Беларуская Служба

Лукашэнка раззлаваў МЗС Кыргызстану

07.08.2019 17:54
Прычынай гэтага стала сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з былым кіргізскім прэзідэнтам Курманбекам Бакіевым.
Prezydent Białorusi Aleksander Łukaszenka
Prezydent Białorusi Aleksander ŁukaszenkaShutterstock.com / exsilentroot

7 жніўня ў Міністэрства замежных справаў Кыргызстану выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Бішкеку Сяргея Іванова, - паведамляе Белсат.

Прычынай гэтага стала сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з былым кіргізскім прэзідэнтам Курманбекам Бакіевым.

Як адзначылі ў МЗС, беларускаму дыпламату выказалі пратэст супраць працягу афіцыйных публічных кантактаў з асуджаным у Кыргызстане Бакіевым.

Таксама ў Бішкеку лічаць «катэгарычна не дапушчальным выкарыстанне падчас гэтай сустрэчы дзяржаўнай сімволікі Кіргізскай Рэспублікі і згадка кіргізска-беларускай дружбы, што ў корані не адказвае прынцыпам сяброўства і супрацы паміж дзвюма дзяржавамі».

МЗС Кыргызстану заклікаў афіцыйны Мінск змяніць свой падыход да гэтай сітуацыі і засяродзіцца на пазітыўным парадку дня двухбаковай супрацы.
Нагадаем, што Курманбек Бакіеў быў зрынуты ў 2010 годзе і неўзабаве апынуўся з беларускім пашпартам у Мінску. У Беларусі ён у дадатак да грамадзянства атрымаў участак у 15 сотак у Драздах, побач з рэзідэнцыяй Лукашэнкі, дзе збудаваў сабе дом коштам у 2 млн долараў. Пры гэтым, прызнаецца беглы прэзідэнт, «на шыі ў беларускай дзяржавы» ён не сядзіць, падпрацоўвае кансультантам, займаецца дзецьмі і ўнукамі. На радзіме ён быў асуджаны на 24 гады зняволення.

Нагодай для сустрэчы 6 жніўня беглага прэзідэнта Кыргызстану з Аляксандрам Лукашэнкам стаў ягоны 70-гадовы юбілей.
яс