта пропуску «Каменны Лог» (110 млн еўра).

ав