Беларуская Служба

Беларусь і Еўразвяз могуць падпісаць пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму восенню

05.08.2019 14:54
Пра гэта расказала кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ Андрэа Віктарын, якая завяршае сваю дыпмісію ў Мінску.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnePixabay

Беларусь і Еўразвяз могуць падпісаць пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму восенню гэтага года, паведаміла кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ Андрэа Віктарын, якая завяршае сваю дыпмісію ў Мінску, паведамляе Інтэрфакс.

«Мы завяршылі ўсе перамовы па тэксце пагаднення ў чэрвені. Зараз дакумент праходзіць унутрыдзяржаўныя працэдуры ўзгаднення ў Беларусі і ў ЕЗ. На сустрэчы з міністрам Макеем (кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем, сустрэча была 29 ліпеня – ІФ) мы казалі пра тое, што падпішам пагадненне восенню», – сказала Віктарын у інтэрв'ю агенцтву БелаПАН.

«Дакладная дата яшчэ не вызначана, але павінна ж я пакінуць нейкую працу для свайго пераемніка. Я цвёрда ўпэўненая, што гэты дакумент мы падпішам», – заўважыла пасол.

Яна таксама не выключыла, што для заключэння гэтага пагаднення ў Мінск можа прыехаць прадстаўнік Еўрапейскага звязу па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні.

«Такая магчымасць разглядаецца, абмяркоўваюцца даты, якія неабходна ўзгадніць. Але ў яе ёсць імкненне наведаць Беларусь», – сказала Віктарын.

Раней амбасадар паведамляла, што пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўразвязам плануецца падпісаць да 2 лютага 2020 года, калі ўступаюць у сілу змены ў візавы кодэкс ЕЗ. У адпаведнасці са зменамі кошт шэнгенскай візы павялічыцца з 60 да 80 еўра. Разам з тым, спросціцца атрыманне віз для законапаслухмяных падарожнікаў. Таксама заяўнікам з добрай візавай гісторыяй будзе прасцей атрымаць шматразовыя візы на тэрмін ад 1 года да 5 гадоў.

У беларускім МЗС у сваю чаргу заяўлялі, што разлічваюць на падпісанне пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕЗ да канца бягучага года. Гэта дазволіць знізіць кошт візаў для беларусаў у краіны ЕЗ да 35 еўра.