Беларуская Служба

Валянціна Андрэева: Я мару выдаваць кнігі, якія падлеткі хаваюць ад бацькоў

09.06.2026 10:27
Падлеткавая літаратура на беларускай мове — гэта велізарная дзіра. 
Аўдыё
  • Валянціна Андрэева: Я мару выдаваць кнігі, якія падлеткі хаваюць ад бацькоў
Валянціна Андрэеваархіў Беларускай Службы Польскага Радыё

З увагі на абмежаваныя рэсурсы і немагчымасць прадаваць кнігі ў Беларусі для беларускіх незалежных выдавецтваў гэта сур’ёзны выклік.

Гэта вельмі добра разумее выдавец, заснавальніца беларускага выдавецтва ў Польшчы «Gutenberd Publisher» Валянціна Андрэева. Яна лічыць гэта вельмі важным і патрэбным сегментам. Яе выдавецтва прыкладае мноства намаганняў, каб перыядычна выдаваць кнігі для падлеткаў.

— Мы добра спраўляліся з літаратурай для дзяцей, у нас заўсёды была добрая прапанова. Пакуль бацькі гэтыя кнігі прыносяць дадому, дзеці іх чытаюць. Але падлеткаў мы губляем, гэта страчаная частка нашай беларускай супольнасці. Падлеткі не маюць чаго чытаць па-беларуску: пра няправільнае, бунтарскае, сваё падлеткавае, каб шукаць досвед. Гэта велізарная дзіра, якую я намагаюся запоўніць. Таму мы паклалі безліч высілкаў і рэсурсаў, каб выдаць раман Марыям Петрасян «Дом, у якім», каб пачаць гаварыць з падлеткамі на іх мове. Я мару выдаваць тыя кнігі, якія падлеткі хаваюць ад бацькоў і чытаюць па-партызанску ў расійскіх перакладах. Я мару, каб па-беларуску можна было гаварыць не толькі пра правільныя, але і няправільныя рэчы.

Усе гэтыя кнігі можна знайсці ў спісе забароненых у Беларусі кніг. Напрыклад, гэта серыя кніг Норы Сакавіч, кніга Масян Тунсю «Дабраслаўленне небажыцеляў». Гэта кнігі, якія закранаюць складаную тэму аднаполых стасункаў, у першую чаргу паміж хлопцамі, але ў той жа час яны з’яўляюцца бяспечнай тэрыторыяй для пражывання першай сэксуальнасці дзяўчатамі. Такія кнігі вельмі папулярныя ў свеце, нават у дыктатарскіх краінах такіх, як Кітай, дзе яны таксама забароненыя. І ў Беларусі яны забароненыя. І тым не менш беларускія падлеткі патрабуюць пражыць гэтыя перажыванні ў бяспечнай інтэлектуальнай прасторы, якой можа быць кніга.

Валянціна Андрэева прызнае, што ў цяперашняй рэальнасці выдаванне такой літаратуры  гэта місія, а не заробак.

 Гэта адназначна не бізнес. Гэта адназначна рашэнне людзей рабіць гэта за ўласныя грошы з надзеяй, што падлеткі, якія прачытаюць гэтыя кнігі, усё ж у нас будуць. Магчыма, падлеткі ў эміграцыі прыйдуць да беларускай мовы і прачытаюць. Магчыма, з'явіцца нейкае вакенца пастаўкі кніг у Беларусь. Але не выдаваць такіх кніг я не магу.

Валянціна Андрэева звяртае ўвагу, што сярод айчынных аўтараў моладзевай літаратуры сустракаюцца намаганні даваць парады падлеткам, як рабіць правільна. А гэта, кажа выдавец, не тое, чаго ў такім узросце чакаюць ад кніг.

Поўная размова з Валянцінай Андрэевай  у далучаным гукавым файле.

слухайце аўдыё

ав