Адмена паставак расійскага паліва ў Беларусь з-за «растваральных» схем прывяла да страт для беларускага бюджэту на акцызах на маторнае паліва. Пра гэта сведчаць дадзеныя эканамічнага аглядальніка Дзмітрыя Івановіча з бюджэту Беларусі, якія ён атрымаў ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай, - паведамляе Еўрарадыё.
У 2017 годзе паступленні ў бюджэт ад акцызаў на імпартаванае з Расіі аўтамабільнае паліва склалі 169,3 млн. руб. За 2018 год дадзеныя ў адкрытым доступе адсутнічаюць, аднак, як паведаміў Дзмітрый Івановіч, у мінулым годзе бюджэт атрымаў ад паліўных акцызаў 93,4 млн. рублёў.
Са снежня 2018 года пастаўкі ў Беларусь расійскага аўтабензіну, дызельнага паліва і мазуту спыніліся цалкам. Абмежаванні Расія ўвяла з-за страт свайго бюджэту ў сувязі з магчымым рээкспартам нафтапрадуктаў з тэрыторыі Беларусі.
Як вынік, у праекце бюджэту на 2019 г. паступленні ад акцызаў на расійскае паліва не прадугледжаныя зусім. А значыць, Беларусь толькі ў параўнанні з 2018 годам страціць на паліўных акцызах амаль 50 мільёнаў долараў.
Раней Беларусь імпартавала паліва з Расіі і прадавала яго ўнутры краіны, а вырабленыя на сваіх НПЗ нафтапрадукты прадавала на экспарт і атрымлівала за гэта экспартную пошліну ў свой бюджэт.
З канца 2019 года, згодна з падпісаным 10 кастрычніка 2018 года дакументам Беларусь можа імпартаваць з Расіі толькі тыя нафтапрадукты, якія не вырабляюцца ў рэспубліцы.
яс